Прадукцыю ААТ «Гродна Азот» ведаюць ва ўсім свеце. На Радзіме — таксама: ез яе не абыходзяцца ні буйныя сельгаспрадпрыемствы, ні дачнікі на сваім участку. Азотныя ўгнаенні — аснова ўраджаю. Ад іх якасці, збалансаванасці, разнастайнасці ў прызначэнні ў многім залежыць харчовая бяспека краіны, а значыць, без перабольшвання, — якасць жыцця людзей.
Дарэчы, літаральна днямі ААТ «Гродна Азот» і філіял «Завод Хімвалакно» ўшаноўваліся ў ліку «Лідараў прамысловасці Рэспублікі Беларусь — 2025», прычым завод атрымаў дыплом у катэгорыі «Запатрабаванасць у спажыўца» за іншую прадукцыю — паліямідныя ніткі, якія выкарыстоўваюцца пры вытворчасці дываноў.
Непасрэдна на прадпрыемстве (мы высветлілі складнікі якасці прадукцыі, а адпаведна, у тым ліку і будучага ўраджаю на палетках і сотках.
На самім заводзе, яго філіяле «Завод Хімвалакно» і чатырох унітарных прадпрыемствах працуе каля 10 000 чалавек. «Гродна Азот» выпускае звыш 50 найменняў прадукцыі, якая выкарыстоўваецца ў самых розных галінах. Генеральны дырэктар ААТ «Гродна Азот» Ігар Ляшэнка адзначыў, што прадпрыемства ў дасягненні належнай якасці прадукцыі абапіраецца на тры фундаментальныя прынцыпы: стратэгічнае планаванне, інавацыі і прафесіяналізм.

Тандэм інавацый і мадэрнізацыі
— Мы актыўна інвесціруем у перадавыя тэхналогіі, аптымізуем вытворчыя працэсы і ўдзяляем вялікую ўвагу развіццю кадравага патэнцыялу. Менавіта гэта камбінацыя дае магчымасць захоўваць лідарскія пазіцыі ў збыце і забяспечваць стабільны ўнёсак у эканоміку рэгіёна. Традыцыйна з пачаткам пасяўной кампаніі забяспечваем запыты і патрэбы, у першую чаргу, аграпрамысловага комплексу Беларусі ў мінеральных угнаеннях.
Адладжаны механізм работы дапамагае ўстойліва супрацьстаяць любым выклікам. Пры неабходнасці адбываецца пераарыентацыя экспартнага рынку. Асвойваюцца новыя «землі», пашыраецца спектр прадукцыі, што выпускаецца. Толькі за мінулы год з’явілася больш за 50 новых спажыўцоў прадукцыі. І, як адзначаюць на прадпрыемстве, гэта не мяжа.
На «Гродна Азот» дакладна разумеюць ролю інавацый — без іх, без новых тэхналогій канкурэнцыю на рынку не вытрымаць.

— Каля 25 % адгружанай летась прадукцыі мела статус інавацыйнай пры сярэднім паказчыку па краіне ў 22,3 %. А за чатыры месяцы 2025 года ўдзельная вага інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб’ёме адгружанага асартыменту вырасла ўжо да 42 %., — падкрэсліў Ігар Ляшэнка.
Адна з найважнейшых задач, пастаўленых на прадпрыемстве, — рэалізацыя праектаў Карты мадэрнізацыі дзейнай вытворчасці, у прыватнасці, па павелічэнні магутнасцяў дзвюх вытворчасцяў аміяку трэцяй і чацвёртай чэргаў, што дасць магчымасць выйсці на павялічаныя аб’ёмы выпуску разнастайнай прадукцыі.
— Мы запускаем дыверсіфікацыйны працэс — будаўніцтва ўстаноўкі атрымання прыліраванага нітрату амонію, дзякуючы чаму ў айчынную сельскую гаспадарку вернецца запатрабаваная салетра, а таксама праект, які прадугледжвае перапрацоўку аміяку — вытворчасць карбаміду магутнасцю 1500 т за суткі — карбамід пятай чаргі, — гаворыць кіраўнік прадпрыемства.

Стаўка на маладых
Якасць — гэта заўсёды і чалавечы фактар. Галоўны метролаг ААТ «Гродна Азот» Юрый Вронка прыйшоў на прадпрыемства ў 1987 годзе і ні разу не думаў аб змене работы.
— Я пачаў сваю кар’еру на вытворчасці ў якасці інжынера-электроншчыка. Тады яшчэ не было складаных аўтаматызаваных сістэм кіравання, таму ўсё пачыналася з паступовага абнаўлення і пераходу ад традыцыйных метадаў вымярэнняў да сучасных магутных аўтаматызаваных сістэм. З таго часу і прадпрыемства, і метралагічная служба, якую я ўзначальваю, значна выраслі і развіліся. Спецыялісты, якія тут працуюць, сталі больш кваліфікаванымі і дасведчанымі, — адзначае Юрый Вронка. — Наша дзейнасць — гэта бесперапынны працэс удасканалення.


Пацверджанне якасці прадукцыі — цікавасць інвестараў, у тым ліку і замежных. Сёння «Гродна Азот» працуе над новымі інвестыцыйнымі праектамі. Дзякуючы сур’ёзным намаганням закладзены асновы для бесперабойнай вытворчасці на найбліжэйшае дзесяцігоддзе. Аднак для ўстойлівага развіцця і нарошчвання магутнасцяў неабходна не толькі старанне адміністрацыйнага звяна, важныя і прафесійны падыход усіх задзейнічаных службаў і ўсведамленне адказнасці за вынік сваёй працы ўсімі катэгорыямі супрацоўнікаў. Ігар Ляшэнка звяртае ўвагу:
— Структура завода як высокатэхналагічнай вытворчасці абавязвае мець дасведчаны, добра падрыхтаваны персанал і прад’яўляць да яго высокія патрабаванні. Сёння недастаткова мець дыплом аб заканчэнні вышэйшай установы, неабходна прайсці на працягу доўгага часу, каля пяці-сямі гадоў, увесь тэхналагічны ланцужок, каб стаць паўнацэнным работнікам інжынерна-тэхналагічнага корпуса.
На «Гродна Азот» робяць стаўку на прыцягненне і замацаванне актыўнай, перспектыўнай і амбіцыйнай моладзі, накіраванай на самарэалізацыю, гатовай да поўнага паглыблення ў вытворчасць.
Аліса ВОЎК