Top.Mail.Ru

«Тата — наша апора і наш прыклад»

У доме Якаўлевых перад Днём бацькі асаблівая атмасфера — думаюць, што падарыць тату. Але які б падарунак ні быў прыдуманы, тут добра ведаюць: самае каштоўнае — гэта не рэч, а чалавек побач. Для Дар’і і дзяцей такі чалавек — Дзяніс, муж і бацька, разам з якім адчуваеш сябе пад надзейнай аховай. Як кажа сам галава сямейства: «Быць бацькам — гэта не проста словы, а штодзённая праца, якая не бачная звонку».


«Дзеці — наша адлюстраванне»

Дзяніс і Дар’я знаёмыя яшчэ з дзяцінства, а сышліся, калі ім было па дваццаць пяць, ужо маючы горкі вопыт іншых адносін. «Дзеці — у нечым нашы настаўнікі, — разважае Дар’я. — Гляджу на іх і разумею, што яны наша адлюстраванне. У той момант, калі пачынаеш аналізаваць учынкі дзяцей, можна шмат што памяняць і ў сабе». Для Якаўлевых дзеці — галоўны сэнс у жыцці. Яны стараюцца даць ім усё самае лепшае. «Веранічка ў нас творчы чалавек, — расказваюць сужэнцы. — Ходзіць у трэці клас, займаецца вакалам. Максім — шасцікласнік, захапляўся маляваннем, а сёлета яго зацікавіла стральба. Старэйшы, Сяргей, вучыцца ў аўтамеханічным каледжы на другім курсе па спецыяльнасці „Вытворчасць транспартных сродкаў“. Летам, пасля першага курса, працаваў на МАЗе — і яму спадабалася. У шаснаццаць гадоў — гэта сур’ёзны крок».

Сямейная пара падзялілася, што марылі пра дваіх і больш дзяцей. Нарадзіць трэцяе дзіця — дачушку, быў усвядомлены крок.

«Майстар  на ўсе рукі»

Галава сям’і працуе слесарам на заводзе «ЭлеМаш», які займаецца распрацоўкай і вытворчасцю прамысловага і тэхналагічнага абсталявання. Праца няпростая, фізічная, але мужчына ніколі не скардзіцца. «Ён у нас майстар на ўсе рукі, — усміхаецца Дар’я. — Яму трэба нешта рабіць, не можа проста сядзець».

Дзяніс стварае прыгажосць з металу. Любай жонцы цалкам абставіў уласны касметалагічны кабінет: зрабіў мэблю ў стылі лофт. «Стол, стэлаж — усё гэта яго рукі. І з дзецьмі ён такі ж: вырабы ў школу — гэта заўсёды з фантазіяй», — усміхаецца Дар’я.

Нядаўна тата разам з дзецьмі рабіў чарговы выраб у школу — прыгожы гадзіннік з падсветкай. Выразалі з дрэва, абпальвалі, упрыгожвалі лісцем. «Мы то выпальваем, то фарбуем, то будаўніцтвам лецішча займаемся, рамонт у кватэры робім, — сціпла расказвае Дзяніс. — І з дзецьмі, і з жонкай — усе разам».

«Калі гатуе тата — заўсёды смачней»

Ёсць у сям’і і кулінарная асаблівасць. 

Дар’я — кухар пятага разраду па першай прафесіі. Але дзеці ўпэўнены: калі гатуе тата — заўсёды смачней. «Нават калі муж зварыць проста макарону, гэта будзе смачней, чым у мамы, — смяецца Дар’я. — Я не ведаю, як ён гэта робіць. Але гэта так».

Дар’я — прадпрымальніца. І калі яна пачала свой шлях у самастойную працу, першае, што зрабіла, — спытала ў мужа: «Ці магу я паспрабаваць працаваць на сябе, ці будзеш ты мне дапамагаць з дзецьмі?», — успамінае яна. — Муж сказаў: «А як жа, дзеці ў нас на дваіх». У сужэнцаў няма падзелу на «жаночыя» і «мужчынскія» абавязкі. «Калі я на працы, Дзяніс можа і прыгатаваць, і прыбрацца, — кажа Дар’я. — Вечарам, калі Дзяніс прыходзіць і бачыць, што мяне няма дома ці я прыйшла толькі-толькі і стамілася, не будзе дзяліць, хто стаміўся больш. Ён ідзе і робіць».

«Чалавек, які трымае сваё слова»

Самая мужчынская рыса, якая цалкам задавальняе жонку, — гэта вернасць слову. «Мужчына, наколькі я лічу, павінен трымаць сваё слова, — кажа яна. — І гэта было зразумела з першых момантаў. Калі гэты чалавек сказаў, што трэба кудысьці паехаць ці нешта зрабіць, — так яно і будзе. Для дзяцей Дзяніс аддаецца на сто працэнтаў. У сям’і мама — „шкодная“, усіх ганяе, а тата — добры».

У падрыхтоўцы падарунка для таты Якаўлевы заўсёды падыходзяць з фантазіяй, любяць, каб гэта было не банальна. «Ён — наша апора, — кажа Дар’я. — Без яго я не змагла б усё гэта. Дзяніс не проста муж і бацька. Ён — чалавек, які трымае ўсю нашу сям’ю. І робіць гэта з любоўю».

Надзея ЗУЕВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю