Top.Mail.Ru

Тамара Станіслаўчык вывучае і адраджае народныя строі свайго краю

Больш, чым адзенне

Сярод жанчын года — 2025 у намінацыі «Духоўнасць і культура» — майстар народных мастацкіх рамёстваў Цэнтра культурна-забаўляльнай дзейнасці Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці Тамара Станіслаўчык.

На цырымоніі ўзнагароджання народнага майстра Беларусі Тамару Станіслаўчык немагчыма было не заўважыць — у Мінск жанчына прыехала ў традыцыйным рудабельскім народным строі і як магніт прыцягвала да сябе позіркі ўсіх удзельнікаў урачыстасці.

— Гэты касцюм я стварала разам з вышывальшчыцамі на працягу трох месяцаў, — расказвае Тамара Іванаўна. — Ва ўзорах нашага рэгіёна традыцыйна пераважаў чырвоны колер, а чорнага — значна менш. На вышытую сарочку жанчыны Акцябрскага раёна адзявалі гарсэт, расклёшаную безрукаўку, упрыгожаную вышыўкай, выкананай рознакаляровай тасьмой «павоек». Яшчэ адна адметная асаблівасць мясцовага касцюма — каўнерыкі. Толькі ў Акцябрскім і Калінкавіцкім раёнах сустракаецца гэты прыгожы элемент. На галаве жанчыны насілі вышытую павязку — скіндачку. Часта яе адзявалі на каптур: у традыцыйнай культуры жанчынам забаранялася хадзіць на людзях з непакрытай галавой.

  • Пра народны строй свайго рэгіёна Тамара Станіслаўчык можа расказваць бясконца. Калісьці яна, ураджэнка Мінскай вобласці, скончыўшы ў Магілёве ПТВ № 44 (цяпер Магілёўскі дзяржаўны тэхналагічны каледж) прыехала разам з мужам у Акцябрскі. І аднойчы падчас правядзення Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва «Берагіня» ўбачыла традыцыйныя мясцовыя ўборы. З таго дня была проста зачаравана гэтай прыгажосцю. Вось ужо 24 гады Тамара Іванаўна працуе ў Акцябрскім раённым доме рамёстваў і лічыць: менавіта тут знайшла справу свайго жыцця.

— На працягу многіх гадоў мы з калегамі ездзілі ў экспедыцыі па рэгіёне, фатаграфавалі, фіксавалі на відэа прадметы традыцыйнага касцюма, якія захаваліся ў мясцовых бабуль, пераймалі крой, арнамент, — успамінае Тамара Станіслаўчык. — У розных вёсках касцюмы адрозніваліся элементамі і дэталямі. Дзесьці прадметы гардэроба ўпрыгожвалі геаметрычнымі ўзорамі, а дзесьці — кветкавыя. Літаральна па крупінках збіралі інфармацыю, а потым ужо стваралі аналагі.

Тамара Іванаўна не хавае: не ўсё ў яе атрымалася адразу. Многае прыйшлося асвоіць з нуля. Мама Валянціна Іосіфаўна калісьці навучыла Тамару вышываць гладдзю. А вось вышыўку крыжам яна асвойвала самастойна. Разбіралася з сакрэтамі крою, вывучала кожнае шво на ўзорах традыцыйнага мужчынскага і жаночага строю.

Майстры дома рамёстваў цесна супрацоўнічаюць з Цэнтрам гісторыі і культуры Акцябрскага раёна, дзе беражліва захоўваюцца ўзоры старажытнага народнага касцюма. Іх старанна вывучаюць і ствараюць копіі, але з сучасных тканін, з выкарыстаннем сучаснай фурнітуры. Цяпер, напрыклад, Тамара Станіслаўчык працуе над жаночай сарочкай з вёскі Старая Дуброва. Дарэчы, кіруе Цэнтрам гісторыі і культуры Акцябрскага раёна старэйшая дачка Тамары Іванаўны — Ларыса Анатольеўна Саловіч.

— Па замове мы з калегамі стваралі калекцыі касцюмаў для мясцовых ансамбляў «Вербачка», «Рудабельскія зорачкі», «Праменьчыкі», іншых народных калектываў, якія ўдзельнічалі ў Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва «Берагіня», — дзеліцца Тамара Іванаўна.

Апроч традыцыйнага народнага касцюма, Тамара Станіслаўчык займаецца яшчэ і народнай лялькай. Гурток па яе вырабе карыстаецца ў мясцовых дзяцей папулярнасцю. Наведвала яго ў свой час і старэйшая ўнучка Тамары Іванаўны — Ксюша. А трое ўнукаў — Захар, Ягор і Даніла — пабывалі на майстар-класах у бабулі.

Калі ў 2019 годзе Тамара Станіслаўчык стала народным майстрам Беларусі, то расцаніла гэта як прызнанне заслуг усяго калектыву Дома рамёстваў. Гэтак жа яна ставіцца і да звання «Жанчыны года — 2025».

— Я рада, што мая праца прыносіць радасць і асабіста мне, і навакольным, — кажа Тамара Іванаўна. — Дакранаючыся да ўзораў народнай творчасці, не перастаю захапляцца нашымі продкамі: так шмат, так цяжка працавалі і пры гэтым уручную, часта пры лучыне, стваралі на дзіва прыгожыя рэчы. Захоўваючы іх, мы захоўваем памяць. Дзеці прыходзяць да нас на экскурсію, слухаюць, глядзяць, і гэта, упэўнена, не праходзіць бясследна.

Вольга Паклонская 

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю