Выстаўка-кірмаш будзе дзейнічаць да 16 сакавіка і стане сапраўдным святам для аматараў якаснай літаратуры. Аб гэтым сведчыць як колькасць экспанентаў — іх больш як 500 з 21 краіны, так і насычаная праграма форуму. Улічваючы, што Беларусь старшынствуе ў органах Еўразійскага эканамічнага саюза, на цэнтральным стэндзе сёлета будзе прадстаўлена інтэрактыўная калектыўная экспазіцыя дзяржаў — удзельніц ЕАЭС, аб’яднаная агульнай тэмай — 80-годдзе Вялікай Перамогі, падзяліліся арганізатары. Таксама на выстаўцы можна будзе пазнаёміцца з культурнымі, літаратурнымі традыцыямі краін, пасольствы якіх адгукнуліся на прапанову беларускага боку: кожны дзень выстаўкі-кірмашу будзе прысвечаны дзяржаве — ўдзельніцы ЕАЭС.
Тэматычныя дні
Так, у рамках Дня Рэспублікі Казахстан пройдуць прэзентацыя культурнага і турыстычнага патэнцыялу Казахстана, вялікая літаратурная сустрэча «Казахстан — Беларусь: мерыдыяны дружбы», у рамках якой прадставяць кнігу Лайлы Ахметавай «1941. Брэсцкая крэпасць. Казахстан». Таксама прагучаць вершы на казахскай і казахскіх аўтараў у перакладзе на рускую і беларускую мовы.
13 сакавіка Пасольства Кыргызскай Рэспублікі сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі правядзе вялікую прэзентацыю, прысвечаную творчасці Чынгіза Айтматава, сумесным выдавецкім праектам.
14 сакавіка, у Дзень Расіі, запланавана шырокая праграма не толькі на расійскім стэндзе, але і на галоўнай сцэне кірмашу, дзе пройдуць выступленні творчых калектываў, музыкантаў і паэтаў з рэгіёнаў Расіі: Башкартастана, Дагестана, Татарстана і Чачні. Таксама на галоўнай сцэне пройдуць сустрэчы з пісьменнікамі — рэзідэнтамі «кніжнага цягніка» — вялікага праекта, які аб’ядноўвае гарады і краіны.
Наступны дзень — Дзень Рэспублікі Беларусь, падчас якога пройдуць прэзентацыі найбольш знакавых выдавецкіх праектаў: «Сімвалы суверэннай Беларусі», «Суперпазіцыя. Паралельныя светы», сустрэча з народным пісьменнікам Беларусі Мікалаем Чаргінцом, урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў 64-га Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі».
А ў апошні дзень выстаўкі, 16 сакавіка, фальклорны ансамбль «Эрэбуні» прэзентуе культурны патэнцыял Арменіі.
Сімпозіум майстроў слова
Насычаную праграму па традыцыі прадставіць Саюз пісьменнікаў Беларусі сумесна з беларускімі выдавецтвамі, ілюстратарамі, творчымі калектывамі. Традыцыйна пісьменнікаў, прадстаўнікоў выдавецкіх колаў, творчай інтэлігенцыі, індустрыі друку краін — удзельніц выстаўкі збярэ Міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час». Сёлета тэмай форуму, які пройдзе 12 сакавіка, стане «Культура і інфармацыя як кірункі развіцця гуманітарнай прасторы».
«Звязда» прапануе
Як распавяла намеснік дырэктара РВУ «Выдавецкі дом «Звязда» Святлана Ганцарэвіч, наведвальнікі нашага стэнда змогуць пазнаёміцца з кніжнымі навінкамі і набыць самую разнастайную літаратуру.
На галоўным стэндзе запланаваны прэзентацыі кніг Мікалая Чаргінца, Аляксандра Радзькова, Валерыі Сцяцко, Людмілы Гладкай, Алесі Кузняцовай. На дзіцячай пляцоўцы з удзелам аўтараў пройдуць прэзентацыі кніг Людмілы Кебіч, Таццяны Сучковай, Іны Фраловай, Тамары Кавальчук і іншых.
Яшчэ на стэндзе выдавецтва пройдуць аўтограф-сесіі з удзелам дзіцячай пісьменніцы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, прэзентацыі і аўтограф-сесія Рагнеда Малахоўскага, Валянціны Быстрымовіч, Ганны Альхоўскай, Сяргея Клімковіча, Віктара Шніпа і Людмілы Рублеўскай.
Вядома, не абыдзецца і без акцый. Так, у рамках выстаўкі ўсе ахвотныя змогуць набыць кнігі па даступнай цане, паўдзельнічаць у віктарыне, прысвечанай 80-годдзю Перамогі, і ў бяспройгрышнай латарэі, а пасля атрымаць памятныя прызы і сувеніры.
У тэму
Арганізатары забяспечылі курсіраванне паэтычнага аўтобуса, што дазволіць усім ахвотным бясплатна даехаць да месца правядзення выстаўкі і падчас паездкі пагутарыць з прадстаўнікамі творчых літаратурных колаў, пачуць дэкламацыю твораў паэтаў і празаікаў.
Маршрут № 935 працуе з 12 да 16 сакавіка з 10.00 да 19.00. Аўтобус будзе адпраўляцца ад Палаца спорту і накіроўвацца да месца правядзення выстаўкі. Інтэрвал руху — кожныя 15 хвілін.