Нярэдка Радаўніцу называюць Вялікаднем спачылых: жывыя прыходзяць да магіл не з плачам і смуткам, а з велікодным прывітаннем, з верай ва ўваскрэсенне і вечнае жыццё
Згодна з календаром праваслаўнай канфесіі, Радаўніца — дзень асаблівага царкоўнага памінання спачылых, які стаіць адразу пасля Светлага велікоднага тыдня. Дата свята штогод мяняецца, але заўсёды прыпадае на аўторак другога тыдня пасля Велікоднай нядзелі.
Сутнасць Радаўніцы заключаецца ў тым, што вернікі могуць падзяліць радасць Уваскрэсення Хрыстовага са спачылымі блізкімі, як бы абвяшчаючы: смерць пераможаная, а расстанне часовае (мяркуецца, што сама назва свята паходзіць ад слова «радасць»). Нярэдка Радаўніцу называюць Вялікаднем спачылых: хрысціяне прыходзяць да магіл не з плачам, а з велікодным прывітаннем, з верай ва ўваскрэсенне і вечнае жыццё. Царква заклікае ў гэты дзень не паглыбляцца ў скруху, а маліцца з надзеяй на выратаванне.
У аснове Радаўніцы — вера ў тое, што Хрыстос, які сышоў у пекла пасля Свайго Укрыжавання, прынёс вестку аб перамозе над смерцю ўсім спачылым. Таму хрысціяне прыходзяць на магілы не толькі ўспамінаць, але і сведчыць аб Уваскрэсенні.
.jpg)
Гэта дзень, калі можна запаволіцца, успомніць, адчуць удзячнасць і прывесці ў парадак не толькі магілу, але і ўнутраную прастору. У гэтым сэнсе Радаўніца застаецца жывой традыцыяй: не як абавязковы абрад, а як рэдкая магчымасць захаваць сувязь — з родам, з гісторыяй сям’і і з самім сабой. Каб не ператварыцца ў таго самага Івана без роду і племені.
Традыцыі Радаўніцы
Традыцыі свята складаліся на працягу стагоддзяў, і ў іх перапляліся старажытныя народныя звычаі і хрысціянскае памінанне. Адна з галоўных традыцый — абавязковае наведванне могілак усімі членамі сям’і, прычым апраналіся яны святочна.
У некаторых мясцовасцях Радаўніцу адзначалі ў чацвер, у некаторых — у нядзелю. І назва свята таксама крыху адрознівалася Радніца, Радуніца, Раданіца, Радуніцкія дзяды, Праводная, Праводніца.

«Радаўніца — сталы засцілаць, дзядоў памінаць»
Вядомае ва ўсіх славян веснавое свята, звязанае з ушанаваннем продкаў, дзень памінання родзічаў. У праваслаўі прымеркавана да свята Уваскрэсення Хрыстовага. Адбывалася «на правады», у аўторак паслявялікоднага тыдня. На Радаўніцу кожная сям’я ішла спачатку ў царкву, а потым на прыбраныя магілы блізкіх. Засцілалі насып ручніком, абрусам, выстаўлялі яду, садзіліся наўкола і пачыналі трапезу, якая нагадвала старажытную язычніцкую «страву» — трызну. Паміналі нябожчыкаў, часта гучалі галашэнні. Крыху страў і гарэлкі пакідалі на могілках — «для памерлых». Завяршаліся Радуніцкія дзяды бяседай дома.
Як жа правільна правесці гэты дзень
Прыйсці ў храм на службу
Звычайна ў гэты дзень пасля літургіі ці вячэрняга богаслужэння здзяйсняецца паніхіда — асаблівая памінальная служба. Гучаць спевы «Хрыстос уваскрэсе», святары апрануты ў светлыя рызы. Сама атмасфера богаслужэння нагадвае, што смерць пераможаная.
Наведаць могілкі
Каля магілы роднага чалавека прынята перахрысціцца, вымавіць малітву аб супакоі, пастаяць у цішыні і запаліць свечку. Многія імкнуцца прывесці магілу ў парадак (прыбраць засохлыя кветкі, падмесці, паправіць агароджу), нярэдка некаторыя вернікі робяць гэта загадзя.
Памянуць спачылых за трапезай дома
Памінкі на Радаўніцу ладзяць дома, у сямейнай абстаноўцы.
На памінальны абед ставяць куццю, пірагі, кулічы, фарбаваныя яйкі, варанае мяса. У некаторых рэгіёнах меню можа адрознівацца. Аднак, куцця, выпечка і пачастункі, якія засталіся са святкавання Вялікадня, застаюцца нязменнымі стравамі на Радаўніцу.
Сапраўднае памінанне, як вучыць царква, гэта не пераказ біяграфіі нябожчыкаў за чаркай, а спроба самім стаць крыху лепшымі — такімі, як вучылі нас продкі. Таму святары і раяць у гэты дзень дапамагчы камусьці, падаць міласціну. Не дзеля «птушачкі», а ад душы — у імя тых, каго ўжо няма побач, але каго мы любім і памятаем.