Нягледзячы на развіццё тэхналогій, умовы надвор’я па-ранейшаму сярод ключавых фактараў сельскагаспадарчай вытворчасці. Кліматычныя змены кідаюць выклік як аграрыям-практыкам, так і навуцы. Што супрацьпаставяць навукоўцы «нябеснай канцылярыі»? Ці можа анамальна цёплая зіма стварыць праблемы для ўраджаю азімых? І якія прагнозы на будучы сельскагаспадарчы сезон? Пра гэта «Звяздзе» распавялі ў Навукова-практычным цэнтры па земляробстве НАН Беларусі.
Ураўненне з многімі невядомымі
— Сцвярджаць, што цёплая зіма гэтага года — адназначна дрэнна для азімых, не дакладна, — адзначае загадчык лабараторыі рэгуляцыі росту і развіцця раслін НПЦ па земляробстве НАН Беларусі, кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт Уладзімір Халадзінскі. — Ды і называць умовы перазімоўкі 2024–2025 «анамальна цёплымі» пакуль заўчасна. Напрыклад, у 2020 годзе кліматычная зіма ў нашай краіне наогул не наступіла (тэмпература паветра так і не апусцілася ніжэй 0° С). Што датычыцца ўплыву на азімыя культуры, тут ёсць як плюсы, так і мінусы. Да станоўчых аспектаў адносіцца мінімізацыя рызыкі пашкоджання раслін марозам. Расліны расходуюць менш пластычных рэчываў (цукроў), назапашаных перад «сыходам у зіму», а значыць, пры аднаўленні вегетацыі іх рост будзе больш актыўны. На фоне цёплага надвор’я ў апошнія гады ў раслін назіраецца млявая вегетацыя: нягледзячы на зіму, усе функцыі арганізма «ўключаны», ідзе назапашванне цукроў і рост каранёвай сістэмы, што вельмі важна для любой культуры. І ўсё гэта працуе на будучы ўраджай. Да адмоўных фактараў аднясём у першую чаргу павышэнне колькасці шкодных арганізмаў (узбуджальнікаў хвароб, насякомых-шкоднікаў, пустазелля), якія раней у значнай ступені гінулі пры прамярзанні глебы, паніжэнні тэмпературы, наяўнасці снежнага покрыва.
Пакуль будучы ўраджай непакою не выклікае, кажа навуковец. Але наперадзе ў нас яшчэ паўтара месяца зімы і вясна.
— У апошнія гады для Беларусі больш крытычна вясновае вяртанне халадоў на фоне аднаўлення вегетацыі раслін. Інтэнсіўны рост прадугледжвае зніжэнне ахоўных функцый, і пры зваротных замаразках пашкоджанні могуць быць істотнымі, — адзначае Уладзімір Халадзінскі. — А ў цэлым, не бывае аднолькавых гадоў, нейкі фактар заўсёды будзе мяняцца, так што прагнозы ў нашай сферы — справа няўдзячная. Правільней своечасова ацаніць сітуацыю і правесці тэхналагічныя аперацыі для зніжэння ўздзеяння неспрыяльных фактараў асяроддзя.
Падыход — індывідуальны
Як сучасныя тэхналогіі зніжаюць рызыкі, звязаныя з непрадказальнасцю надвор’я?
— Беларусь знаходзіцца ў «зоне рызыкоўнага земляробства», дзе рэдка складваюцца спрыяльныя для росту і развіцця раслін умовы, — падкрэслівае суразмоўца. — Усё часцей мы назіраем засухі, ліўні, якія суправаджаюцца моцным парывістым ветрам, познія вясновыя замаразкі, нетыповыя для нашага клімату тэмпературы. Так, у мінулым верасні ў некаторых рэгіёнах (у прыватнасці ў Магілёўскай вобласці) не выпала ні міліметра ападкаў, і азімыя сеялі літаральна ў пыл. Зразумела, спецыялісты прыклалі максімум намаганняў, каб мінімізаваць шкоду, але ўмовы надвор’я ўносяць карэктывы.
Калі казаць пра агратэхніку, то ў сучасных умовах найважнейшы фактар поспеху — аптымальныя тэрміны сяўбы, лічаць навукоўцы.
— Адносна яравых — чым раней мы іх пасеем, тым больш вільгаці ў іх будзе для прарастання, развіцця каранёвай сістэмы, асабліва ў паўднёвых рэгіёнах, — тлумачыць Уладзімір Халадзінскі. — Летась на поўдні краіны сяўба яравых пачалася ў лютым. Справа ў тым, што для азімых можна даць дастаткова дакладныя рэкамендацыі па аптымальных тэрмінах сяўбы — мы гэтае пытанне пастаянна вывучаем, і, заўважу, за апошнія дзесяць гадоў гэтыя тэрміны ссунуліся ў сярэднім на два тыдні (для паўночных рэгіёнаў — са жніўня на верасень, для паўднёвых — яшчэ далей у восень). А для ранніх яравых, такіх як ячмень, авёс, усё інакш: іх пачынаюць высейваць, калі праграванне глебы на глыбіні 10 см дасягае +5°C, і прывязаць сюды каляндарныя даты немагчыма.
А вось спазніцца з тэрмінамі сяўбы вельмі лёгка, і спазненне — адзін з фактараў, што лімітуе ўраджайнасць. Калі мы спазняемся на два тыдні, зніжэнне ўраджайнасці ў параўнанні з аптымальнымі тэрмінамі сяўбы можа скласці да 30 %.
І тут важна асобна разглядаць кожны раён і нават кожнае канкрэтнае поле.
— Гаворка пра «дакладнае земляробства»?
— Дакладнае земляробства актыўна ўкараняецца ў тым ліку як адказ на выклікі, звязаныя са змяненнем клімату.
На ўзроўні дзяржавы праводзіцца лічбавізацыя землекарыстання, ствараецца банк электронных карт палёў, дзе для кожнага поля за шэраг гадоў захоўваюцца ўсе паказчыкі і аперацыі, якія там праводзіліся. Гэта дазволіць у далейшым прымаць найбольш рацыянальныя рашэнні для кожнага канкрэтнага выпадку, у перспектыве — у тым ліку з удзелам штучнага інтэлекту.
Але маштабная лічбавізацыя землекарыстання — толькі першы этап. Наступны (і ён таксама ўжо актыўна рэалізоўваецца) — сістэма навігацыйнага кантролю тэхнікі, якая дазваляе дамагчыся стабільна высокай якасці ўсіх тэхналагічных аперацый. У меншай ступені прымяняюцца пакуль у Беларусі сістэмы дыферэнцыраванага ўнясення ўгнаенняў і пестыцыдаў. Але і ў гэтым кірунку ўжо ёсць прыклады паспяховай работы. У нашай краіне гэты элемент тэхналогіі дакладнага земляробства стрымлівае вялікая стракатасць палёў: нават у межах аднаго ўчастка можа быць да 10–15 глебавых адрозненняў з розным утрыманнем элементаў харчавання, кіслотнасцю і г. д. Гэта вызначаецца шляхам адбору проб і аналізу іх у лабараторных умовах. Ужо распрацаваны механізаваныя пробаадборнікі, якія палегчаць і паскораць гэты працэс. Ёсць таксама распрацоўкі, што даюць магчымасць з дапамогай мультыспектральнай камеры ацаніць утрыманне элементаў харчавання ў самой расліне. Далей праграма разлічвае неабходную колькасць рэчыва для ўнясення на кожны квадратны метр, у глебу альбо на расліну.
І, нарэшце, яшчэ адзін фактар поспеху — селекцыйная работа.
— Ураджайнасць збожжавых, кармавых, тэхнічных культур — паказчык комплексны. Дакладнае выкананне тэхналагічных аперацый, пачынаючы з падбору сорту — залог атрымання максімальнай прадукцыйнасці, — рэзюмуе Уладзімір Халадзінскі.
Арыентавацца сельгаспрадпрыемствам навукоўцы раяць на насенне айчыннай селекцыі. Беларускія сарты створаны ў нашых умовах і адаптаваны да іх, а на этапе дзяржсортавыпрабавання ацэньваецца патэнцыял іх прадукцыйнасці і вызначаюцца рэгіёны, дзе яны найбольш поўна яго рэалізоўваюць.