Аграрыі рэгіёна на карысць будучага ўраджаю максімальна эфектыўна задзейнічаюць цяпер кожны ўчастак.
Як на Гомельшчыне нарошчваюць тэмпы веснавой пасяўной кампаніі, карэспандэнт «Звязды» ацаніла на прыкладзе работы гаспадаркі Брагінскага раёна.
Працаўнікі Брагіншчыны спяшаюцца выкарыстоўваць кожную пагодлівую гадзіну. У адным з самых паўднёвых пунктаў Беларусі — на сельгасугоддзях ААТ «Чамярыскі» — ужо завяршылі першыя важныя этапы вясновых палявых работ, раннюю сяўбу і пачалі падрыхтоўку глебы да сяўбы кукурузы. На гэту культуру тут робяць вялікую стаўку. «Царыца палёў» у гаспадарцы сёлета будзе пасеяна на 1,5 тысячы гектараў. Для паспяховай сяўбы тут створаны ўсе ўмовы.
Дырэктар ААТ «Чамярыскі» Андрэй ЯТЧАНКА звярнуў увагу на тое, што у гаспадарцы ўжо цалкам завершана сяўба ранніх яравых збожжавых. Засеялі 150 гектараў аўса і столькі ж ячменю. Прыступілі да сяўбы аднагадовых траў для патрэб жывёлагадоўлі.
З пачатку сельгассезона ў гаспадарцы вельмі аператыўна прыступілі да закрыцця вільгаці глебы. Сёння працаўнікі ААТ «Чамярыскі» ўжо займаюцца падрыхтоўкай глебы пад кукурузу.
— Неабходна таксама закрыць вільгаць, унесці мінеральныя ўгнаенні, і ўжо перад выхадам механізатара, які будзе сеяць кукурузу, у поле на трактарах спачатку выйдуць працаўнікі, якія забяспечваюць перадпасяўную апрацоўку глебы, — тлумачыць дэталі пасяўнога клопату аграрыяў галоўны аграном ААТ «Брагінаграсэрвіс» — кіруючай кампаніі ААТ «Чамярыскі» Дзмітрый ПАНЧАНКА. — З-за таго, што кукуруза — культура не ранняга высеву, для старту гэтага этапу веснавой сяўбы заўжды чакаем аптымальныя ўмовы надвор’я, якія патрэбны. Гаспадарка ААТ «Чамярыскі» — адна з самых паўднёвых у краіне, таму сярод першых тут пачнуць сяўбу гэтай культуры.
Дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню і падтрымцы ААТ «Чамярыскі» таварыствам «Брагінаграсэрвіс» на палях гаспадаркі задзейнічаны вялікі тэхнічны арсенал. На сяўбе тут працуе механізатар ААТ «Брагінаграсэрвіс»27-гадовы Аляксей ГАЛАВАЧОЎ. У гаспадарцы яго характэрызуюць як вельмі адказнага работніка. Ужо другі сельгассезон ён за штурвалам новенькага энерганасычанага трактара. На магутнай машыне Аляксей задзейнічаны ў падрыхтоўцы глебы да сяўбы. Вельмі важна, што ён і дока ў рамонце тэхнікі. Безумоўна, такі досвед — вялікі плюс для механізатара.
Ганарыцца і падтрымлівае ў адказнай працы маладога аграрыя і яго вялікая сям’я. Аляксей Галавачоў рыхтуецца цяпер стаць татам у чацвёрты раз, таму імкнецца рупліва працаваць, каб добра зарабіць. А магчыма, цяпер і зараджаецца новая працоўная дынастыя хлебаробаў Брагіншчыны.
На моладзь у гаспадарцы робяць асаблівую стаўку. На сяўбе ААТ «Чамярыскі» працягвае справу свайго бацькі малады механізатар Пётр ЯФІМЕНКА. Зімой ён асабіста рыхтаваў свой трактар да новага сельгассезона.
— У тэхніцы ўпэўнены, — з баявым настроем выдае Пётр. У яго паслужным спісе цяпер ужо пятая пасяўная.
Між тым дадатковы выклік для аграрыяў — накладка адной на іншую па тэрмінах шэрагу сельгасзадач. Паралельна з сяўбой ранніх яравых культур у гаспадарцы не меншую ўвагу ўдзяляюць і азімым палеткам. Сёння мясцовыя аграрыі імкнуцца максімальна забяспечыць сябе бялковай сыравінай — рапсам — і чакаюць яго добрага ўраджаю.
— Радуе, як перазімаваў азімы рапс. У гаспадарцы пад гэтай культурай — 600 гектараў. Сёлета робім вялікую стаўку на яго, — падкрэслівае Дзмітрый Панчанка.
Аграрыі ААТ «Чамярыскі» аднымі з першых у раёне завяршылі першую падкормку азімага рапсу і прыступілі да другой. У цэлым жа ў гаспадарцы пасеяна 2 236 гектараў азімых збожжавых зерневых. Таму баявы настрой, з якім хлебаробы поўдня Беларусі стартавалі ў вясновых палявых работах, абяцаюць абавязкова захаваць і ў чарговых этапах сельгасгода.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ