Top.Mail.Ru

Таццяна Дамаронак. «Дзявочы лянок»

Таццяна Дамаронак, інжынер-энергетык па прафесіі, літаратурнай творчасцю займаецца з 2000 года. Піша казкі, а таксама апавяданні для дзяцей і дарослых. Аўтар кніг «Казкі сінявокай зямлі», «Вялікая і Малая Мядзведзіцы», «Хто Сароку напалохаў?», «Вясёлка над лесам», «Мы не забудзем!» і іншых.


У апавяданні «Дзявочы лянок» чытачам прапаноўваецца акунуцца ў жыццё невялічкай вёскі ў беларускай глыбінцы сто гадоў таму. Добрыя, разумныя, адкрытыя і шчырыя Андрэй і Домна нястомна працуюць, гадуюць дзяцей і моцна любяць свой родны край. У іх дачок Кацярыны і Ганны ёсць мара — вырасціць лён. І аднойчы яны звяртаюцца да бацькі з просьбай вылучыць ім для гэтага кавалачак зямлі…

Алена БРАВА

У адзін з вясновых дзён Вольга прачнулася раней звычайнага, калі забіяка сонечны праменьчык прабег па яе твары. Дзяўчынка зажмурылася, паднялася з ложка і падышла да акна. А там у небе ўжо ярка свяціла сонца, па двары беглі вясёлыя ручайкі з падталага снегу. «Надышла сапраўдная вясна! Хутка ўвесь снег растане, і я змагу лётаць басанож на луг, да рэчкі, у бярозавы гай!» — узрадавалася Вольга. Ёй надакучыла ўсю зіму сядзець у хаце каля акна, бо зімовага абутку ў малой не было, нават лапцікі леташнія знасіліся. Босую ў двор яе, вядома ж, не пускала маці, баючыся, што дачка застудзіцца і захварэе. Аднак да школы тата абяцаў сплесці малодшай дачцэ новыя лапцікі з ліпавага лыка.

Да радасці Вольгі, вясновае цяпло трохі прагрэла зямлю. І вось дзяўчынка ўжо бяжыць па ёй, пераступаючы бруд і лужыны, — туды, дзе зазелянела маладая траўка, прабіліся першыя кветкі. Ох, і прыгожы ж яе родны край! Неба чыстае, без адзінай аблачыны, празрыстае паветра пахне падталым снегам і вільгаццю, якая выпарваецца з зямлі. Недалёка ад вёскі, за полем, цячэ рака Друць, правы прыток магутнага Дняпра. Але ў гэтым месцы рака яшчэ вузкая, вада ў ёй халодная і чыстая, як у крыніцы. А крыніцы і сапраўды тут ёсць, хаваюцца пад балотамі. Гавораць, што Друць выцякае з такіх балот тоненькай крынічкай.

Аббегшы вёску, Вольга вярнулася дахаты. На суседнім двары крычаў певень. Ён сядзеў на тыне і махаў крыламі. Яркі чырвоны грабеньчык трапятаў на галоўцы. Загледзеўшыся на пеўня, дзяўчынка не заўважыла сваіх сясцёр Кацярыну і Ганну. Стомленыя, яны вярталіся са школы.

— Вальгута! Куды ты бегала па халоднай зямлі? Ідзі дахаты. Мама будзе шукаць! — пажурылі яе сястрычкі.

А ў хаце пахне смачным супам і бульбяной бабкай. Мама Домна прыспешвае сваіх дамачадцаў. Ёй трэба пасадзіць усіх за вялікі стол, сытна накарміць. Затым бацька Андрэй пачне абмяркоўваць хатнія справы і вясковыя навіны са старэйшымі сынамі. Вольга ў гэтых справах не ўдзельніца. Яна заб’ецца на печ разам з коткай ці паціху збяжыць да сваёй старэнькай бабулі ў суседнюю хату.

У Андрэя і Домны пяцёра дзяцей. Два дарослыя сыны Піліп і Мітрафан працуюць, сёстры Кацярына і Ганна вучацца ў школе. Вольга малодшая, яна нарадзілася ў сямнаццатым годзе і яшчэ толькі збіраецца праз год стать першакласніцай. Бацькам, ужо немаладым, весці ўсю гаспадарку было б не пад сілу. Старэйшыя дзеці з вясны да восені рупліва ім дапамагаюць.

Неўзабаве на палях растаў увесь снег, зямля добра выгралася, і ў вёсцы закіпела праца. Мужчыны, а часам і жанчыны ўскопвалі зямлю з дапамогай плугоў і коней, рыхлілі яе. Сяляне ўзаралі свае дзялянкі, каб пасадзіць там насенне пшаніцы і аўса, проса, бульбы.
Бацька Вольгі разам з сынамі таксама рыхтаваў зямлю для вясновай сяўбы. Тым часам Кацярына з Ганнай спыталі ў матулі:

— Ці не дасць нам тата кавалачак зямлі? Мы вельмі хочам пасадзіць лён. Нашы старыя спадніцы і сукенкі паабнасіліся. Калі мы вырасцім лён, то з ільнянога валакна сатчэм палатно і сшыем усім нам новую адзежу, — прасілі дзяўчаты, жаласна гледзячы ў матуліны вочы.

Яна з любоўю абняла, пацалавала іх. Як жа адмовіць дарагім дачушкам, бо яны так стараюцца, ходзяць у школу, ды яшчэ дапамагаюць ёй па гаспадарцы. Маці разумела, што яны падраслі, ім хочацца лепш адзецца, каб вясковыя хлопцы заглядаліся на іх. А прыгажосці ў Кацярыны з Ганнай не займаць. Вунь якія доўгія косы ў абедзвюх, вочы блакітныя ласкавыя, паходкі лебядзіныя. «У маіх дзяўчынак добрыя гарачыя сэрцы, працавітыя рукі, яны дапамагаюць мне ва ўсім, умеюць зрабіць лепш за мяне любую працу, — разважала маці, — трэба дапамагчы ім».

— Не хвалюйцеся, мае прыгажуні, — сказала яна, — я спытаю ў бацькі. Думаю, ён пагодзіцца.

Так, бацька пагадзіўся. Але разумеў, што яму прыйдзецца менш пасадзіць бульбы ці пшаніцы, а можа, аўса. Вядома, не толькі сям’ю трэба накарміць, але і жывёл таксама. Усе харчы прыходзілася дабываць на сваіх дзялянках: цяжкае было ў той час жыццё на вёсцы. «Добра, пасаджу менш аўса, а сена, дасць Бог, накосім больш, было б толькі добрае надвор’е», — вырашыў ён. Дочак крыўдзіць нельга. Яны маладыя і ўжо хутка стануць нявестамі.

— Тата дазволіў! — цешыліся дзяўчаты. Яны паспяшаліся заняцца пасадкай ільну, бо вясна ж у поўным разгары.

Усю зіму сёстры бераглі льняное насенне для пасеву і зараз асцярожна пасадзяць яго ў зямлю, не страціўшы ніводнага зярнятка. У народзе кажуць: «Пасееш лён — пажнеш золата». У вольны ад вучобы дзень сярэдзіны красавіка з раніцы Кацярына з Ганнай ужо былі на раллі і прыступілі да пасадкі льну-даўгунцу. А пасля — зноў вучоба і хатнія справы, якіх заўсёды безліч.

Вось і лета яснае ў поўным разгары. Дні сталі даўжэйшымі, ночы — зусім кароткімі.

— Каця, паглядзі, як наш лён расквітнеў! — усміхнулася Ганна.

Сястрычкі прыйшлі на раллю прапалоць і падрыхліць пасевы. Яны залюбаваліся, гледзячы на далікатныя кветачкі лёну. Гэта было так прыгожа! Блакітныя хвалі калыхаліся, як марскія, і тысячы вачэй кветак весела ўсміхаліся дзяўчатам.

— Так, усё ідзе добра! Праз два тыдні наш лён адкрасуе, і тады замест кветак завяжуцца скрыначкі, — адказала Каця.

У народзе кажуць: «Лён два тыдні квітнее, чатыры тыдні спее, на сёмы тыдзень насенне ляціць».

Нарэшце, надышоў час для Кацярыны з Ганнай збіраць ураджай ільну. Вольга пабегла на поле ўслед за сёстрамі. Яны абяцалі паказаць ёй, як акуратна вырываць ільняныя сцёблы з зямлі, а затым складаць у снапы. Цэлы дзень працы, і вось ужо на полі ў барознах замест ільну стаяць снопікі, злучаныя ў «бабкі».

— Так лён хутчэй падсохне, а калі змокне, то зноў высахне, — сказалі сёстры.

Кацярыне з Ганнай яшчэ хопіць працы. Каб потым атрымалася добрае мяккае валакно, лён трэба будзе церабіць, камячыць. І толькі калі са сцёблаў дзяўчаты выцягнуць белае валакно, па-народнаму «кужалёк», яны будуць з дапамогай калаўрота прасці з яго доўгія кудзелістыя белыя ніткі: кудзелю. Гэта няхітрая, але карпатлівая праца. Трэба быць спрытнай і ўважлівай, каб спрасці тоненькія льняныя нітачкі. Час рабіць гэта настане, калі будуць імжыць восеньскія дажджы. А школа яшчэ працягнецца ў іх жыцці.

Увосень іх сястрычка Вальгута таксама пайшла вучыцца.

— Мама! Мне падабаецца вучоба, — казала яна матулі. Вользе было цікава слухаць настаўніка і запамінаць усё, што ён казаў.

У канцы першага класа дзяўчынка навучылася чытаць і пісаць, чаму была вельмі рада. Цяпер яна магла прачытаць словы ў газеце, якую брат Піліп прыносіў дахаты. Дзяўчынка пачала разумець, што жыве ў краіне Саветаў. Але ў пачатку вучобы яна з цяжкасцю прывыкала да школьнага жыцця. Аднак не маркоцілася, нават імкнулася дапамагаць старэйшым сёстрам. Яны цэлымі вечарамі «сядзелі крукам» за ўрокамі і рабілі хатнія справы. У снежаньскія дні за калаўротам Кацярына з Ганнай пралі льняныя ніткі. «Я б не вытрымала такую працу», — думала Вольга, назіраючы за сёстрамі.

На радасць дзяўчат, да навагодніх свят усе льняныя ніткі былі спрадзены. А пасля Каляд у сясцёр пачаўся новы этап працы: яны пачалі ткаць палотны на кроснах. «Тчы палотны пры лучыне — не будзе ў хаце журбы», — казалі тады адно аднаму сяляне.

Сёстры не маркоціліся. Жыццярадасныя, светлыя і добрыя дзявочыя сэрцы заўсёды ўмелі знаходзіць радасць у сваім жыцці. Працуючы за калаўротам ці за кроснамі, дзяўчаты любілі спяваць. Прыгожыя народныя песні дапамагалі ім у працы. Далікатныя галасы дзяўчат цешылі родных. У хаце ўсе разумелі: да вясны ў Каці з Ганнай і нават у кагосьці яшчэ з сям’і будуць прыгожыя ўборы з новага льнянога палатна. Сёстры адбеляць яго і сшыюць сабе сарафаны, у якіх будуць красавацца ўвесну і ўлетку, прыцягваючы захопленыя позіркі хлопцаў.

«У хаце Андрэя з Домнай жывуць працавітыя дзяўчаты, добрыя майстрыхі, прыгажуні! — разляталася па вёсцы. — І не за гарамі той час, калі да іх прыйдуць сваты ад такіх жа добрых і працавітых вясковых хлопцаў».

... І як жа хочацца верыць, што камусьці з маладых дзяўчат таго далёкага часу, якія нарадзіліся ў беларускіх вёсачках, усміхнулася ў жыцці шчасце! Хоць, вядома, не ўсім. У тыя часы хваробы, якія яшчэ не навучыліся лячыць, губілі маладыя жыцці. А потым была Вялікая Айчынная вайна. Але ўсё ж такі камусьці з дзяўчат абавязкова пашанцавала. Інакш быць не магло! Шчасця і радасці вам, дарагія беларусы, ва ўсе будучыя стагоддзі!

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю