Top.Mail.Ru

«Сын Божы Сынам Чалавечым становіцца»

Узлюбленыя архіпастыры, пастыры, манахі і ўсе верныя сыны і дочкі Беларускай праваслаўнай царквы!


З малітоўнай радасцю віншую вас з найсвятлейшым і спасіцельным святам Ражджаства Хрыстова. Сэрцы нашы невымоўна радуюцца і напаўняюцца благадатным хваляваннем, бо «Бесцялесны ўцялесніваецца, Слова матэрыялізуецца, Нябачны сузіраецца, і Неадчувальны — адчуваецца, і Беспачатны — пачынаецца. Сын Божы Сынам Чалавечым становіцца: Ісус Хрыстос учора, і сёння, і на вякі Той жа!» (Сціхіры сціхоўныя. Сабор Прасвятой Багародзіцы.)

Вялікі настаўнік Царквы свяціцель Іаан Залатавуст раскрывае прычыны нашай радасці і сусветнай урачыстасці: «Сёння старажытныя путы разарваны, смерць пераможана, Рай адчынены, пракляцце зніштожана, грэх выдалены, памылка пераадолена, ісціна вярнулася, ангелы ўваходзяць у зносіны з людзьмі, і людзі бясстрашна гутараць з ангеламі». (Слова на Ражджаство Спасіцеля нашага Ісуса Хрыста.)

І Царква зноў заклікае нас дакрануцца да вялікай тайны набожнасці — тайны Богаўцялеснення, якая адкрывае вялікую ісціну пра любоў і міласэрнасць Бога да чалавечага роду. Бо толькі любоўю да нас можна растлумачыць Яго прыход у свет, пазбаўлены паўнаты зносін з Богам; свет, напоўнены грахом, хваробамі і смерцю.

Першы чалавек, Адам, быў створаны не толькі для таго, каб заставацца найвышэйшым тварэннем Божым: ён быў пакліканы стаць узлюбленым сынам Божым, ва ўсім паслухмяным Айцу, але не здолеў зберагчы годнасці гэтага вялікага звання і, учыніўшы грэхападзенне, «пайшоў у краіну далёкую», страціўшы першародную чысціню і магчымасць зносін з Богам.
Тады Сын Божы становіцца «другім Адамам», каб выканаць тое, што парушыў Адам першы. Ён быў «паслухмяным нават да смерці — і смерці крыжовай» (Флп. 2:8), Сваёй пакораю і паслухмянасцю выканаў запаведзь Айца Нябеснага, вярнуўшы чалавечай прыродзе Бажэственную годнасць.

Гэтыя святыя і спасіцельныя разважанні над сэнсам Ражджаства Хрыстовага не павінны заставацца ведамі, якія не маюць дзейснай сілы. «Што прынясём Табе ў дар, Хрысце, за тое, што Ты дзеля нас з’явіўся на зямлі як чалавек? Бо кожнае з тварэнняў, Табою створаных, падзяку Табе прыносіць: Ангелы — спевы, нябёсы — зорку, валхвы — дары, пастухі — здзіўленне, зямля — пячору, пустэльня — яслі...» — чуем мы запытальны вокліч святочнага богаслужэння, звернуты да нас.

Як Прасвятая Дзева дала Сыну Божаму Сваю Прачыстую плоць, так і ў кожным з нас павінен нарадзіцца Хрыстос, падобна да таго як Ён нарадзіўся ў Віфлеемскай пячоры. Паводле слова прападобнага Сімяона Новага Багаслова, «у будучым жыцці хрысціянін... будзе пільна выпрабоўвацца, ці меў ён такое падабенства да Хрыста, як сын — да бацькі».

Гэтае новае нараджэнне, уваходжанне ў паўнату Бажэственнага жыцця здабываецца праз удзел у царкоўных Таінствах, што даюць нам магчымасць ужо тут, на зямлі, далучацца да благадаці Божай, якая спасае і асвячае. І калі неабходнасць Хрышчэння часцей за ўсё людзі прызнаюць, то пра іншыя Таінствы, асабліва Таінства Бажэственнай Еўхарыстыі, Прычасця, часта многія забываюць.

Але еднасць з Хрыстом не можа быць толькі на словах, яна павінна быць жывой і рэальнай. Мы молімся Айцу нашаму Нябеснаму: «Хлеб наш надзённы дай нам сёння». І Гасподзь наш Ісус Хрыстос раскрывае сапраўдны сэнс гэтых слоў: «Я — хлеб жывы, які сышоў з неба; хто есць хлеб гэты, жыць будзе вечна; і хлеб, які Я дам, ёсць Плоць Мая, якую Я аддам за жыццё свету» (Ін. 6:51). А гэта азначае, што ўдзел у Бажэственнай Літургіі, на якой мы прычашчаемся Цела і Крыві Хрыстовых, неабходны дзеля паўнаты жыцця з Богам і дзеля нашага спасення.

Аднак будзем таксама памятаць, што без богаўгоднага і дабрадзейнага жыцця ўдзел у Таінствах не прынясе неабходных пладоў. «Дастойны Бога той, хто просты, праўдзівы, лагодны, добры, спагадлівы, міласэрны, міласцівы, добрасардэчны, цярплівы, пакорлівы, чалавекалюбны», — вучыць нас прападобны Сімяон Новы Багаслоў. І калі мы спалучым любоў да богаслужэння з выкананнем Бажэственных запаведзяў, то кожны з нас зможа стаць пячорай, у якой народзіцца Хрыстос, і храмам, у якім будзе жыць Дух Божы.

Веніямін, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю