У лютым грамадскія прыёмныя разгледзелі больш за 20 зваротаў. Асноўныя нараканні —на якасць рэалізуемай прадукцыі ў асобных гандлёвых пунктах. Напрыклад, у спажыўца з Гродзенскай вобласці былі пытанні да якасці смятаны, а пакупніка з Мінска хвалявала рэалізацыя чэрствага батона. Былі і адзінкавыя звароты аб адсутнасці асобных тавараў, у прыватнасці, кававых напіткаў на аснове ячменю і замарожанай ялавічыны.
Яшчэ адзін зварот паступіў аб наяўнасці насякомых (мукаедаў) у пачку безглютэнавых аўсяных шматкоў, набытых у адным са сталічных магазінаў. Дарэчы, заяўніца скарысталася прадуктам праз працяглы час пасля пакупкі. Пытанне разгледжана з выездам на месца. Пратэрмінаваных бакалейных вырабаў у продажы не выяўлена, а ўстанавіць, кім парушаны ўмовы захоўвання тавару — заяўніцай або магазінам — не прадставілася магчымым.
Трэба адзначыць, што кожны зварот дэталёва аналізуецца. І ў пераважнай большасці адпрацоўваецца менавіта з выездам на месца — прафсаюзныя спецыялісты праводзяць маніторынг гандлёвага аб’екта.
— Такая форма працы, як правядзенне грамадскіх прыёмных, працуе са жніўня мінулага года. І фармат яго, як паказвае практыка, запатрабаваны сярод грамадзян. Спецыялісты не толькі прымаюць скаргі, але могуць і пракансультаваць па пытаннях. Напрыклад, у мінулым месяцы быў запыт інфармацыі аб пераліку сацыяльна значных тавараў і катэгорыях насельніцтва, якія маюць права на скідкі. Спецыялісты на месцы растлумачылі парадак атрымання льгот. Яшчэ адна кансультацыя была неабходна па пытанні магчымасці вяртання ў краму дзіцячага абутку. Раней крама адмовіла спажыўцу ў звароце, бо тавар быў ва ўжыванні. Згодна з заканадаўствам, спажывец на працягу 14 дзён з моманту пакупкі можа вярнуць або абмяняць тавар належнай якасці, калі ён не быў ва ўжыванні, захаваны яго спажывецкія ўласцівасці і ёсць доказы набыцця яго ў дадзенага прадаўца, — расказалі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў.
Трэба адзначыць, што сёння, 6 сакавіка, ва ўсіх абласных і Мінскім гарадскім аб’яднаннях прафсаюзаў будуць працаваць грамадскія прыёмныя па пытаннях сітуацыі на спажывецкім рынку. Пытанні, заўвагі і прапановы прафсаюзныя спецыялісты прымаюць асабіста. Пры гэтым прадугледжаны і іншыя магчымасці для зваротаў: праз спецыяльную анлайн-форму на партале ФПБ «Паведаміць аб сітуацыі з цэнамі» (дадатковая рэгістрацыя ад грамадзян не патрабуецца), а таксама па тэлефоне. Падрабязная інфармацыя, у тым ліку пра месца і час правядзення грамадскіх прыёмных, размешчана на афіцыйным інтэрнэт-партале Федэрацыі прафсаюзаў.