Top.Mail.Ru

Дэпутат Дзяніс Ушацкі: Паабяцаў — выканай, задумаў — рэалізуй!


Член Пастаяннай камісіі па экалогіі і прыродакарыстанні Палаты прадстаўнікоў, дэпутат ад Маладзечанскай гарадской акругі № 72 Дзяніс Ушацкі сапраўды не прывык кідаць словы на вецер. Такі падыход да справы сфарміраваўся ў ім яшчэ з часоў работы ў падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях. Па сутнасці, увесь працоўны шлях Дзяніса Іванавіча накіраваны на аказанне дапамогі людзям — такой ён бачыць сваю місію. Мы пагаварылі з ім пра выбаршчыкаў, хвалюючыя пытанні і станоўчыя ініцыятывы.


Зваротная сувязь і асабісты прыклад

Са сваёй выбарчай акругай Дзяніс Ушацкі знаёмы не па чутках — працуе тут усё жыццё.

— Маладзечна — буйны горад з развітой інфраструктурай, — адзначае парламентарый. — Як дэпутат выязджаю сюды кожны месяц. 

Асноўнымі формамі работы застаюцца асабістыя прыёмы грамадзян, сустрэчы ў працоўных калектывах, прамыя тэлефонныя лініі, удзел у розных мерапрыемствах, пасяджэннях і не толькі.

Усе яны накіраваны на камунікацыю з выбаршчыкамі, атрыманне ад іх зваротнай сувязі па тых ці іншых пытаннях.

Праблемы выбаршчыкаў не застаюцца па-за ўвагай, запэўнівае Дзяніс Іванавіч:

— У прыватнасці, пры маім актыўным удзеле быў адкрыты Інфармацыйна-выдавецкі цэнтр па падатках і зборах, які дазваляе афармляць электронны лічбавы подпіс і здзяйсняць іншыя працэдуры.

Работа ў акрузе па-свойму насычаная і разнастайная, кажа дэпутат:

— Возьмем мінулы тыдзень. У панядзелак я ўдзельнічаў у чэмпіянаце Мінскага абласнога ўпраўлення МНС па плаванні. Галоўная мэта — на асабістым прыкладзе паказаць важнасць здаровага ладу жыцця для людзей усіх узростаў.

Дарэчы, жыхары Маладзечна актыўна займаюцца спортам, падкрэслівае ён.

— У аўторак працягнуў маніторыць сітуацыю на рынку харчовых тавараў. Карыстаючыся выпадкам, люблю пагутарыць з мясцовымі жыхарамі. 

У такім фармаце людзі асабліва шчырыя, не баяцца падыходзіць і задаваць пытанні, уносіць прапановы, — дзеліцца Дзяніс Ушацкі. — Акрамя таго, на працягу тыдня я азнаёміўся з работай Маладзечанскай санаторнай школы-інтэрната, больш падрабязна расказаў працоўнаму калектыву аб нашай заканатворчай дзейнасці.


Вам заданне

Паводле слоў парламентарыя, кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў штомесяц дае шэраг даручэнняў для адпрацоўкі ў акругах. У прыватнасці, гэтым разам вывучалі практыку прымянення ІD-карты як асноўнага дакумента, які сведчыць асобу грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

Да выдачы гэтых дакументаў прыступілі ў 2021 годзе, таму сёння можна ўжо правесці пэўную аналітыку за пяць гадоў. У цэнтры ўвагі былі месцы з найбольшым патокам грамадзян — банкаўскія структуры, аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі, «Адно акно» і іншыя ўстановы.

Быць настаўнікам

Рэгулярнымі з’яўляюцца і сустрэчы з моладдзю, працягвае знаёміць са сваёй дэпутацкай дзейнасцю Дзяніс Іванавіч:

— Новае пакаленне — гэта не «заўтрашні дзень», як прынята лічыць, а ўжо сённяшні рухавік прагрэсу. Мы прадуктыўна пагутарылі са старшакласнікамі Маладзечанскай сярэдняй школы № 1 у рамках праекта «Дэпутацкае настаўніцтва». Школьнікі цікавіліся магчымасцямі самарэалізацыі, роляй моладзі ў развіцці рэгіёна і важнымі жыццёвымі арыенцірамі.

Надзённыя праблемы

Адным з элементаў, які дазваляе яшчэ больш развіць і добраўпарадкаваць Маладзечна, стала адкрыццё тэматычнага вулічнага комплексу ў Парку Перамогі.

А ў мінулым годзе была абсталявана пляцоўка для выгулу хатніх гадаванцаў. Апошняя — ініцыятыва грамадзян, у рэалізацыі якой дапамог дэпутат. Гэта насамрэч надзённая праблема. У многіх населеных пунктах людзей цікавіць, дзе ім выгульваць сваіх чатырохногіх сяброў? У Маладзечне пайшлі па такім шляху: выдзелілі ў межах горада месца, абгарадзілі яго, зрабілі пэўную неабходную інфраструктуру.

— Усе ініцыятывы людзей я прапускаю праз сябе, — падкрэслівае Дзяніс Ушацкі. — А па асабістай ініцыятыве мне ўдалося паспрыяць стварэнню паблізу горада месца адпачынку каля вады, якога раней не было. Вядома, такія пытанні патрабуюць сур’ёзнай прапрацоўкі, значных фінансавых укладанняў, таму не вырашаюцца імгненна. Аднак паступова нам многае ўдаецца зрабіць.

Асабісты прыём


На прыёмы грамадзян выбаршчыкі прыходзяць заўсёды, прыводзіць статыстыку дэпутат, зыходзячы са свайго вопыту работы:

— Пытанні агучваюць самыя розныя. 20–30 % датычацца заканадаўчых ініцыятыў, 70–80 % — жыццёвыя, асабістыя, бытавыя. Некаторыя непасрэдна звязаны з аховай навакольнага асяроддзя і рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў — яны адносяцца да кампетэнцыі профільнай камісіі, у якой я працую.

Асабісты прыём — гэта не проста запланаванае мерапрыемства, а сумленны індыкатар існуючых праблем і недапрацовак, упэўнены Дзяніс Іванавіч:

— Мая задача — пачуць, падключыць патрэбных спецыялістаў і кантраляваць выкананне, пакуль пытанне не вырашыцца станоўча.

Адзін з апошніх зваротаў падчас прыёму грамадзян датычыўся прызначэння датэрміновай пенсіі. Мужчына, які з’яўляецца ўдзельнікам ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, меў патрэбу ў тлумачэнні сваіх праў і механізмаў прызначэння датэрміновай пенсіі. На сустрэчы прысутнічалі профільныя спецыялісты, якія ўсё яму дэталёва растлумачылі.

— Калі паступаюць пытанні, не звязаныя з дзейнасцю нашай камісіі, мы іх абмяркоўваем з калегамі-дэпутатамі, якія спецыялізуюцца на гэтых тэмах. А калі прасочваецца ініцыятыва, якая магла б паўплываць на змены ў заканадаўстве, рыхтуецца адпаведны запыт, праводзяцца выязныя пасяджэнні, вылучаюцца прапановы, — тлумачыць Дзяніс Ушацкі.

На просьбу ахарактарызаваць сваіх выбаршчыкаў ён адрэагаваў вельмі станоўча:

— Гэта людзі, якім не абыякавыя свая зямля, родны горад. Час ад часу ўзнікаюць спрэчныя моманты, і мы зацікаўлены разам іх вырашаць. Не толькі дэпутаты, але і мясцовыя жыхары — яны сочаць за парадкам дня, актыўна падхопліваюць ініцыятывы і асабіста ўдзельнічаюць у справах, накіраваных на развіццё і яшчэ большы росквіт усяго нашага грамадства і краіны.

Яна ВАЛАСАЧ

Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю