Сёння школьнікі Беларусі праходзілі рэпетыцыйны цэнтралізаваны экзамен.
31 студзеня для ўсіх навучэнцаў 11-х класаў, якія плануюць здаваць цэнтралізаваны экзамен, прайшла яго рэпетыцыя.
Старшакласнікаў прымалі 144 пункты здачы экзамену па ўсёй краіне — яны былі арганізаваны на базе ўстаноў вышэйшай адукацыі, каледжаў, гімназій і школ. Старшакласнікі правяралі свае веды — на выбар — па рускай або беларускай мове, фізіцы, матэматыцы, хіміі, біялогіі, замежных мовах (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская), гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі, грамадазнаўстве, геаграфіі.
У экзамене ўдзельнічалі каля 58,5 тысячы адзінаццацікласнікаў. У Мінску экзамен здавалі больш за 13 тысяч навучэнцаў XI класаў сталічных школ. Больш за ўсё школьнікаў прыняла галоўная ВНУ краіны — БДУ: там пробныя іспыты праходзілі 3305 дзяцей з 48 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Фрунзенскага раёна Мінска, большасць з іх зарэгістравалася на рускую мову і матэматыку.
На думку спецыялістаў Мінадукацыі, такая форма падрыхтоўкі да асноўнага экзамену іграе толькі на карысць — дзеці знаёмяцца з працэдурай ЦЭ — ад уваходнага кантролю і рассаджвання да правілаў запаўнення экзаменацыйных бланкаў. Яны ацэньваюць свой узровень ведаў, і ў іх застаецца дастаткова часу, каб папоўніць прабелы ў іх. Вельмі важна і тое, што школьнікі на РЦЭ вучацца правільна размяркоўваць час — бо там умовы максімальна набліжаныя да ЦЭ. Рэпетыцыя, да таго ж, дае ўяўленне, як усё будзе адбывацца на асноўным экзамене, так што яшчэ і дазваляе знізіць узровень стрэсу.
Вынікі рэпетыцыйнага цэнтралізаванага экзамену (РЦЭ) у 2026 годзе стануць вядомыя не пазней за 28 лютага 2026-га.
Алена Вінаградава
Фота Лізаветы Голад
На здымках: так праходзіў РЦЭ ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце.