Дзе можна паказаць сябе таленавітым?
Трапіць на жывыя праслухоўванні, якія зараз праводзіць каманда папулярнага тэлепраекта, можна ў шэрагу гарадоў. А пасля, хто ведае, можа менавіта вам усміхнецца фартуна, і вы трапіце ў лік удзельнікаў новага сезона праектаў «Фактар.BY» і «Фактар.BY 60+».
Бо менавіта на іх ужо не першы сезон спраўджваецца мара многіх аб вялікай сцэне, прычым у любым узросце. Трэба толькі падрыхтаваць некалькі кампазіцый і не прапусціць праслухоўванні ў горадзе, які вам падыходзіць. Так, каманда тэлепраектаў ужо наведалася да ахвотных паказаць свае вакальныя здольнасці ў Брэст, Пінск, Баранавічы і Гродна. Там журы ўжо запрыкмеціла яркіх удзельнікаў.

— Зараз мы актыўна праводзім папярэднія кастынгі на праект «Фактар.BY», і я бачу шмат анлайн-заявак ад яркіх вакалістаў. Мне хочацца звярнуцца да кожнага артыста: чаму так важна прыйсці да нас на вочны кастынг? — дзеліцца спявачка Насця Краўчанка. — Так, у інтэрнэце можна выкласці ідэальнае відэа, але сцэна і жывая камунікацыя — гэта зусім іншая энергія. Калі вы прыходзіце да нас на праслухоўванні, то мы бачым не толькі ваш голас, але і харызму, уменне трымаць залу, вашу энергетыку і нават тое, як вы стрымліваеце хваляванне тут і цяпер. І гэта ўнікальны шанц таксама выбудаваць кантакт з журы, які не перадаць праз экран смартфона. Менавіта тут вы паказваеце, наколькі гатовыя да вялікай сцэны і можаце паказаць сябе шчырымі і сапраўднымі. Скарыстайцеся гэтай магчымасцю. Можа менавіта пра вас хутка будзе гаварыць уся краіна.

Нагадаем, да ўдзелу ў праслухоўваннях дапускаюцца людзі старэйшыя за 16 гадоў. Прэтэндэнтам патрэбна заспяваць ужывую перад журы без фанаграмы і коратка расказаць пра сябе. Калі ж вы, напрыклад, умееце аграць на нейкім музычным інструменце, то і яго прыхапіце з сабою. Таксама не забудзьце, што вам спатрэбіцца абавязкова дакумент, які сведчыць вашу асобу. І чакайце кастынгу ў вашым горадзе. У бліжэйшы час жывыя праслухоўванні пройдуць: 27 чэрвеня — у Віцебску, 30 чэрвеня і 1 ліпеня — у Гомелі, 5 і 6 ліпеня — у Магілёве, 7 ліпеня — у Бабруйску, а з 9 па 13 ліпеня — у Мінску.
Калі ўсё ж вы не можаце трапіць на кастынг вочна, то ёсць варыянт адправіць анлайн-заяўку. Патрабаванні да яе афармлення і адрас адпраўлення можна знайсці на сайце Белтэлерадыёкампаніі ў спецыяльным раздзеле. Там жа публікуецца і ўся актуальная інфармацыя па жывых праслухоўваннях. Дайце свайму таленту шанц быць пачутым!
Алена ДРАПКО
Фота прадастаўлена Белтэлерадыёкампаніяй