Тавараабарот Беларусі і Узбекістана летась вырас больш як на трэць. Пра гэта расказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Узбекістан Аляксандр Агароднікаў, паведамляе БелТА.
«2025-ы год ужо завяршыўся, і пэўныя вынікі можна ўжо як факт падвесці: тавараабарот паміж нашымі краінамі склаў больш за $850 млн. Мы вельмі блізкія да запаветнага мільярда, і ён ужо не здаецца такім недасяжным. Таму што летась тавараабарот вырас больш чым на 34 %, прычым рос і беларускі экспарт ва Узбекістан, і ўзбекскі — у Беларусь, што гаворыць аб вельмі актыўным развіцці эканомік дзвюх краін. Запатрабаваныя як беларускія, так і ўзбекскія тавары. Таму я ўпэўнены, што ў бліжэйшай перспектыве гэты мільярд будзе пераадолены», — адзначыў Аляксандр Агароднікаў.
Беларусь традыцыйна прадае прадукцыю сельгасмашынабудавання, дрэваапрацоўкі, мяса-малочную прадукцыю, лекавыя прэпараты — таварныя групы, якія складаюць аснову тавараабароту. Узбекістан пастаўляе агародніну і садавіну. «Сезон і надвор’е такія, што дазваляюць збіраць два, а часам і тры ўраджаі. Гэта датычыцца бахчавых культур, агародніны, садавіны, вінаграду, сухафруктаў — таго, да чаго ўжо прывыклі беларускія пакупнікі. Упэўнены, што гэтыя напрамкі таксама могуць развівацца. У прамысловасці Узбекістана ідзе вельмі актыўнае развіццё, ёсць пэўныя нішы, якія цікавыя і беларускім кампаніям», — падкрэсліў пасол.
Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын на чале ўрадавай дэлегацыі знаходзіцца з афіцыйным візітам ва Узбекістане. У Ташкенце Прэм’ер усклаў вянок да манумента Незалежнасці ў парку Янгі Узбекістон — 60-метровай стэлы, увянчанай інсталяцыяй Птушкі Хумо, якая з’яўляецца сімвалам міру, працвітання і свабоды.
Таксама Аляксандр Турчын наведаў вытворчы комплекс ТАА «TEXNOPARK», размешчаны ў Яшнабадскім раёне сталіцы на тэрыторыі былога Ташкенцкага авіяцыйнага завода. Прадпрыемства, створанае ў 2019 годзе для выпуску імпартазамяшчальнай прадукцыі, сёння аб’ядноўвае 17 высокатэхналагічных вытворчасцяў. Прэм’еру прадэманстравалі магутнасці па выпуску шырокага спектру прадукцыі: ад электронных прыбораў уліку газу, ліфтаў і эскалатараў да бытавой тэхнікі (халадзільнікі, пральныя машыны), прамысловага абсталявання (катлы, кандыцыянеры, помпы) і будматэрыялаў (сэндвіч-панэлі, алюмініевыя кампазітныя панэлі, базальтавыя ізаляцыйныя матэрыялы).
Сёння прэм’еры Беларусі і Узбекістана працягваюць працаваць разам, абмяркоўваючы перспектыўныя праекты і кірункі двухбаковага супрацоўніцтва.