Беларуская лёгкая прамысловасць працягвае ўпэўнена нарошчваць абароты, нягледзячы на ўсе выклікі сучаснай эканомікі. Прадукцыя «Беллегпрама» сёння пастаўляецца больш як у 60 краін свету, расказала старшыня канцэрна «Беллегпрам» Надзея Лазарэвіч. Ключавымі пазіцыямі беларускага экспарту застаюцца лён, гарбарныя вырабы, панчошна-шкарпэткавая і гарсэтная прадукцыя, а таксама скургалантарэя.
Безумоўным драйверам для айчыннага легпрама была і застаецца Расійская Федэрацыя. Паводле слоў Надзеі Лазарэвіч, на расійскі напрамак сёння прыпадае 91 % усіх паставак:
— Цяпер у прапрацоўцы знаходзіцца буйны праект з Міністэрствам прамысловасці і гандлю Расійскай Федэрацыі па пастаўцы тканіны-падкладкі для школьнай формы. Там таксама вельмі ўважліва адносяцца да таго, у чым ходзяць нашы школьнікі, нашы дзеці. Гэта пытанне і здароўя, і эканомікі, у тым ліку на перспектыву — калі будуць здаровыя дзеці, будзе здаровая нацыя, — адзначыла Надзея Лазарэвіч. — Прадпрыемства «Магатэкс» зараз непасрэдна займаецца гэтым прадуктам, прапрацоўвае тэхналогіі, каб увайсці ў лік асноўных пастаўшчыкоў у Расійскую Федэрацыю.
Зрэшты, геаграфія экспарту «Беллегпрама» не абмяжоўваецца Расіяй. Як падкрэсліла Надзея Лазарэвіч, ужо прапрацоўваецца супрацоўніцтва з Узбекістанам і Манголіяй, каб ствараць якасныя тканіны, займаць новыя нішы і адкрываць новыя краіны для паставак. У распрацоўцы знаходзіцца і афрыканскі напрамак, і сумесны праект з М’янмай. Перспектыў шмат, і перад беларускай лёгкай прамысловасцю стаіць задача іх пашыраць і ўзмацняць: «Нашы прадпрыемствы накіраваны толькі на станоўчы вынік, актыўна працуюць у дасягненні добрых фінансавых вынікаў. Але галіна ўсё ж патрабуе асаблівай увагі, мадэрнізацыі і паляпшэння тэхналагічнага патэнцыялу, каб быць больш канкурэнтаздольнай. Чым мы зараз і займаемся», — адзначыла старшыня канцэрна «Беллегпрам».
Аміна НАЗАРАВА