Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын па даручэнні Прэзідэнта ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды.
У Палацы Рэспублікі сёння адбылася цырымонія ўручэння дзяржаўных узнагарод прадстаўнікам розных галін эканомікі. За шматгадовую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё сваёй сферы яны ўзнагароджаны медалямі «За працоўныя заслугі», падзякамі Прэзідэнта Беларусі, медалямі «За бездакорную службу» III ступені і медалём Францыска Скарыны.

Прэм’ер-міністр у сваім выступленні адзначыў, што ў жыцці ў многіх наступаюць моманты, калі чалавек за сваю працу атрымлівае высокую ацэнку:
— Сёння ў кожнага з вас менавіта такі момант. Для мяне ж гэта вялікі гонар па даручэнні нашага Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ўручыць вам заслужаныя дзяржаўныя ўзнагароды.
Ён канстатаваў, што сярод узнагароджаных прадстаўнікі многіх сфер — работнікі прамысловасці, падатковых органаў, сельскай гаспадаркі, авіяцыі, дзяржаўныя служачыя.

— Людзі самых розных прафесій, але з агульным падыходам да справы. За вашымі плячыма — шматгадовая праца, высокія вынікі, рэальны ўклад у развіццё сваіх галін. Такія людзі і ёсць апора любой эканомікі і сацыяльнай сферы, — падкрэсліў Аляксандр Турчын.

Ён акцэнтаваў увагу на тым, што гісторыя пішацца не толькі датамі і падзеямі:
— Яе пішуць людзі, і вы сваім жыццём і працай упісваеце яркія старонкі ў летапіс суверэннай Беларусі. Любыя кіраўніцкія рашэнні і дзяржаўныя праграмы не працуюць без канкрэтнага чалавека, які добрасумленна робіць сваю справу. Уручаючы сёння ўзнагароды, мы кажам вам дзякуй за вашу грамадзянскую пазіцыю, адказнасць, за тое, што вы ніколі не спыняецеся на дасягнутым.

Ад імя ўрада і сябе асабіста Прэм’ер-міністр павіншаваў удзельнікаў урачыстай цырымоніі са знамянальнай падзеяй у іх жыцці і выказаў упэўненасць, што атрыманыя ўзнагароды стануць для іх стымулам і надалей будуць спрыяць рэалізацыі ўсіх планаў на карысць роднай Беларусі.

Асобныя словы падзякі Аляксандр Турчын адрасаваў сем’ям узнагароджаных:
— За любым прафесіяналам заўсёды стаіць моцны тыл, падтрымка родных і блізкіх.

У завяршэнне ён пажадаў прысутным моцнага здароўя, новых прафесійных перамог, дабрабыту і мірнага блакітнага неба.