Тавараабарот паміж Беларуссю і Расіяй за 5 месяцаў дадаў амаль 20 %. Пра гэта заявіў на палях Міжнароднай прамысловай выставы «ІНАПРАМ» у Екацярынбургу Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын падчас другога раўнда перагавораў са старшынёй урада Расійскай Федэрацыі Міхаілам Мішусціным, паведамляе БелТА.
Кіраўнікі ўрадаў прадоўжылі абмеркаванне актуальнага парадку дня двухбаковага супрацоўніцтва. Аляксандр Турчын падкрэсліў, што за гады існавання «ІНАПРАМ» даказаў сваю важнасць для дзвюх краін. На пляцоўцы можна ацаніць дасягненні прамысловасці і намеціць далейшы план узаемадзеяння.
«Узаемаадносіны дэманструюць упэўнены рост. Па выніках пяці месяцаў мы дадалі больш за 20 % ва ўзаемным тавараабароце. Гэта сведчыць, што мы знаходзімся на правільным шляху. У рамках Саюзнай дзяржавы вырашаем пералік пытанняў і задач ва ўмовах беспрэцэдэнтнага санкцыйнага ціску, — адзначыў Аляксандр Турчын. — Упэўнены, што тэмп узаемных сустрэч, нашых дыскусій захаваецца».

Паводле слоў Прэм’ер-міністра, узаемадзеянне ўрадаў знаходзіцца на найвышэйшым узроўні. «Я ўдзячны, што вы заўсёды 24/7 на сувязі, і любыя пытанні, якія ў нас узнікаюць, аператыўна вырашаем», — адзначыў Аляксандр Турчын, звярнуўшы ўвагу, што па цэлым шэрагу кірункаў, якія ўчора абмяркоўваліся, ужо знойдзеныя развязкі.
Таксама Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын сустрэўся з першым намеснікам старшыні ўрада Расіі Дзянісам Мантуравым. Бакі разгледзелі пытанні прамысловай кааперацыі і імпартазамяшчэння. Аляксандр Турчын падкрэсліў, што ў дзвюх краінах рэалізуецца значная колькасць сумесных праектаў.

Як паведамлялася, выстава «ІНАПРАМ» пачала сваю работу ў Екацярынбургу. Краінай-партнёрам сёлета выступае Інданезія. Асноўная тэма выставы — «Індустрыя 360: вытворчасць без межаў». Асаблівая ўвага будзе нададзена фарміраванню гнуткіх вытворчасцяў, якія ствараюцца на стыку аўтаматызацыі, штучнага інтэлекту і адзіных індустрыяльных экасістэм.
Беларуская экспазіцыя на выставе аб’яднала больш за 20 вядучых прадпрыемстваў: Беларускі металургічны завод, «Інтэграл», «Белкамунмаш», Мінскі аўтамабільны завод, Мінскі трактарны завод, «Магілёўліфтмаш» і іншыя флагманы прамысловасці. На стэндзе Made in Belarus прадставілі шырокую лінейку прадукцыі: ад металапракату і мікраэлектронікі да сучасных узораў электратранспарту і медыцынскага абсталявання.