Мерапрыемства выклікала выключную цікавасць публікі — білеты на 28 лістапада былі раскуплены менш чым за суткі.
На працягу ўсёй сваёй шматгадовай гісторыі, якая налічвае больш за стагоддзе, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы нязменна станавіўся апорай для айчынных літаратараў. Тэатр вёў актыўную работу з беларускімі аўтарамі, накіроўваючы намаганні на тое, каб іх творчая спадчына стала часткай скарбніцы нацыянальнай тэатральнай культуры.
Сцэнічнае ўвасабленне на купалаўскіх падмостках атрымалі і творы маладой пісьменніцы Вікторыі КЛЯЎКО — аўтара вясковага рамана «Вырай», адзначанага журы літаратурнага конкурсу «LitUp». Урачыстая прэзентацыя гэтага твора адбылася ў сценах тэатра 27 верасня 2025 года. Падчас мерапрыемства артысты купалаўскай трупы прадставілі гледачам тэатралізаваную чытку «Вырая».
Значнасць «Выраю» надае той факт, што чытка стала рэжысёрскім дэбютам маладога артыста тэатра Ільі КРУКА. Такім чынам творчы эксперымент, які нарадзіўся ў плённым саюзе аўтара і рэжысёра, перарос у больш маштабнае тэатралізаванае чытанне «ВЫРАЙ. ЧЫТКА», выйшаўшы за рамкі камернага фармату.
Дарэчы, для Ільі Крука чытанні ў Купалаўскім тэатры — гэта пра штосьці асабістае. Ён падкрэслівае: «Тут, у гэтых сценах, заўсёды гучала беларуская мова, заўсёды казалі пра беларусаў. Менавіта таму для мяне прынцыпова важна, што гэты раман гучыць сёння ў нас».
Твор узнімае вечныя, класічныя тэмы, якія дзіўнай выявай знаходзяць водгук у сучаснасці. Дапагаюць у гэтым праніклівы голас народнай артысткі Зінаіды Зубковай, старадаўнія мелодыі, дэталі накшталт паху сена і яблыкаў, разважанні гераіні, якія пераплятаюцца з цытатамі з твораў беларускіх паэтаў.
Ілья Крук прызнаецца, што фармат чыткі даволі ўнікальны: «Калі мы чытаем, у гледача пачынае актыўна працаваць уяўленне, — кажа рэжысёр. — Многія людзі, далёкія ад традыцыйнага тэатра, адзначаюць, што ім значна бліжэй такі падыход. Ім не навязваюць чужое бачанне са сцэны. Яны чуюць арыгінальны тэкст аўтара і дабудоўваюць сваю ўласную карцінку».
А пагрузіць гледачоў у патрэбную атмасферу яшчэ да пачатку дзеяння закліканы спецыяльныя «сэты» тэатра, дзе яны могуць правесці час перад чыткай, адчуўшы тую самую глыбока асабістую, мабыць, для кагосьці забытую атмасферу хатняй утульнасці, якая ў кожнага асацыюецца з чымсьці сваім — выявай роднай вёскі, бацькоўскай хатай.
Аміна НАЗАРАВА
Фота: Ксенія ЛІННІК