Цырымонія адкрыцця міжнароднага конкурсу піяністаў «Мінск-2026» прайшла ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, паведамляе БелТА.
Гэты конкурс піяністаў сабраў у сталіцы Беларусі найлепшых маладых выканаўцаў на фартэпіяна з розных краін. У першым туры, які пройдзе з 2 да 4 красавіка, выступяць 56 удзельнікаў ад 16 да 30 гадоў. Другі тур адбудзецца 5 і 6 красавіка, а ў трэці, фінальны, 9 красавіка трапяць усяго шэсць найлепшых піяністаў. Закрые конкурс канцэрт лаўрэатаў у суправаджэнні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі на сцэне Белдзяржфілармоніі 10 красавіка.
Як расказаў старшыня журы конкурсу, народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Ігар Алоўнікаў, конкурс бярэ свой пачатак у 1996 годзе. Тады ў ім прынялі ўдзел выканаўцы з 12 краін, а ў правілах ужо на той час было закладзена абавязковае выкананне твора беларускага аўтара. Сёння спіс рэкамендаванай да выканання музыкі пашырыўся, але пры гэтым патрабаванні да выканання беларускага твора засталіся. Пераможцам у 1996 годзе стаў расійскі піяніст Андрэй Сікорскі, які часта выступае ў Белдзяржфілармоніі.
«Мы атрымалі шчодрую падтрымку Міністэрства культуры. Дастаткова сказаць, што прызавы фонд зараз складае амаль 30 тыс. еўра. Але мне б хацелася, каб удзельнікі думалі не пра фінансавы бок, а пра музыку. Гэта самы лепшы спосаб зрабіць добрае ўражанне», — падкрэсліў Ігар Алоўнікаў.
Паводле яго слоў, конкурс стаў брэндам беларускага культурнага жыцця, і піяністы, якія ў ім удзельнічаюць, ведаюць, куды едуць. Тут іх сустракаюць цудоўныя ўмовы пражывання і сардэчны прыём.
«Я старшыня журы, але насамрэч з гэтай пасадай не маю ніякіх прывілеяў пры падліку балаў. Многія памыляюцца, што мой голас мае два балы, але гэта не так. Ён можа быць рашаючым у тым выпадку, калі некалькі артыстаў атрымаюць аднолькавыя балы. У журы таксама будуць мае калегі, прафесары з вялізным педагагічным і конкурсным вопытам, якіх я вельмі паважаю», — дадаў народны артыст Беларусі.
Ён адзначыў, што пры выхадзе артыста на сцэну звяртае ўвагу на яго знешні выгляд і агульны вобраз, але найперш на талент. «Многае можна вывучыць шляхам шматгадзінных заняткаў. Педагогіка зараз знаходзіцца на высокім узроўні, але калі ёсць іскра божая — гэта рэдкасць, таму для мяне талент асабліва важны. Часам яго можна ўбачыць з першай ноты, з першага дотыку. Але наша прафесія добрая тым, што піяніст знаходзіцца на сцэне ад 20 да 50 хвілін і ў выпадку нейкіх няўдач можа змяніць уражанне слухачоў аб сабе вельмі хутка», — адзначыў Ігар Алоўнікаў.
На думку члена журы конкурсу, прафесара кафедры спецыяльнага фартэпіяна Уральскай дзяржаўнай кансерваторыі імя М. П. Мусаргскага, заслужанага артыста і дзеяча мастацтваў Расіі Валерыя Шкарупы, самае галоўнае — «зачапіць» слухача. І калі з’яўляецца нешта яркае, то яно заўсёды выклікае жывую цікавасць і водгук.
«Конкурс — гэта не справаздача аб праведзенай рабоце студэнтаў кансерваторыі, а шанц выявіць новыя таленты і даць ім пуцёўку ў жыццё, дапамога для творчага росту і паспяховай кар’еры. А ў міжнароднага конкурсу піяністаў „Мінск“ ужо даўно рэпутацыя аднаго з самых сур’ёзных конкурсаў, прынамсі на ўсёй постсавецкай прасторы, таму ён важны не толькі для беларускіх музыкантаў», — падсумаваў Валерый Шкарупа.