Антарктыка — проста ідэальны прыклад непрадузятых і канструктыўных адносін паміж краінамі. Па вялікім рахунку, навуковыя дасягненні ў такіх глабальных кірунках, як заваяванне космасу, развіццё атамнай энергетыкі, супрацьдзеянне пандэміям, асваенне палярных рэгіёнаў, з’яўляюцца важным інструментам міжнароднай дыпламатыі.
Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з навукоўцамі і ўдзельнікамі
беларускіх антарктычных экспедыцый.
17 кастрычніка 2024 года
Вывучэнне Антарктыды — стратэгічная задача, рэалізацыя якой была распачата суверэннай Беларуссю амаль два дзесяцігоддзі таму, падкрэслівае начальнік Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў Уладзімір Рыжыкаў:
— Сёння наша рэспубліка ў ліку 58 краін, што вядуць на шостым кантыненце даследчую дзейнасць, і адна з нямногіх, якія маюць там станцыі. Навуковыя даследаванні праводзяцца па шэрагу кірункаў, якія замацаваны ў дзяржаўнай праграме. Перш за ўсё гэта класічныя даследаванні, якія курыруе Навуковы камітэт па вывучэнні Антарктыкі SСАR. Наша краіна — асацыяваны член дадзенай арганізацыі, і мы прытрымліваемся патрабаванняў, якія яна праводзіць. Гэта такія кірункі, як, напрыклад, вывучэнне фізікі атмасферы (гэтым займаюцца спецыялісты Інстытута фізікі НАН). Для вывучэння аэразольнага складу паветра беларускімі навукоўцамі распрацаваны ўнікальныя прыборы па дыстанцыйным зандзіраванні атмасферы: яны ўстаноўлены на беларускай арктычнай станцыі. Даныя паступаюць у міжнародную сетку Aeronet, якая дазваляе рабіць высновы аб складзе атмасферы на планеце, утрыманні аэразольных часціц і ў цэлым аб «здароўі» азонавага пласта Зямлі. Гэта навуковыя даследаванні фундаментальнага характару, якія маюць сусветнае значэнне, і Беларусь робіць у іх свой унёсак.
Яшчэ адзін ключавы кірунак — біялагічныя даследаванні, маніторынг біяскладніка на кантыненце. Экасістэмы Антарктыды ўнікальныя і вельмі ўразлівыя, а змяненне клімату закранула і гэты рэгіён. І рэакцыя жывых арганізмаў дае магчымасць рабіць глабальныя высновы. Арктычныя экасістэмы эталонныя, а таму могуць служыць індыкатарамі розных працэсаў, звязаных з кліматычнымі зменамі ў цэлым на планеце. Ёсць шэраг экалагічных кірункаў: Беларусь далучылася да Пратакола па ахове навакольнага асяроддзя, які быў ратыфікаваны ў 1991 годзе.
Што датычыцца выкарыстання напрацовак нашых палярнікаў у рэальных сектарах эканомікі (пра гэта не раз гаварылася на самым высокім дзяржаўным узроўні), то прывяду толькі некалькі прыкладаў. Гэта і інавацыйны прэпарат «Вегетацін» для абароны раслін, распрацаваны на аснове арктычных мікраарганізмаў, які ўжо выкарыстоўваецца на палях Беларусі, і даследаванні, звязаныя з хімічным складам арктычных мохападобных і лішайнікаў: атрыманы рэчывы, што паскараюць згусальнасць крыві. На іх аснове будуць распрацоўвацца інавацыйныя прэпараты для загойвання ран, рэабілітацыі ў пасляаперацыйны перыяд. Гэта і сумесныя даследаванні Інстытута эксперыментальнай батанікі і Інстытута біяарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь з РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі і РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, накіраваныя на стварэнне прэпаратаў на аснове выдзеленых з арктычнай флоры рэчываў для папярэджання раку.
Пакуль наша краіна мае, паводле Дагавора аб Антарктыцы, статус назіральніка. У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі дастаткова высока ацэньваюць шанцы нашай краіны на атрыманне ў найбліжэйшыя гады кансультатыўнага статусу. У планах навукоўцаў, працягнуўшы будаўніцтва станцыі ў Антарктыдзе, атрымаць з часам магчымасць праводзіць на лядовым кантыненце круглагадовыя навуковыя назіранні.
Фота БелТА