Top.Mail.Ru

Таямніцы беларускай сталіцы: як археолагі пазбаўляюцца ад «белых плям»

Зусім недалёка ад МКАД, у вёсцы Гарадзішча, цяпер знаходзіцца археалагічны комплекс. Менавіта там цячэ рака Менка і там быў заснаваны горад, што сёння з’яўляецца сталіцай нашай краіны.


У летапісе Мінск упершыню згадваецца ў сувязі з бітвай на рацэ Нямізе ў 1067 годзе. Аднак гісторыя горада пачалася значна раней.

Што толькі не знаходзілі археолагі ў Мінскім гарадзішчы! Самую старажытную ва Усходняй Еўропе шахматную фігурку каня, унікальныя донцы гаршкоў з гербам Ізяслава і яшчэ шмат чаго цікавага... Пра таямніцы старажытнага горада пагаварылі з загадчыкам аддзела археалогіі сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі НАН Беларусі Андрэем Вайцяховічам.

— Падумайце самі: калі войскі кіеўскіх князёў прыйшлі і спалілі паселішча, дык, значыць, было што паліць! Раскопкі ў мінулым годзе дазволілі дакладна вызначыць дату заснавання Мінска — зіма 997–998 гадоў. Людзі назапасілі шмат бярвення і везлі яго з лясоў на санях па снезе, бо так лягчэй. І пачалі будаваць горад.

Як нарадзіўся Мінск

Наваколле ракі Менкі — вельмі прывабнае, прыстасаванае да жыцця месца. І людзі пасяліліся тут яшчэ ў каменным веку, 9000 гадоў таму! З таго часу жыццё тут практычна не спынялася.

— Самая старажытная знаходка — крэмніевы наканечнік стралы сёмага тысячагоддзя да нашай эры. Там, дзе сёння малое гарадзішча, у жалезным веку было паселішча культуры штрыхаванай керамікі. Потым, у дзявятым стагоддзі, з поўдня прыйшлі славяне. Паселішча паступова расло, і само гарадзішча пераўтварылася ў яго цэнтр. Там жылі рамеснікі, купцы, гандляры, а вакол канцэнтраваліся звычайныя сяляне. Людзі выбіраліся ў цэнтр, каб набыць прылады працы, гаршкі, купіць жонцы пацеркі і завушніцы ў падарунак.

Да канца X стагоддзя паселішча разраслося, і з’явілася неабходнасць абараняць нажытае багацце. Таму і было прынята рашэнне на гэтым месцы пабудаваць горад. Тэрыторыю вакол вялікага гарадзішча абнеслі драўлянымі сценамі (гароднямі) — адсюль і назва. Так з’явіўся Мінск.

— У малым гарадзішчы, дзядзінцы, жыла эліта: паплечнікі князя, баярства, дружына. У вялікім гарадзішчы сяліліся гандляры, рамеснікі, купцы. А вакол, з усіх бакоў, за ўмацаванымі сценамі, быў сам горад, дзе будавалі сабе жыллё простыя гараджане.

Што хавае мінская зямля

Сённяшняя вёска Гарадзішча стаіць на месцы горада Х—ХІ стагоддзя. Жыхары Гарадзішча вельмі часта знаходзяць штосьці цікавае на сваіх агародах.

— Там жа ідзеш — вакол бітая кераміка тых часоў! Мы знаходзілі тысячы ўнікальных экспанатаў. Візантыйскія амфары, арабскія, заходнееўрапейскія манеты, фаянсавы, шкляны посуд... У падпольнай яме пад хатай была знойдзена самая старажытная ва Усходняй Еўропе фігурка каня, зробленая з косткі лася. Селяніну не да шахмат, а вось у горадзе без магчымасці з карысцю бавіць вольны час не абысціся.

Яшчэ адна цікавая знаходка — сківіца кабана, ужыўленая ў дуб. Прыкмета язычніцтва. Знаходзілі ў XІX стагоддзі і на тэрыторыі Украіны. Свяшчэнныя гаі з такімі дрэвамі з прыходам хрысціянства высякалі і наўпрост скідалі ў раку. Аднак некаторыя дрэвы засталіся. А падчас будаўніцтва горада ў ход ішло ўсе, у тым ліку і гэтыя свяшчэнныя дрэвы.

Мінск быў вельмі заможным горадам. Напрыклад, археолагі знайшлі ювелірную майстэрню. Ёсць сведчанні, што ў горадзе была каменярэзная майстэрня, буйная вытворчасць ганчарнага посуду, якасная зброя, упрыгожанні з каляровых металаў.

— Гэта ўсё прыкметы горада — наяўнасць рэчаў, якія магла сабе дазволіць толькі вышэйшая праслойка грамадства. Унікальная знаходка — донцы гаршкоў з трызубцам, гербам Ізяслава. Такім посудам мог карыстацца толькі сам князь. Гэта — сведчанне таго, што Ізяслаў быў у Мінску, хадзіў па гэтай зямлі. І, хутчэй за ўсё, менавіта ён, калі ўжо стаў полацкім князем, аддаў загад пабудаваць тут горад. Пазней дзеля падтрымкі гандлю, для выкарыстання посуду больш шырокай публікай, ганчарам было дазволена ставіць княжацкае кляймо на сваю прадукцыю. Такога ў нас на Беларусі практычна нідзе больш не было. А на Менцы мы знайшлі ўжо каля 40 такіх донцаў гаршкоў.

Чаму горад перанеслі на Нямігу

Росквіт горада прыйшоўся на ХІ стагоддзе: большасць знаходак менавіта з гэтага часу. У 1067 годзе горад спалілі і абрабавалі войскі кіеўскіх князёў. Потым быў паход Уладзіміра Манамаха: зноў усё выразалі, спалілі, абрабавалі. У канцы ХІ стагоддзя жыццё на Менцы ўжо ледзь-ледзь трывала, былі зруйнаваны ўсе ўмацаванні. Калі гэту воласць князь Усяслаў Чарадзей аддаў свайму сыну Глебу, ён вырашыў не адраджаць былы горад і пабудаваў сабе новы — на Нямізе.

— Тая мясцовасць ужо не адпавядала патрабаванням часу. Горад стаяў на маленькай несуднаходнай рэчцы, само замчышча для XІІ стагоддзя мела невялікія памеры, умацаванні трэба было зносіць і будаваць нанова. А дрэва вакол няма: усё спілавалі. Жыхары перасяляліся, і горад на рацэ Менцы застаўся маленькім гандлёвым пунктам.

Вяртанне да жыцця

Аднак у XV стагоддзі гэты куток зноў ажыў — тут узнікла мястэчка Гарадзішча. Ім валодалі розныя шляхецкія роды, найбольш трывалы след пакінулі Пішчалы. Яны пабудавалі сваю сядзібу непасрэдна на месцы старажытнага замчышча.

— У мінулым годзе мы знайшлі пахаванні XV стагоддзя на самой пляцоўцы гарадзішча за валамі. Аднак спачатку была версія, што гэта гарадскія могілкі другой паловы ХІ — пачатку XІІ стагоддзяў. Мы не здаёмся і хочам знайсці драўляную царкву, якая дакладна там была. Мы знаходзілі каля дзясятка нацельных крыжыкаў, вельмі дарагі пазалочаны гузік з абліччам Хрыста, выкананы ў візантыйскім стылі. Такі гузік можа быць часткай убору святара.

Археалагічнага матэрыялу па XV—XІX стагоддзях вельмі шмат, расказвае Андрэй Вайцяховіч. Хопіць на цэлую кнігу. Найбольш знакаміты ўладальнік Гарадзішча — Рудольф Пішчала: менавіта ён у 1825 годзе ўзвёў будынак гарадской турмы, які празвалі «Пішчалаўскім замкам» (сёння — СІЗА на Валадарскага).

— Магілы Рудольфа Пішчалы і яго жонкі Соф’і доўгі час не маглі знайсці. І толькі ў 2018 годзе іх удалося раскапаць. У 1920-я гады пахавальню Пішчалаў і надмагіллі разбурылі і разам з рэшткамі проста выкінулі на сметніцу. Сёння іх перапахавалі і паставілі новыя надмагіллі.

Археолагі працягваюць работу на Мінскім гарадзішчы, праводзяцца новыя раскопкі. Напэўна, у найбліжэйшы час нас чакаюць новыя захапляльныя адкрыцці.

Юлія РАМАНЬКОВА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю