Top.Mail.Ru

Сёння праваслаўныя хрысціяне адзначаюць Уваход Гасподні ў Іерусалім, або Вербную нядзелю (Вербніцу)

Свята прыпадае на вясновы месяц, калі распускаецца вярба — сімвал абуджэння прыроды і духоўнага абнаўлення


Пасля Вербніцы пачынаецца самы строгі тыдзень Вялікага посту — Страсная сядміца. А праз тыдзень праваслаўныя адзначаць галоўнае хрысціянскае свята — Светлае Хрыстова Уваскрэсенне.

Уваход Госпада ў Іерусалім (у народным календары — Вербніца) адносіцца да пераходных свят. Яго дата залежыць ад святкавання Вялікадня і прыпадае на нядзельны дзень за тыдзень да яго, гэта значыць на шостую нядзелю Вялікага посту.

Сутнасць свята заключаецца ў згадванні біблейскай падзеі — урачыстага Уваходу Ісуса Хрыста ў Іерусалім, калі людзі сустракалі яго, высцілаючы дарогу пальмавымі галінкамі. З гэтым звязаны і сэнс свята: Гасподзь прыходзіць у Іерусалім, каб прыняць пакуты на крыжы — за грахі ўсіх людзей. А затым, паводле веравучэння, уваскрэснуць, падараваўшы ўсім вернікам збавенне ад смерці.

Царква акцэнтуе ўвагу на тым, што ў гэты дзень важна маліцца аб выратаванні душы. І калі няма магчымасці прыйсці ў храм, то можна маліцца дома і акрапіць вярбу святой вадой.

Вярба ў якасці ўпрыгожвання на свята замяніла сабой пальмавую галінку, якая ў нашых шыротах не расце. Але і сама вярба шанавалася здаўна нашымі продкамі. Усё, што злучана з ураджаем, узводзілася ў адмысловы культ. Так вясной першай распускаецца вярба, якая стала ў славян сімвалам урадлівасці.

Рыхтавацца да Вербнай нядзелі пачыналі загадзя: арганізоўваліся кірмашы, на якіх прадавалі галінкі вярбы з прывязанымі да іх папяровымі анёлкамі, сувеніры, прысмакі, цацкі і кнігі.
Вернікі і сёння захоўваюць традыцыі свята: прыносяць галінкі вярбы ў храм для асвячэння, падчас службы стаяць з запаленымі свечкамі і галінкамі вярбы.


У гэты дзень здаўна лічылася вельмі важным клапаціцца не толькі пра членаў сям’і, а і пра людзей у цэлым, рабіць добрыя справы.

Да нашых дзён дайшло нямала прымавак, звязаных з гэтым святам. Напрыклад, «Без вярбы — не вясна» ці «Вярба бездараж вядзе, гоніць з ракі апошні лёд».

У беларускім народным календары расказваецца пра традыцыю пабіваць адно аднаго, як дарослых, так і дзяцей, а таксама жывёл, галінкамі вярбы, пры гэтым прыгаворваючы: «Не я б’ю — вярба б’е, каб быў здаровы, як вада, ды багаты, як зямля!». Такім чынам нашы продкі зычылі блізкім дабрабыту і здароўя. Лічылася, што асвечаная вярба мае цудадзейную сілу. Часта асвячоныя галінкі ставілі каля ложка хворага, верачы, што так вылячэнне прыйдзе хутчэй; клалі ў дзіцячыя ложкі — для абароны ад сурокаў.

Асвячоную вярбу захоўвалі ўвесь год. Людзі трымалі яе на ганаровым месцы — за іконай. Значэнне асвячонай вярбы можна параўнаць з грамнічнай свечкай, якой таксама ў Беларусі надаецца вельмі вялікае значэнне. Яна з’яўляецца важным абярэгам сям’і для захавання здароўя, нараджэння дзяцей.

Калі казаць аб прыметах, напрыклад, якія датычацца надвор’я, то глядзелі:

  • калі добра цвіце вярба, ралля будзе ўдалай;

  • на Вербніцу мароз — яравыя хлябы добрыя будуць;

  • калі Вербная нядзеля цёплы дзень, то ў праваслаўны Вялікдзень дрэннае надвор’е. І наадварот;

  • калі ў вярбы буйныя першыя пупышкі, то будзе добры ўраджай;

  • вецер на Вербніцу — да прахалоднага лета;

  • мароз у Вербную нядзелю лічыўся прыкметай таго, што больш позніх маразоў не будзе, і нішто не сапсуе пасевы, і ўраджай будзе добрым.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю