На Гомельшчыне Калінкавічы стануць галоўнай пляцоўкай абласнога фестывалю працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2026». Абноўленыя вуліцы, двары, сацыяльныя аб’екты і ў цэлым гарадское асяроддзе цешаць вока жыхароў і гасцей райцэнтра. Вельмі важна, што ў добраўпарадкаванні горада і раёна ўдзельнічалі не толькі прадпрыемствы, арганізацыі, але і самі жыхары. Аб выніках гэтай вялікай агульнай працы на карысць малой радзімы даведалася карэспандэнт «Звязды».
Пачалі з уласнага двара
Цяпер у Калінкавічах усё яшчэ гарачая перадсвяточная пара для мясцовых рупліўцаў. На вуліцах прыводзяць у парадак тэрыторыі, дафарбоўваюць, высаджваюць расліны. Адны аб’екты ўжо набылі цалкам абноўлены выгляд, на іншых — рамонтныя работы заканчваюць.
У філіяле ААТ «Рагачоўскі малочны кансервавы камбінат» «Калінкавіцкі малочны камбінат» парадак на сваёй тэрыторыі падтрымліваюць заўсёды, штотыдзень праводзяць «чысты чацвер», а таксама дапамагаюць гораду прыбіраць вуліцы і добраўпарадкоўваюць тэрыторыю.

— Усе ў калектыве разумеюць, што ў гэтым горадзе мы жывём і працуем, таму каму, як не нам, рабіць найлепшым месца, якое мы любім, — агульны настрой працаўнікоў у справе добраўпарадкавання роднага населенага пункта перадае начальнік юрыдычнага бюро філіяла Сяргей ДРЫНЕЎСКІ.
Ён звяртае ўвагу, што работнікі прадпрыемства ўдзельнічаюць і ў гарадскіх суботніках, а таксама выязджаюць на прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу, якія знаходзяцца ў сыравіннай зоне камбіната, дапамагаюць ім з добраўпарадкаваннем.
— Імкнёмся адпавядаць той прыгажосці, якую робяць у нашым горадзе, — пераконвае Сяргей Дрынеўскі.
На тэрыторыі каля самога камбіната таксама заўважна, якая вялікая работа па добраўпарадкаванні за гэты час праведзена. Побач з вытворчай тэрыторыяй работнікамі на радасць гараджан выгадавалі цэлы аазіс з зялёных насаджэнняў і кветнікаў.
Апошнія штрыхі
Для працаўнікоў камунальнай службы раёна гэты год таксама стаў асаблівым і вельмі плённым па аб’ёме вырашаных задач. У рамках падрыхтоўкі горада да «Дажынак» добраўпарадкавана і заасфальтавана больш як 20 дваровых тэрыторый, прыведзена ў парадак амаль паўсотні шматкватэрных жылых дамоў.
— Калектыў працуе зладжана. Нам быў даведзены вялікі аб’ём работ, заданне ўжо практычна цалкам выканана, застаюцца апошнія штрыхі, — тлумачыць намеснік генеральнага дырэктара КУП «Камунальнік Калінкавіцкі» Сяргей ХОМІЧ. — Прыводзіцца ў парадак вулічна-дарожная сетка, на прыпыначных пунктах устаноўлены новыя павільёны. Абсалютную большасць работ выконваем сіламі нашай арганізацыі, таксама далучаліся і субпадрадныя арганізацыі. Актыўна бяруць удзел у навядзенні парадку суб’екты гаспадарання горада, усе арганізацыі, грамадзяне наводзяць парадак у дварах, то-бок увесь горад дапамагае, — з удзячнасцю землякам пералічвае ўсіх, хто не застаўся ў баку ад падрыхтоўкі горада да свята Сяргей Хоміч.

Дарэчы, ад свайго прадпрыемства асабіста ў падарунак гараджанам да «Дажынак» «Камунальнік Калінкавіцкі» за ўласныя сродкі адрамантаваў чаканы для людзей аб’ект — гарадскую лазню.
Да агульнай справы далучыўся і калектыў Калінкавіцкага мясакамбіната.
— Да «Дажынак» мы падыходзім з асаблівай адказнасцю. У гэтым годзе працуем ва ўзмоцненым рэжыме, — адзначыў начальнік рамонтна-будаўнічага цэха Калінкавіцкага мясакамбіната Аляксандр МАРГУЛЕЦ.
На прадпрыемстве цалкам абнавілі, пабялілі і пафарбавалі агароджу, пашырылі паркоўку для аўтамабіляў, абсталявалі крытую велапаркоўку. Абноўлены да свята і фірменныя крамы калінкавіцкіх вытворцаў.
Да маштабнага добраўпарадкавання горада падключыліся і працаўнікі прыватных кампаній. Дырэктар прадпрыемства міжнародных транспартных перавозак, што працуе ў Калінкавічах, — Аляксандр БАШАК падзяліўся, які ўнёсак іх калектыў зрабіў на карысць роднага горада.
Тэрыторыя прадпрыемства і прылеглыя да яе — сёння ва ўзорным парадку, пры тым што яшчэ некалькі гадоў таму гэта былі фактычна кінутыя будынкі на пустцы. Пасля адкрыцця прадпрыемства створаны не толькі новыя працоўныя месцы, але і вялікая тэрыторыя вернута ў гаспадарчы абарот: добраўпарадкаваны пад’езды, уваходная група, праведзена азеляненне.
Нават не пазнаць
Зменам у Калінкавічах шчыра радуюцца і гараджане. Мінакі з радасцю падзяліліся сваімі ўражаннямі ад маштабнага добраўпарадкавання райцэнтра.
— Горад наш пашыраецца і змяняецца на вачах. Абноўлены і пашыраны дарогі, абнавілася шмат кафэ і крам. Часам складана пазнаць у іншым выглядзе фасады будынкаў, якія бачыла больш за 20 гадоў. Усё вельмі прыгожа, — падзялілася жыхарка Калінкавічаў Вераніка.
Карэнная жыхарка райцэнтра Вольга асабліва ўдзячная за пераўтварэнне цэнтральнай раённай бальніцы, дзе праведзены маштабныя рамонтныя работы ў тэрапеўтычным і хірургічным карпусах, цэнтральнай раённай і дзіцячай паліклініках.
У прадчуванні свята аграрыяў цяпер жыве і аграгарадок Даманавічы Калінкавіцкага раёна. Тут пройдуць раённыя «Дажынкі».

У населеным пункце абноўлена крама, Дом культуры, школа, храм Цуда святога Архангела Міхаіла Тураўскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы.
— Праведзена ў цэлым каласальная работа, — не хавае самай шчырай радасці за аграгарадок кіраўнік спраў Даманавіцкага сельвыканкама Святлана ФРАЛОВА.
Жанчына звяртае ўвагу і на актыўную дапамогу вяскоўцаў у падрыхтоўцы цэнтра сельсавета да свята.
— Стараемся ўсе разам добраўпарадкоўваць, каб кожнаму было прыемна. Дочкі, зяці і ўнукі дапамагаюць. Знаходзім новыя ідэі для вырабаў, разам іх рэалізуем. Кожны прыўносіць нешта цікавае, — падзялілася, як імкнецца ствараць прыгажосць на сваім падворку і радаваць землякоў жыхарка Даманавічаў Таццяна Міронава, у якой на падворку мноства дэкаратыўных вырабаў, малыя архітэктурныя формы, кветкавыя калодзежы, аркі з ліхтарыкаў, мноства кустоў і дрэў. Летась яе падворак прызналі найлепшым у аграгарадку.
— Калі кожны чалавек прыкладзе хоць бы крыху клопату да свайго падворка ці ганка — прыгожа стане ўсюды. Дзяржава робіць вялікую працу, але і мы, жыхары, павінны ўносіць свой уклад, каб і нам было прыемна жыць, і госці захапляліся, — пераканана гаспадыня.
Пра свой унёсак у агульны выгляд аграгарадка гаворыць і яе суседка Ларыса Зайцава:
— Дзякуй кіраўніцтву раёна і нашага сельвыканкама, што прынялі рашэнне правесці раённыя «Дажынкі» ў нашым аграгарадку. Гэта спрыяе таму, што ўсё больш увагі ўдзяляюць навядзенню парадку. Вельмі вялікая работа праведзена па зносе ветхіх дамоў. Усё абнаўляецца — фасады, агароджы, малыя архітэктурныя формы. Кожная арганізацыя, якая знаходзіцца на тэрыторыі нашага сельсавета, бярэ актыўны ўдзел у навядзенні парадку як на сваёй тэрыторыі, так і на прылеглай. Ну і, вядома, мы, жыхары, не застаёмся ўбаку, робячы сваю радзіму яшчэ больш прыгожай і дагледжанай.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота «Калінкавіцкія навіны»