Top.Mail.Ru

Тата можа! Мінпрацы і сацабароны нагадала, якія працоўныя гарантыі дзейнічаюць у Беларусі

Аўтар:

Дзень бацькі ў Беларусі адзначаецца 21 кастрычніка і завяршае Тыдзень бацькоўскай любові. Да гэтай даты Мінпрацы нагадала, на якія меры падтрымкі могуць разлічваць працуючыя бацькі — ад водпуску пры нараджэнні дзіцяці да датэрміновай пенсіі.



Водпуск пры нараджэнні дзіцяці — да 14 дзён

Бацька або айчым мае права ўзяць водпуск працягласцю да 14 каляндарных дзён. Для гэтага дастаткова пісьмовай заявы — прадаставіць водпуск у такой сітуацыі з’яўляецца абавязкам наймальніка. Скарыстацца ім можна аднаразова на працягу шасці месяцаў з даты нараджэння дзіцяці. Па агульным правіле заработная плата за гэты перыяд не захоўваецца, але калектыўны дагавор або наймальнік могуць прадугледзець аплату і іншыя ўмовы.

Водпуск па доглядзе дзіцяці да трох гадоў можа ўзяць бацька

Сям’я мае права вырашыць, што догляд малога будзе ажыццяўляць працуючы бацька — напрыклад, калі маці выйшла на працу або вучыцца на дзённай форме. Бацька павінен фактычна даглядаць дзіця, а водпуск афармляецца па пісьмовай заяве. Яго можна выкарыстаць цалкам або па частках, месца працы захоўваецца, а на гэты перыяд прызначаецца штомесячная дзяржаўная дапамога.

Дадатковы свабодны дзень або скарочаны працоўны дзень

Бацькі траіх і больш дзяцей да 16 гадоў альбо дзіцяці з інваліднасцю да 18 гадоў маюць права на адзін дадатковы свабодны дзень у тыдзень з аплатай у памеры сярэдняга заробку. Як альтэрнатыва — па ўзгадненні з наймальнікам можна скараціць штодзённую працу або змену на гадзіну з захаваннем зарплаты.

Таксама прадугледжаны дадатковыя дні ў месяц: адзін — бацьку дзіцяці з інваліднасцю да 18 гадоў (за кошт сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання), яшчэ адзін — калі ў сям’і двое і больш дзяцей да 16 гадоў (аплата можа быць прапісана ў калектыўным дагаворы). Пры гэтым штотыднёвы свабодны дзень не прадастаўляецца ў той тыдзень, калі работнік выкарыстоўвае штомесячны.

Падаўжэнне кантракта і бальнічны па доглядзе дзіцяці

Для бацькі, які знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці замест маці, дзейнічаюць асаблівыя гарантыі: з яго згоды наймальнік абавязаны падоўжыць кантракт або заключыць новы як мінімум да заканчэння водпуску. Калі бацька вяртаецца да працы раней або пазней, кантракт павінен дзейнічаць як мінімум да дасягнення дзіцем пяці гадоў.

Працуючы бацька, які фактычна даглядае захварэлае дзіця да 14 гадоў, мае права на дапамогу па часовай непрацаздольнасці. Прадугледжана і магчымасць догляду дзіцяці да трох гадоў або дзіцяці з інваліднасцю да 18 гадоў у выпадку хваробы маці.

Асаблівая абарона для бацькоў без маці

На працуючых бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей без маці, распаўсюджваюцца гарантыі, прадугледжаныя для жанчын-маці. Гэта датычыцца і выпадкаў працяглага — больш за месяц — знаходжання маці ў арганізацыі аховы здароўя. Адзінокім бацькам нельга адмовіць у заключэнні працоўнага дагавора або знізіць зарплату з-за наяўнасці дзіцяці да 14 гадоў альбо дзіцяці з інваліднасцю да 18 гадоў, а звальненне па ініцыятыве наймальніка, уключаючы скарачэнне штату, абмежавана.

Датэрміновая пенсія для бацькоў дзяцей з інваліднасцю

Пры выкананні ўмоў бацька дзіцяці з інваліднасцю можа выйсці на пенсію на пяць гадоў раней — у 58 гадоў. Патрэбны не менш за 25 гадоў агульнага стажу, уключаючы пяць гадоў страхавога, і выкананне патрабаванняў па выхаванні дзіцяці. Права ўзнікае, калі маці набыла права на такую пенсію і адмовілася ад яе на карысць бацькі альбо не скарысталася ёю ў сувязі са смерцю. З 2025 года датэрміновая пенсія можа быць прызначана бацьку і тады, калі маці не набыла адпаведнага права, — умовы па стажы і выхаванні дзіцяці з інваліднасцю не менш за восем гадоў да паўналецця правяраюцца ў кожным выпадку.

Для афармлення гарантый трэба звярнуцца да наймальніка з заявай і дакументамі, якія пацвярджаюць права на канкрэтную меру: пасведчаннямі аб нараджэнні, дакументамі аб інваліднасці дзіцяці, звесткамі аб занятасці другога з бацькоў. Варта таксама азнаёміцца з калектыўным дагаворам — у арганізацыі могуць дзейнічаць дадатковыя меры падтрымкі.

Ягор ЧУРЫК


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю