Наша імунная сістэма многімі ўспрымаецца як terra іncognіta, нейкае эфемернае ўтварэнне: яго нельга разгледзець ні на УГД, ні на рэнтгене, ды і адным аналізам яго дзейнасць не вымераць. Але пры гэтым практычна кожны другі лічыць, што імунітэт трэба абавязкова ўмацоўваць восенню, а вясной дык і пагатоў. Інакш чым можна растлумачыць павальнае захапленне ці то імунамадулятарамі, ці то вітамінамі, ці то біялагічна актыўнымі дабаўкамі. Пра прыкметы, якія насамрэч сведчаць аб зніжэнні імунітэту, міфы аб яго перагрузцы і дзейсныя метады ўмацавання, расказала ўрач-гігіеніст аддзела грамадскага здароўя Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алена Лойка.
Ёсць праблемы
Імунітэт — гэта ахоўная сістэма арганізма, якая супрацьстаіць чужародным вірусам і бактэрыям, а таксама пазбаўляецца ад старых і пашкоджаных клетак. Менавіта дзякуючы наяўнасці імунітэту арганізм спраўляецца з захворваннем і папраўляецца. Ды і само слова «імунітэт» паходзіць ад лацінскага «іmmunіtas», якое азначае «вызваленне, збавенне».
Імунітэт бывае прыроджаным і набытым. Прыроджаны закладзены ў чалавека з нараджэння, ён дзейнічае на ўсе чужародныя агенты і вызначаецца спадчыннасцю (генамі). А набыты фарміруецца пасля сустрэчы з канкрэтным чужародным агентам. Набыты імунітэт фарміруецца пасля інфекцыйнага захворвання ці пасля правядзення вакцынацыі. Так, напрыклад, дзякуючы выпрацаванаму імунітэту чалавек, перахварэўшы на некаторыя інфекцыйныя захворванні толькі раз у жыцці, становіцца неўспрымальны да іх, нават пры непасрэдным кантакце з хворымі. Да такіх хвароб адносяцца, напрыклад, адзёр і краснуха.
Што ж сведчыць пра аслаблены імунітэт? Такімі прыкметамі з’яўляюцца частыя прастудныя захворванні, хуткая стамляльнасць, раздражняльнасць, герпес на вуснах, працяглае павышэнне тэмпературы, сіндром хранічнай стомленасці, дрымотнасць, парушэнні сну, частыя галаўныя болі.
Што неабходна для падтрымання?
— Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, усяго 10 % людзей валодаюць імунітэтам, які абараняе іх практычна ад усіх захворванняў. Яшчэ 10 % маюць прыроджаны імунадэфіцыт: яны хварэюць вельмі часта. У астатніх 80 % сіла імуннай сістэмы залежыць ад умоў і ладу жыцця, — адзначае Алена Лойка.
Што ж рабіць, каб дапамагчы імунітэту? Найперш гэта збалансаванае харчаванне з дастатковай колькасцю бялкоў, вітамінаў і мікраэлементаў, клятчаткі. Садавіна неабходная нам для здароўя і настрою круглы год, але ўзімку і вясной асаблівую ўвагу варта аддаць ягадам — ад журавін да абляпіхі. Яны ўтрымліваюць вітаміны, мінералы, пекцін, арганічныя кіслоты, клятчатку — інакш кажучы, цэлы комплекс карысных рэчываў. Не варта забываць аб квашанай капусце. Гэты прадукт паляпшае імунітэт, умацоўвае косці і спрыяе нармалізацыі стрававання. Акрамя таго, змяшчае вітаміны А, В і С, а таксама кальцый, клятчатку, магній і жалеза, якія неабходныя нашаму арганізму.
Варта ўжываць і больш прадуктаў, багатых вітамінам D (рыба, якая з’яўляецца таксама крыніцай амега-3 і амега-6, яйкі, малочныя прадукты) і трыптафанам (індычка, курыца, арэхі). Вярнуць бадзёрасць пасля «зімовай спячкі» дапаможа печань траскі.
Важна наладзіць паўнавартасны сон. Менавіта падчас начнога сну ідзе найбольш актыўная выпрацоўка новых імунных клетак, таму спаць не менш за 8 гадзін штодня вельмі важна. Лепш класціся і ўставаць у адзін час нават у выхадныя дні, каб наладзіць свой біярытм.
Рэгулярныя заняткі спортам або рухальная актыўнасць у адпаведнасці з узростам і станам здароўя проста неабходны. Рух не толькі павышае агульны тонус арганізма і настрой. Падчас фізічнай актыўнасці павялічваецца выпрацоўка інтэрферонаў, лейкацытаў — важных байцоў імуннага фронту. А ў спалучэнні з рэгулярным загартоўваннем гэта выдатная трэніроўка для імуннай сістэмы. Мы не хварэем ад свежага паветра, марожанага ці халоднай тэмпературы. Прычынай захворвання заўсёды з’яўляюцца бактэрыі ці вірусы. Неабходны мінімум для здароўя — 30 хвілін штодзённай актыўнасці ўмеранай інтэнсіўнасці: хуткая хада, праца ў садзе, актыўныя гульні і інш. Недастатковая фізічная актыўнасць — гэта рост рызыкі развіцця дыябету, раку малочнай залозы і тоўстай кішкі, ішэмічнай хваробы сэрца.
Важная і адмова ад шкодных звычак. Даказана, што тытунёвы дым наносіць шкоду ўсім органам і тканкам арганізма чалавека, павялічвае частату развіцця сардэчна-сасудзістых ускладненняў, а таксама парушае імунітэт. У тытунёвым дыме ўтрымліваюцца канцэрагены і атрутныя смолы, якія аслабляюць рэакцыі імуннага адказу, правакуюць развіццё алергічных працэсаў і аўтаімунных захворванняў. Празмерны прыём этанолу значна павялічвае рызыку развіцця інфекцыйна-запаленчых захворванняў (асабліва з боку дыхальнай сістэмы), парушае функцыянаванне ахоўных бар’ераў (скуры і слізістых) і разбурае клеткі імуннай сістэмы.
Яшчэ адна важная ўмова — пазбягаць стрэсаў, падтрымліваць добры настрой. Беражліва стаўцеся да сваёй псіхікі, як мага менш думайце пра дрэннае, радуйцеся жыццю. Знайдзіце хобі: займіцеся маляваннем, музыкай, рукадзеллем ці іншымі творчымі відамі дзейнасці. Чытайце кнігі, вывучайце новыя мовы ці асвойвайце новыя навыкі. Стварайце камфорт дома.
Не варта адмаўляцца ад прышчэпкак па Нацыянальным календары для дзяцей і сезоннай вакцынацыі супраць грыпу для дарослых. Многія баяцца «перагрузіць» імунітэт прышчэпкамі. І дарма.
«Перагрузка» імунітэту — гэта ўстойлівы міф, які суправаджае вакцынацыю. Кожны дзень, кожную хвіліну наш арганізм падвяргаецца ўздзеянню сотняў антыгенаў, у тым ліку і вірусаў, і бактэрый, і алергенаў. Але ўсе чамусьці баяцца менавіта тых некалькіх дзясяткаў антыгенаў, якія знаходзяцца ў ампуле з вакцынай.
Можна не хвалявацца — прышчэпка не перагружае імунную сістэму
Па рэкамендацыі ўрача прымайце вітаміны і мінералы, якія дапамогуць умацаваць імунітэт, напрыклад, вітаміны С і D, цынк і селен. Яны могуць быць асабліва карысныя ў зімовы і вясенні перыяды, калі часта пакутуе імунітэт. Прыроднымі сродкамі для ўмацавання імунітэту з’яўляюцца эхінацея, жэньшэнь, лакрычнік, элеўтэракок і лімоннік. Рэкамендавана выкарыстоўваць травяныя настоі і адвары.
Ранняе выяўленне і лячэнне захворванняў, у тым ліку хранічных інфекцый, пачынаючы з карыесу і заканчваючы сінусітам, танзілітам і піеланефрытам, таксама спрыяе падтрыманню імунітэту.