Яшчэ шэсць гадоў таму ён не мог выказаць нават здагадку, што яго жыццё будзе звязана не толькі з Беларуссю, але і з нашым тэлебачаннем. Ураджэнец Камеруна прыехаў у нашу краіну вучыцца, вывучыў рускую мову, атрымаў адукацыю інжынера-тэхнолага, працягнуў навучанне ў Акадэміі кіравання, а затым зусім выпадкова апынуўся перад тэлевізійнай камерай.
Сёння Стыў як вядучы праграмы «Белыя росы» на АНТ падарожнічае па Беларусі, знаёміцца з яе культурай, традыцыямі і людзьмі.
Невыпадковыя выпадковасці
У Беларусь Стыў Мадзіба прыехаў у 17 гадоў. Першапачаткова ніякіх планаў, звязаных з тэлебачаннем, у яго не было. Малады чалавек паступіў у БДАТУ і вывучыўся на інжынера-тэхнолага. Пасля заканчэння вучобы некаторы час разважаў, што рабіць далей. У выніку паступіў у Акадэмію кіравання, дзе пачаў навучанне ў магістратуры.
Тэлебачанне з’явілася ў жыцці нашага героя пазней. Жонку знаёмага Стыва запрасілі даць інтэрв’ю тэлеканалу. Сам знаёмы быў беларусам, яго жонка — іншаземкай. Першапачаткова меркавалася, што Стыў зможа дапамагчы ў якасці перакладчыка.
У выніку паездкі на інтэрв’ю Стыву нечакана прапанавалі паспрабаваць сябе ў кадры.
— І вось, калі мы туды прыехалі, мне зрабілі прапанову паўдзельнічаць у здымках праграмы «Белыя росы». Так усё і адбылося. Гэта было зусім нечакана, можна сказаць, выпадкова, але, безумоўна, вельмі прыемна, — успамінае ён.
Пры гэтым першае знаёмства Стыва з тэлевізійнай працай сталася для яго сапраўдным выпрабаваннем. Сказалі, што спачатку ён проста паедзе паглядзець, як працуюць іншыя, а з часам асвоіцца. Але ўжо ў першы дзень працаваць перад камерай давялося менавіта Стыву.
— Калі прыехаў на здымкі, высветлілася, што я — адзіны вядучы ў кадры. Мне трэба было гаварыць перад камерай. Шчыра кажучы, мяне накрыў такі стрэс, але гэта быў цікавы экспромт, — прызнаецца ён.
Праца ў «Белых росах» дала Стыву магчымасць пабываць у многіх кутках краіны.
— Я змог пазнаёміцца з беларускай культурай, паездзіў амаль па ўсёй краіне. Вельмі класныя людзі! І я з задавальненнем згаджаюся, калі мне прапануюць паехаць на здымкі ў нейкі новы горад, пазнаёміцца з новымі людзьмі, — кажа тэлевядучы.
Першыя ўражанні ад нашай краіны Стыў запомніў асабліва добра. Адным з галоўных адрозненняў, якое ён заўважыў пасля прыезду сюды, стала беларускае гарадское асяроддзе:
— Калі я прыехаў у Беларусь, не мог не адзначыць, што інфраструктура тут сапраўды на добрым узроўні. На вуліцах чыста, акуратна — гэта кідаецца ў вочы з першых дзён. Але галоўным адкрыццём аказаліся ўсё ж не чыстыя вуліцы, будынкі ці інфраструктура, а людзі.
Спачатку адаптацыя давалася няпроста. Трэба было прывыкаць да новай краіны, мовы і нават ежы. Пераломным момантам стала знаёмства з беларускімі сябрамі. Разам яны гулялі ў баскетбол, праводзілі час, размаўлялі, і дзякуючы гэтаму Стыў хутчэй прызвычаіўся:
— Праз сяброў я пазнаёміўся з вялікай колькасцю цікавых людзей і заўважыў, што беларускі менталітэт — гэта тое, што мне трэба, каб сябе адчуваць як дома. Адзінае, да чаго я да гэтага часу не магу прывыкнуць, гэта холад зімой.
Тэлевядучы прызнаецца, што яму складана змірыцца са снежнасцю беларускіх зім. Асабліва яркім успамінам засталася яго першая зіма, калі тэмпература апускалася да мінус 27 градусаў.
Паміж двума кантынентамі
Нягледзячы на тое, што Беларусь стала для Стыва звыклым месцам жыцця, сувязь з Камерунам для яго па-ранейшаму вельмі моцная. Там засталіся мама, сябры і ўспаміны з дзяцінства. Часам ён асабліва востра адчувае жаданне вярнуцца дамоў хаця б на некалькі дзён.
Яго цягне дадому не толькі з-за блізкіх. Важную ролю адыгрываюць нацыянальная кухня і атмасфера Камеруна.
— Камерунская ежа — цэлая гісторыя.
І яшчэ той самы камерунскі вайб: мы заўсёды на пазітыве, можам зладзіць свята нават у панядзелак. Гэта асаблівая атмасфера, якую я вельмі цаню, — тлумачыць ён.
Сваю адаптацыю Стыў апісвае як паступовы працэс сталення. Тут ён атрымаў адукацыю, шукаў сябе, асвойваў прафесію, вучыўся самастойна зарабляць і паступова фарміраваў уласнае ўяўленне пра будучыню:
— Я магу сказаць, што тут я стаў мужчынам.
Спачатку Стыў практычна не ведаў рускай мовы. Часу на яе вывучэнне з прычыны позняга прыезду ў Беларусь заставалася няшмат — усяго каля пяці месяцаў. Вялікую ролю ў вывучэнні рускай мовы адыгралі беларускія сябры і пастаянныя зносіны з імі. Сёння тэлевядучы здольны разумець і беларускую мову, у тым ліку яе мясцовыя асаблівасці. Свабодна гаварыць па-беларуску ён пакуль не можа, аднак навучыўся ўлоўліваць асобныя словы і з дапамогай гэтага разумець агульны сэнс размовы.
Моўны досвед Стыва незвычайны. Яго родная мова — французская, другой
мовай з’яўляецца англійская, якой ён валодае на ўзроўні носьбіта. Акрамя таго, ён ведае рускую, дзве камерунскія мовы і вывучае іспанскую, якой валодае прыкладна на ўзроўні А2. Такім чынам, у яго моўнай практыцы налічваецца амаль шэсць моў.
Гаворачы пра мысленне, Стыў не лічыць, што чалавек абавязкова думае на нейкай канкрэтнай мове. Працэс хутчэй звязаны з адчуваннямі і ўяўленнямі, а пры неабходнасці ён можа лёгка пераключацца паміж мовамі.
Ад спорта — да самаразвіцця
Беларусь Стыў паказвае не толькі гледачам «Белых рос», але і сваім сябрам і сваякам. Яго мама ўжо двойчы прыязджала ў Мінск. Разам яны знаёміліся са сталіцай, глядзелі Нацыянальную бібліятэку, наведвалі гандлёвыя цэнтры, аглядалі помнікі і славутасці.
Адным з абавязковых пунктаў знаёмства з Беларуссю становіцца мясцовая кухня. Стыў прызнаецца, што беларускія стравы ўжо сталі для яго звыклымі:
— З беларускай ежы перш за ўсё люблю дранікі. Таксама люблю традыцыйную беларускую бабку.
Па-за межамі здымачнай пляцоўкі Стыў застаецца актыўным чалавекам. Адно з галоўных яго захапленняў — баскетбол. Больш за тое, менавіта спорт дапамог яму хутчэй адчуць сябе сваім у незнаёмай краіне.
У яго штодзённым жыцці таксама прысутнічаюць трэнажорная зала, музыка і пастаяннае імкненне даведвацца нешта новае. Самаразвіццё Стыў успрымае практычна як асобнае захапленне.
Сёння гісторыя Стыва Мадзібы — гэта гісторыя чалавека, які прыехаў у Беларусь зусім маладым чалавекам дзеля вучобы, а праз некалькі гадоў стаў вядомым тэлевядучым. Прычым шлях да экрана стаўся не вынікам загадзя прадуманага плана, а дзіўнай шчаслівай выпадковасцю.
Стыў паспеў убачыць Беларусь з розных бакоў — не толькі як студэнт ці прыезджы, але і як вядучы, які падарожнічае па краіне і знаёміцца з яе жыхарамі. Магчыма, менавіта таму ён глядзіць на нашу краіну адначасова вачыма чалавека, які ўпершыню ступіў на гэтую зямлю, і чалавека, які з часам зрабіў яе сваім домам.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота з архіва героя публікацыі