Top.Mail.Ru

Тавараабарот сельгаспрадукцыі Беларусі з Расіяй у 2024 годзе павялічыўся на 15 %

Аб гэтым ішла гаворка падчас рабочай сустрэчы намесніка прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Юрыя Шулейкі з намеснікам старшыні ўрада Расіі Дзмітрыем Патрушавым. Бакі абмеркавалі супрацоўніцтва ў галіне аграпрамысловага комплексу, рыбнай гаспадаркі, прыродаахоўнай дзейнасці і экалогіі, паведамілі ў прэс-службе ўрада Расіі.


Так, падчас сустрэчы было адзначана, што ўзаемадзеянне дзвюх краін пашыраецца па цэлым шэрагу кірункаў, уключаючы сельскую гаспадарку.

Па папярэдніх даных, агучаных расійскім бокам, у 2024 годзе тавараабарот прадукцыі аграпрамысловага комплексу павялічыўся на 15 %, перавысіўшы 8 мільярдаў долараў. Былі агучаны спадзяванні на захаванне станоўчых тэндэнцый.

Дарэчы, стабільны рост дэманструе як узаемны гандаль, так і сумеснае засваенне замежных рынкаў. Краіны таксама паспяхова ўзаемадзейнічаюць у галіне насенняводства. У сферы экалогіі і прыродакарыстання актыўная работа вядзецца ў рамках сумеснай калегіі профільных ведамстваў.

Так, па выніках мінулага пасяджэння была падпісана праграма супрацоўніцтва па ахове навакольнага асяроддзя і рацыянальным прыродакарыстанні на трохгадовы перыяд. Мерапрыемствы праграмы накіраваны на сумесную дзейнасць па развіцці сістэмы функцыянавання асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, уключаючы экалагічны турызм і асвету, абмен вопытам у сферы дзяржаўнага экалагічнага кантролю і абыходжання з адходамі вытворчасці і спажывання.

Акрамя таго, у 2024 годзе была зацверджана «дарожная карта» трансгранічнага воднага супрацоўніцтва. У яе ўключана 119 мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне і аднаўленне водных аб’ектаў басейна Дняпра і Заходняй Дзвіны.

Па лініі міжурадавага савета СНД Беларуссю і Расіяй праводзяцца мерапрыемствы па ўдасканаленні геалагічнай вывучанасці прыгранічных тэрыторый, уключаючы маніторынг падземных трансгранічных вод. Гэта дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць эксплуатацыі радовішчаў.

Загаловак у газеце: Высокая ацэнка якасці

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю