Піце на здароўе!
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр ЛУКАШЭНКА:
«Я ўжо казаў: у нейкім годзе Арганізацыя Аб’яднаных Нацый ацаніла ваду: у нас і, па-мойму, у Харватыі аказалася самая чыстая. Таму забяспечыць мегаполіс амаль у два мільёны чалавек абсалютна артэзіянскай вадой — гэта найвялікшы подзвіг нашага пакалення. Цяпер Мінск жыве, як любая вёска, а вёскі ўсе ж жывуць са свідравін. Гэта вельмі сур’ёзны праект, і думаю, што мінчане гэта ацэняць. Гэта вялікая справа.»
Падчас удзелу ва ўрачыстым пуску артэзіянскай вады з падземных крыніц для водазабеспячэння Мінска, 10 студзеня 2025 года.
У пачатку 2025 года Мінск быў пераведзены на водазабеспячэнне з артэзіянскіх крыніц. Гэта стала самым маштабным праектам у краіне ў галіне водазабеспячэння. Ён абышоўся ў 700 мільёнаў рублёў. Будаўнікі прабурылі 90 свідравін, яшчэ каля чатырох дзясяткаў мадэрнізавалі, акрамя таго было пабудавана 114 кіламетраў трубаправодаў вялікага дыяметра. Такім чынам, падключэнне двухмільённага горада да падземных крыніц вады параўнальна з будаўніцтвам атамнай станцыі.
Амбіцыйны праект рэалізаваны, але работа не спынілася
Сёння сістэма цэнтралізаванага водазабеспячэння Мінска ўключае 15 буйных водазабораў, якія здабываюць ваду з артэзіянскіх свідравін, рыхтуюць яе і падаюць спажыўцам. У асноўным падземная вада транспартуецца без ачысткі, але на некаторых аб’ектах патрабуецца дадатковая апрацоўка з-за павышанай колькасці жалеза і марганцу.
— Таму мы выкарыстоўваем станцыі абезжалезвання, каб давесці якасць да нарматываў. Кантроль іншых параметраў вядзе акрэдытаваная лабараторыя па праграме вытворчага кантролю: вызначаюцца пункты адбору проб, паказчыкі і перыядычнасць.
У год праводзім звыш 200 тысяч даследаванняў — па іх выніках прымаем меры. Гэта дае магчымасць адсочваць якасць ад крыніц да размеркавальных сетак, — адзначае першы намеснік дырэктара — галоўны інжынер УП «Мінскводаканал» Антон ГАЛАСКОК і дадае, што спажыўцы атрымліваюць ваду самай высокай якасці.
Пры гэтым галоўная задача «Мінскводаканала» — забеспячэнне надзейнага водазабеспячэння і водаадвядзення сталіцы, што патрабуе штогадовай замены каля 3 % сетак са звышнарматыўным зносам (каля 60 км). Іх перакладка ў горадзе ўскладнена з-за павуціння падземных камунікацый — нават невялікі ўчастак можа стаць праблемай.
Адзін з самых маштабных праектаў, які сёння рэалізуе «Мінскводаканал», — рэканструкцыя Мінскай ачышчальнай станцыі — найбуйнейшага інжынернага аб’екта. Цяпер на ім актыўна вядуцца работы.
Раённым цэнтрам — новыя станцыі абезжалезвання
На тэрыторыі Мінскай вобласці паслугу водазабеспячэння аказваюць 11 арганізацый, з якіх 10 — спецыялізаваныя прадпрыемствы водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі. Яны аказваюць паслугі ў 2027 населеных пунктах з насельніцтвам каля 1,3 мільёна чалавек. На балансе знаходзіцца 2660 артэзіянскіх свідравін, 460 станцый абезжалезвання, 870 воданапорных веж, 7,7 тысячы км сетак водазабеспячэння і 2268 шахтавых студняў.
У мінулым годзе праведзена маштабная работа. Пабудавана 112 станцый абезжалезвання, 15 водазаборных свідравін, 153 міні-станцыі ачысткі вады, а таксама перападключана 6 населеных пунктаў на крыніцы з нарматыўнай якасцю вады. Штогод перакладаецца каля 80 км сетак водазабеспячэння, і 2025-ы не стаў выключэннем. Пабудавана 6,5 км новых сетак. На гэта прыцягваліся сродкі мясцовага і абласнога бюджэтаў — усяго патрачана каля 40 мільёнаў рублёў.
Летась у Мінскай вобласці ўвялі самую вялікую ў рэгіёне станцыю абезжалезвання — у Жодзіне. У снежні завяршылі будаўніцтва водазабору ў Чэрвені.
— Гэта быў адзіны раён з самай нізкай забяспечанасцю якаснай пітной вадой. Старыя свідравіны стаялі асобна, без кальцавання. Новы водазабор уключае 4 свідравіны, станцыю абезжалезвання, акрэдытаваную лабараторыю і 11 км новых сетак у райцэнтры, — расказаў намеснік генеральнага дырэктара па камунальнай гаспадарцы ДА «Жыллёва-камунальная гаспадарка Мінскай вобласці» Андрэй ШУЛЬГА.
У гэтай пяцігодцы на Міншчыне ўвага будзе засяроджана на рэканструкцыі водазабораў і станцый абезжалезвання ў раённых цэнтрах — многія з іх маральна і тэхнічна састарэлі. Плануецца таксама абнавіць інжынерныя камунікацыі ў Клецку, Лагойску і іншых гарадах.
Апроч таго, заменяць калектары і буйныя вадаводы дыяметрам ад 300 мм і вышэй — яны забяспечваюць вялікія населеныя пункты, але патрабуюць значных сродкаў пры малой працягласці.
— Хочам палепшыць якасць сцёкавых вод і завяршыць рэканструкцыю ачышчальных збудаванняў, пачатых за кошт крэдытаў замежных банкаў, фінансаванне якіх спынена. Аб’екты вядомыя, крыніцы сродкаў вызначаны — бюджэтныя і крэдыты беларускіх банкаў. Гэта датычыцца Слуцка, Салігорска, Любані, пасёлка Дружны і Барысава. Патрабуюцца немалыя грошы, але план зразумелы, — рэзюмаваў Андрэй Шульга.
Кампанент нацыянальнай бяспекі і сацыяльнай стабільнасці
Практыку прымянення заканадаўства ў галіне пітнога водазабеспячэння абмеркавалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. У цэнтры ўвагі пашыранае выязное пасяджэнне Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве Палаты прадстаўнікоў — вывучэнне практыкі прымянення заканадаўства ў галіне пітнога водазабеспячэння і водаадвядзення ў рамках падрыхтоўкі праекта закона Рэспублікі Беларусь «Аб пітным водазабеспячэнні і водаадвядзенні».
Дэпутаты наведалі водазабор са станцыяй абезжалезвання, другую па велічыні і прадукцыйнасці ў Мінскай вобласці, і ачышчальныя збудаванні гаспадарча-бытавых сцёкавых вод у Заслаўі, азнаёміліся з тэхналагічным працэсам ачысткі сцёкавых вод, наведалі лабараторыю кантролю сцёкавых вод.
Старшыня Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве Палаты прадстаўнікоў Юрый НАРКЕВІЧ адзначыў: «Хацелася б, каб закон пайшоў на карысць нашай краіне, на карысць нашым людзям. Шмат увагі ў законе надаецца якасці пітной вады. Упершыню мы закранулі тэму водаадвядзення, таму што ад гэтага залежыць наша экалогія. Будуць выразна расстаўлены прыярытэты па ролі такіх дзяржаўных органаў, як Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. А таксама будзе вызначана роля мясцовых органаў улады. Сітуацыі бываюць розныя. Напрыклад, калі здараюцца перабоі з вадой. Кожны павінен дакладна разумець, як дзейнічаць у гэтай сітуацыі».
У ходзе мерапрыемства былі абмеркаваны навацыі ў заканадаўстве, якія закранаюць якасць і своечасовасць прадастаўляемых насельніцтву паслуг, у тым ліку забеспячэнне пітной вадой, а таксама забеспячэнне надзейнай работы водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі.
Плануецца, што ўсе сістэмы водазабеспячэння і водаадвядзення будуць штогод праходзіць абавязковую інвентарызацыю, што дазволіць выключыць факты безгаспадарнасці . Такая навацыя закладзена ў праекце закона «Аб пітным водазабеспячэнні і водаадвядзенні», які рыхтуецца да другога чытання. Пра гэта расказала член Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве Палаты прадстаўнікоў Алена ХІЛЯ.
Законапраект прадугледжвае дзяржаўнае рэгуляванне вывазу каналізацыйных адходаў спецыялізаваным транспартам як дзяржаўнымі, так і прыватнымі структурамі. Вынікам такой навацыі стане ўстанаўленне абгрунтаваных тарыфаў усімі суб’ектамі. На сёння прыватныя структуры тарыфы ўстанаўліваюць самастойна, і часам яны неабгрунтавана завышаныя. Пры гэтым, заўважыла парламентарый, дадзеным законапраектам не прапануецца зусім адмовіцца ад прыватных структур. «Мы разумеем, што сістэма ЖКГ не зможа ўзяць на сябе ўвесь спектр паслуг па вывазе каналізацыйных адходаў», — патлумачыла Алена Хіля.
Таксама спрашчаецца сістэма змены мэтавага прызначэння зямлі для бурэння свідравін у выпадку, калі наяўная свідравіна па нейкіх прычынах пастаўляе пітную ваду неналежнай якасці. Прапануецца ўстанавіць магчымасць бурэння водаканаламі або арганізацыямі ЖКГ новых свідравін у больш кароткія тэрміны.
«Таму што вада людзям патрэбна ўжо цяпер. І калі свідравіна не спраўляецца альбо па нейкіх прычынах дае няякасную ваду, трэба хутчэй бурыць новую і даваць людзям ваду. Са спрашчэннем сістэмы нашы водаканалы будуць спраўляцца з гэтым значна хутчэй», — адзначыла дэпутат.
Усе прапановы, крытычныя заўвагі, пажаданні, выказаныя ў ходзе пашыранага выязнога пасяджэння, былі пачутыя распрацоўшчыкамі і пры неабходнасці знойдуць сваё практычнае ўвасабленне. Удзельнікі пасяджэння падтрымалі падыходы, прапанаваныя праектам закона Рэспублікі Беларусь «Аб пітным водазабеспячэнні і водаадвядзенні», які ў цяперашні час рыхтуецца для разгляду ў другім чытанні.
Дарэчы
Шахтавыя калодзежы нельга пакідаць без увагі
Дырэктар Бялыніцкага ўнітарнага камунальнага прадпрыемства «Жылкамгас», дэпутат Бялыніцкага райсавета Віктар Івулёў звяртае ўвагу на тое, што ў краіне шмат чаго робіцца для паляпшэння якасці пітной вады.
— Нягледзячы на тое, што вада і каналізацыя зараз знаходзяцца ў падпарадкаванні «Магілёўаблводаканала», гэта тэма нам вельмі блізкая, зразумелая, месцамі хваравітая. Дзяржпраграма «Чыстая вада» за пяцігодку дала свае пазітыўныя вынікі, вельмі шмат пабудавана станцый абезжалезвання для забеспячэння насельніцтва якаснай пітной вадой. Але на балансе жыллёва-камунальнай гаспадаркі засталіся шахтавыя калодзежы. Яны фінансуюцца за кошт сродкаў утрымання аб’ектаў добраўпарадкавання. З гэтымі калодзежамі, на жаль, ёсць сур’ёзныя праблемы. І самая вострая з іх не прывядзенне аб’екта ў прыдатны стан, а адсутнасць вады. На балансе нашага прадпрыемства знаходзіцца 817 калодзежаў. У 11 з іх цалкам панізіліся грунтовыя воды, і мы не можам аднавіць падачу пітной вады. Не заўсёды дапамагае нават тое, што мы іх паглыбляем ніжэй жалезабетоннага ствала. У некаторых выпадках вада з’яўляецца, а ў некаторых не. На жаль, у цяперашні час нарматыўная базавая дакументацыя не прадугледжвае будаўніцтва новых дробнатрубчатых свідравін, каб забяспечыць насельніцтва пітной вадой. Мы застаёмся з гэтай праблемай адзін на адзін. Людзі скардзяцца, што вады ў калодзежы няма. А мы, па сутнасці, нічога не можам зрабіць. Таму вялікія спадзяванні на новы закон «Аб пітным водазабеспячэнні і водаадвядзенні». Сітуацыя будзе спрашчацца, таму што яна сапраўды вельмі складаная. І яе ні ў якім разе нельга пакідаць без увагі. Там, дзе цэнтралізаванае водазабеспячэнне, насельніцтва атрымлівае якасную ваду. А дзе няма цэнтралізаванай падачы, без пэўных захадаў не абысціся.
Алена КРАВЕЦ, Яна ВАЛАСАЧ, Нэлі ЗІГУЛЯ.