Незвычайную знаходку — нямецкі пісталет «Вальтэр» выявіў на сваім участку жыхар вёскі Персцень Барысаўскага раёна, паведаміла БелТА .
Мужчына планаваў заліць бетонную пляцоўку і падчас перакопвання зямлі наткнуўся на прадмет, які вонкава нагадваў пісталет. Пра знаходку вясковец неадкладна паведаміў у праваахоўныя органы. Супрацоўнікі канфіскавалі знойдзены прадмет і накіравалі ў экспертнае ведамства для правядзення судовай балістычнай экспертызы. Яна паказала: гэта пісталет «Вальтэр» калібра 9 мм.
Нягледзячы на карозію, судовыя эксперты ўстанавілі: пісталет выраблены заводскім спосабам, з’яўляецца наразной агнястрэльнай зброяй і прызначаны для стральбы пісталетнымі патронамі 9×19 Parabellum.
«Гэты пісталет для стральбы не прыдатны», — падкрэслілі ў ДКСЭ.
Барысаўскі РУУС па гэтым факце праводзіць праверку. Судовыя эксперты нагадалі: асобы, якія добраахвотна здалі зброю і боепрыпасы ў органы ўнутраных спраў, вызваляюцца ад крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці.