Такая думка прагучала падчас імпрэзы «Край-друг Узбекістан», якая адбылася ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа.
— На мой погляд, Якуб Колас з’яўляецца мастком паміж Узбекістанам і Беларуссю, таму што ў сваіх творах ён пісаў пра Ташкент і іншыя мясціны нашай краіны, якія сёння прыцягваюць турыстаў і гасцей. Гэта для нас вялікі гонар, — падкрэсліў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Узбекістан у Беларусі Рахматула Назараў.
Беларускі паэт натхняўся узбекскімі краявідамі, калі жыў падчас эвакуацыі ў Ташкенце, дзе яго сагрэлі клопатам. На радзіме палала вайна, Канстанцін Міхайлавіч пра гэта ўвесь час думаў пра гэта, штодня ўзгадваў сына Юрку, ад якога перасталі прыходзіць лісты. Пераключыцца не нейкі час дазвалялі ташкенцкія сустрэчы і гасціннасць. Тады паэт пісаў вершы, поўныя захаплення як малаўнічасцю, так і асобамі, якіх там сустрэў, а сярод іх былі вядомыя узбекскія паэты, у проыватнасці, народны паэт Гафур Гулям...

Яго дачка — першая, з кім сустракаецца праўнучка беларускага Песняра Васіліна Міцкевіч, галоўны захавальнік мемарыяльнага музея Якуба Коласа падчас сваёй вандроўкі ва Ўзбекістан — яна стала асновай дакументальнага фільма «Ташкенцкая торба», які прадставілі падчас імпрэзы з удзелам прадстаўнікоў Узбекістана і дыпламатаў іншых краін, што працуюць у Беларусі. Гэта была нагода распавесці пра аднаго з сімвалаў нацыянальнай беларускай культуры, пазнаёміць з музейнай экспазіцыяй і ўзгадаць той няпросты час, які аказаўся выпрабаваннем для многіх народаў. Не ў добры час — у жніўні 1941 года — Колас з сям’ёй прыехаў у Ташкент: туды была эвакуяваная Акадэмія навук БССР.

Падчас здымкаў стваральнікі стужкі прайшлі дарогамі паэта ва Узбекістане, і гэты ход зрабіў больш выразным разуменне твораў паэта таго перыяду. Мы бачым кінахроніку часоў вайны і разумеем, што Ташкент у той час — важны пункт, дзе сутыкаюцца людзі, што прыехалі з вайны, і тыя, хто нібыта жыве ў бяспецы, але працуе дзеля міру. Старыя чорна-белыя кадры змяняюць сучасныя здымкі, дзе Васіліна Міцкевіч, праўнучка Коласа і галоўны захавальнік фондаў музея, адкрывае для сябе горад, дзе паэт з сям’ёй знайшоў прытулак на два з паловай гады. Але ў Ташкенце дагэтуль захоўваюць памяць пра яго: у горадзе шмат помнікаў узбекскім паэтам, і не так даўно з’явіўся бюст беларускага Песняра, дарэчы, першы за межамі радзімы, што сведчыць пра вялікую павагу.

Ён, хоць і вельмі перажываў за радзіму, упісаўся ў культурнае і грамадскае жыццё Ташкента: выступаў з вершамі, прамаўляў як грамадскі дзеяч на шматлікіх сустрэчах. І пісаў. І яго выдавалі ва Ўзбекістане, там убачылі свет кнігі «Адпомсцім», «Голас зямлі», «Выбраныя вершы». Вершы Коласа перакладалі на ўзбекскую мову, а ў 1942-м годзе наладзілі беларускаму паэту ўрачыстае святкаванне 60-годдзя...
Паэт працягвае злучаць народы нават зараз. Вось і фільм «Ташкенцкая торба» (названы як і яго паэтычны сшытак, які ён складаў у эвакуацыі) — сумесны праект, над якім працавалі беларускія дакументалісты кінастудыі «Беларусьфільм», але пры спрыянні Агентства кінематаграфіі пры Міністэрстве культуры і турызму Рэспублікі Узбекістан і Кінастудыі дакументальных і хранікальных фільмаў Ташкента. Паказ фільма натхніў на чытанне вершаў сучасных беларускіх паэтаў, прысутных на імпрэзе: супрацоўніцтва паміж літаратурнымі супольнасцямі дзвюх краін працягваецца. І шмат у чым культурныя сувязі дапамагае падтрымліваць мемарыяльны музей Якуба Коласа. Нездарма праўнучцы паэта Васіліне Міцкевіч уручылі сертыфікат пра тое, што яна з’яўляецца Паслом турыстычнага брэнда Узбекістана ў Рэспубліцы Беларусь. У сваю чаргу Беларусь цікавая творцам і іншым гасцям з Узбекістана, пра што ёсць сведчанне ў стужцы.

Ларыса ЦІМОШЫК,
Фота аўтара.