Top.Mail.Ru

Тэматычную праграму рыхтуе Магілёўскі абласны драмтэатр да Дня Перамогі

Вялікую тэматычную праграму рыхтуе Магілёўскі абласны драматычны тэатр да Дня Перамогі. Пра гэта БелТА паведамілі ў адміністрацыі ўстановы культуры.



Усе мерапрыемствы будуць аб’яднаны праграмай VI маладзёжнай патрыятычнай акцыі «Скажы сваё слова за мір».

Старт акцыі дадуць 5 мая ў 18.00 — адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы III рэгіянальнага конкурсу работ выяўленчага мастацтва і фатаграфіі «Боль душы», прысвечанага ўвекавечанню памяці ахвяр генацыду беларускага народа, а таксама 85-й гадавіне абароны Магілёва ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Дадаткам да яе стане экспазіцыя «Вялікая вайна — Вялікая Перамога» з фондавай калекцыі мастацкага музея імя П.В. Масленікава. Работы размесцяцца ў арт-фае тэатра. Прэзентацыю будзе суправаджаць музычная праграма ў выкананні ансамбля класічнай і сучаснай музыкі «Экспромт-Класіка-Квартэт».

Пасля пройдзе паказ спектакля «А золкі тут ціхія...» паводле аповесці Барыса Васільева. Пастаноўка была створана летась да святкавання 80-годдзя Перамогі. Нягледзячы на драматызм таго, што адбываецца на сцэне, яна распавядае аб пранізлівым жаданні жыць і быць шчаслівым.

На наступны дзень, 6 мая, патрыятычная акцыя працягнецца V рэгіянальным конкурсам чытальнікаў, прысвечаным 85-й гадавіне абароны Магілёва і перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне. Таксама будзе прэзентаваная музычная праграма «Успаміны...», адбудзецца паказ спектакля «Апошні», які распавядае гісторыю апошняга ветэрана — удзельніка страшных падзей ваеннага ліхалецця.

У чацвер, 7 мая, драмтэатр запрашае на спектакль «Трыбунал» па п’есе беларускага класіка Андрэя Макаёнка. Дзеянне на сцэне распавядзе пра падзеі 1942 года ў адной з беларускіх вёсак, акупаванай нямецкімі войскамі. Да пачатку спектакля можна будзе паслухаць музычную праграму «Беларуская калекцыя. Яўген Глебаў».

Падвядзенне вынікаў рэгіянальных конкурсаў чытальнікаў, работ выяўленчага мастацтва і фатаграфіі адбудзецца 8 мая ў 15.00. У 16.30 магілёўцы і госці горада змогуць убачыць спектакль «Проста ты ўмела чакаць...», заснаваны на рэальных падзеях з лістоў франтавікоў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю