Сацсеткі поўныя абяцанняў пазбавіць ад непатрэбных кілаграмаў з дапамогай самых розных дыет. Але такім чынам нармалізаваць вагу надоўга не атрымаецца. Спецыяліст па правільным харчаванні распавяла, як набыць тонкую талію да навагодняга карпаратыву (час яшчэ ёсць!) без шкоды для здароўя і ў далейшым працягваць скідваць кілаграмы да вызначанай лічбы.
У спакойным рэжыме
Лішняя вага — гэта не толькі пра знешнасць, адзначаюць медыкі. Пазбаўленне ад непатрэбных кіло і аптымізацыя харчавання зніжаюць рызыку развіцця дыябету другога тыпу і сардэчна-сасудзістых захворванняў, а таксама нагрузку на суставы, «чысцяць» сасуды, нармалізуюць артэрыяльны ціск, выводзяць на стадыю рэмісіі многія хранічныя захворванні. Як вынік, якасць жыцця павышаецца. Ды і проста падабацца сабе ў люстэрку — выдатная матывацыя да жыццёвых і кар’ерных здзяйсненняў. Наогул, хутка скінуць 5 або нават 10 кілаграмаў — не такая ўжо і праблема, скажа вам любы, хто «ў тэме». Ёсць мноства дыет, якія забяспечваюць такі вынік. Праблема ў тым, каб кілаграмы не вярнуліся (а нярэдка і з «прыбыткам») за месяц-два пасля завяршэння дыеты.
— Шокавыя дыеты толькі здаюцца эфектыўнымі, — падкрэслівае нутрыцыёлаг, практыкуючы псіхолаг Лізавета Качан. — Арганізм знаходзіцца ў стрэсе і прагна дабірае тое, чаго яму недадалі. Хай лепш 15 кг вы страціце не так хутка, але вынік будзе зафіксаваны. Для гэтага неабходна перабудова ладу жыцця і мыслення. Прынцыпы бяспечнага пахудзення простыя і агульнавядомыя: есці меншымі порцыямі, спажываць больш сезоннай агародніны, гатаваць стравы «з нуля», а не з паўфабрыкатаў, выконваць правіла талеркі, правіла далоні.

— Такім чынам, пахудзенне пачынаецца «ў галаве»?
— Важна зрушыць фокус успрымання з ежы на іншыя радасці жыцця. Часта менавіта позняя вячэра за серыялам — адна з галоўных радасцяў, якую людзі чакаюць увесь дзень. Тут недастаткова адной сілы волі або «чароўнай дыеты». Такі лад жыцця быў сфарміраваны знешнімі ўмовамі, асяроддзем, сямейнымі традыцыямі. Таму важна працаваць у двух кірунках: змяняючы харчаванне, вы павінны змяняць і лад думак.
Чаму дыеты не працуюць?
Звычайная гісторыя: чалавек сядзеў, дапусцім, на моднай цяпер «англійскай» дыеце і скінуў 12 кілаграмаў за месяц, распавядае нутрыцыёлаг. Гэта зашмат, падкрэслівае суразмоўца, а значыць, некарысна. Але вынік дзяўчыну парадаваў. Дыету завяршыла, а яе вага паступова зноў пачала расці. Яна не перажывала, бо ў запасе — правераная дыета. Але другі раз чамусьці гэтая дыета не спрацавала.
— Як правіла, пры паўторным выкарыстанні жорсткія монадыеты працаваць перастаюць, — адзначае спецыяліст. — І тут ёсць шэраг псіхалагічных фактараў, першы з якіх — недахоп матывацыі пры наступным выкарыстанні дыеты. Матывацыя зніжаецца з кожным новым разам: чалавек становіцца менш сабраным, раз-пораз дазваляе сабе адступленні ад графіка харчавання.
Яшчэ адзін фактар: наш арганізм — разумны «камп’ютар», які ўмее адаптавацца да любых знешніх уздзеянняў. Яго задача (у адрозненне ад нашай) — зберагчы тлушч, найкаштоўнейшы рэсурс. І пасля першай шокавай дыеты ён гатовы да «другога раўнда»: даказана, што монадыеты запавольваюць метабалізм. Вынік ужо не такі яркі, запал становіцца яшчэ меншым, і нам здаецца: трэба проста знайсці тую самую ідэальную дыету.
Вялікія талеркі і «правіла вясёлкі»
Правільныя каштоўнасці і здаровыя звычкі фарміруюцца менавіта ў сям’і, кажа суразмоўца:
— Асабісты прыклад бацькоў неацэнны, і гэта датычыцца ў тым ліку здаровага ладу жыцця: фізічнай актыўнасці, правільнага харчавання, адмовы ад шкодных звычак. Усе мы хочам для сваіх дзяцей шчасця, здароўя, даўгалецця. Дык пачніце з сябе! Іншая складанасць — «Я не магу цяпер хадзіць у госці!» Але гэта не так. Проста не галадайце цэлы дзень, каб аб’есціся ўвечары гасцях. Паснедайце, з’ешце паўнавартасны абед. І тады вы не накінецеся на святочны стол, будзеце выбіраць стравы свядома, а не зыходзячы з «хіміі мозгу», які пасля «галоднага» дня патрабуе больш тлушчу і хуткіх вугляводаў.
Яшчэ адна праблема сучаснага чалавека — як ні дзіўна, аднастайнае харчаванне, тлумачыць нутрыцыёлаг. Пры сапраўды велізарным выбары ў гіпермаркетах ў многіх сем’ях досыць абмежаваны набор прадуктаў, якія яны звычайна выбіраюць. Ёсць такое паняцце — «пошукавы голад». Арганізму не хапае пэўных мікраэлементаў, і гэта трансфармуецца ў жаданне «з’есці што-небудзь, а што — не ведаю». Цукерку? Печыва? Чыпсы? Здаецца, усё не тое, затое калорый такія «пошукі» даюць у вялізнай колькасці.
— Існуе «правіла вясёлкі»: на вашай талерцы на працягу тыдня павінны прысутнічаць прадукты ўсіх сямі асноўных колераў спектра. Важна спажываць розную агародніну, садавіну, крупы, розныя віды мяса і рыбы. У пераліку на каўбасу, свініну і гатовыя салаты з гіпермаркета гэта наўрад ці выйдзе даражэй. Затое вы закрыеце свае дэфіцыты. І, дарэчы, БАДы тут — не выйсце. Іх п’юць курсамі, і калі, скончыўшы курс, вы вяртаецеся да няправільных харчовых звычак, вынік вельмі хутка знікне. Выбудуйце сваё харчаванне, і гэта вырашыць пытанне. Таксама сучасная праблема — вялікія талеркі кажа спецыяліст:
— Талеркі за апошні час «выраслі». Памятаю, у бабулі ў серванце стаялі «святочныя» талеркі дыяметрам каля 15 см. І паўсядзённыя былі такімі ж. Сёння ў модзе талеркі каля 25-30 см у дыяметры (гэтая мода прыйшла з Еўропы). І псіхалагічна мы адчуваем патрэбу напоўніць гэтую вялікую талерку — і ўсё з’есці. Пакласці на яе адбіўную або катлету — «неяк мала!» Калі ж талерка меншага дыяметра, такога адчування не ўзнікае. І ежы хапае.
Нам павінна падабацца тое, што мы ядзім, рэзюмуе Лізавета. Але чалавек не павінен пастаянна думаць пра ежу.
— Правільнае харчаванне — не аскеза. Таму важны прынцып — 80 на 20. 80 % часу сочым за харчаваннем: здаровыя прадукты, зберагальныя метады іх гатавання, «чыстыя» (без перакусаў) прамежкі паміж прыёмамі ежы, — кажа спецыяліст. — А 20 % пакідаем на некарысныя прысмакі — кава з сіропам, вячоркі з сябрамі ў кафэ, паходы ў госці, сямейныя застоллі і г. д. Гэта дапамагае знайсці баланс паміж здароўем і простымі радасцямі, якія, пагадзіцеся, таксама робяць наша жыццё ярчэйшым.
Аляксандра АНЦЭЛЕВИЧ