Міністэрства культуры і турызму КНР прадставіла талісман свята Вясны 2026 (Чуньцзэ, традыцыйны кітайскі Новы год па месяцовым календары), які адзначыць пачатак года Каня. Ім стаў конь Цзіcянма, або Конь шчаслівай прыметы, перадае «Сіньхуа».
Крыніцай натхнення для стварэння талісмана паслужыла вядомая бронзавая статуэтка перыяду дынастыі Усходняя Хань (25-220 гг. н. э.), якая адлюстроўвае скакуна з ластаўкай пад капытом, што выдатна перадае рух і раўнавагу.
У сваёй працы дызайнеры талісмана таксама арыентаваліся на эстэтычныя элементы выяў коней у часы дынастыі Тан (618-907 гг.). Фонавым колерам выбраны ярка-чырвоны, пры гэтым дабаўленне традыцыйных кітайскіх арнаментаў падкрэслівае характэрную для свята атмасферу цяпла і радасці.
У міністэрстве паведамілі аб планаваным запуску ў продаж лінейкі сувенірнай прадукцыі, звязанай з талісманам. У яе ўвойдуць плюшавыя цацкі, блайндбоксы і магніты на халадзільнік, а таксама тэматычныя святочныя тавары, такія як парныя надпісы «чуньлянь» з навагоднімі пажаданнямі, канверты «хунбаа» (чырвоныя канверты з грашыма, якія прынята дарыць у Кітаі на свята Вясны) і кітайскія ліхтарыкі. Выява Цзіcянма і спадарожная атрыбутыка будуць выкарыстоўвацца на ўрачыстасцях з нагоды свята Вясны па ўсім свеце.
У кітайскім месяцовым календары кожнаму году адпавядае адна з 12 жывёл, якія паслядоўна змяняюць адна адну і ўтвараюць паўтаральныя цыклы: Пацук, Бык, Тыгр, Трус, Дракон, Змяя, Конь, Каза, Малпа, Певень, Сабака і Свіння. Як вядома, 2026-ты пройдзе пад знакам Каня.