Top.Mail.Ru
38

Тэмпы яравой сяўбы на Віцебшчыне перавышаюць мінулагоднія

З ухілам на кукурузу

Па інфармацыі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама, на раніцу 6 красавіка аграрыі самай паўночнай вобласці краіны пасеялі больш за 43 тыс. га сельгаскультур, або 38 % ад запланаванага. Летась на гэтую ж дату было пасеяна крыху болей за 34 тыс. га. Усяго ж яравую сяўбу трэба правесці на плошчы больш за 300 тыс. га.

У структуры пасяўных плошчаў 114 тыс. га зоймуць раннія збожжавыя культуры, 20 тыс. га — яравыя крыжацветныя, больш за 11 тыс. га — лён. Дарэчы, гэты паказчык — найвышэйшы з ўсіх абласцей краіны.

Пад кукурузу адведзена 136 тыс. га сельгасугоддзяў. Сёлета робіцца ўхіл на вырошчванне гэтай культуры на зерне — яе плошчы павялічацца амаль утрая і дасягнуць 30 тыс. га. Хаця ва ўмовах паўночнага рэгіёна звычайна лепшы ўраджай даюць азімыя збожжавыя, кукуруза апошнія гады (за выключэннем мінулага, калі на прадукцыйнасці адмоўна адбілася празмерная вільготнасць) таксама радавала аграрыяў. Напрыклад, у 2024-м яе ўраджайнасць на зерне складала 90 ц/га, а ў паспяховых гаспадарках — больш за 120 ц/га.

Неабходнасць забяспечыць жывёлагадоўчую галіну, якая апошнім часам пастаянна адчувае недахоп канцэнтраваных кармоў, рацыёнам, багатым на спажыўныя рэчывы, скіравала ўвагу спецыялістаў АПК на кукурузу. Калі яе ўраджайнасць стане прагназуема высокай, у перспектыве плошчы пад «царыцу палёў» будуць пашыраць яшчэ ўдвая.

— Усе раёны вобласці даўно і актыўна ўключыліся ў вясенне-палявыя работы, — акрэсліла сітуацыю на грамадскіх палетках начальнік упраўлення земляробства, раслінаводства і кормавытворчасці аблсельгасхарча Іна БАГДАНАВА. — Традыцыйна раней за іншыя культуры сеем авёс, і яго сяўба практычна завершана. Настала чарга іншых ранніх зерневых і зернебабовых. Палі ў асобных гаспадарках пакуль мокрыя — сяўба там вядзецца на выбарачных участках.

Аграрыі спадзяюцца, што пахаладанне, якое прыйшло сама меней на тыдзень, не адаб’ецца на тэмпах важных веснавых работ. Абы не пайшлі дажджы, якія могуць дадаць вільгаці глебе і абцяжарыць уваход тэхнікі на палі.

— У нашым раёне самыя лёгкія на Віцебшчыне глебы, таму мы і лідзіруем па тэмпах сяўбы. Па стане на 6 красавіка пасеялі амаль 72 % ад запланаванага, — расказала начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Докшыцкага райвыканкама Наталія ВАРАБ’ЁВА. — Вядома, нельга скідваць з рахунку тое, як адказна і аддана ўсе ўдзельнікі пасяўной кампаніі —- ад кіраўнікоў гаспадарак да механізатараў — нацэлены правесці яе ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны. Матывуюць меры матэрыяльнага заахвочвання, распрацаваныя райсельгасхарчам.

Спецыяліст адзначыла важкасць дзяржаўнай падтрымкі, накіраванай на тэхнічнае ўзбраенне раёна па праграме развіцця АПК. Так, сельгаспрадпрыемствы сёлета ўжо атрымалі багата прычапной тэхнікі, тры энерганасычаныя трактары БЕЛАРУС 3522, чакаюць яшчэ дзве адзінкі такой тэхнікі, хутка аўтапарк пабагацее на чатыры «Кіраўцы» К-742М. З надзейнымі жалезнымі коньмі справы рухаюцца шпарчэй.

Святлана ЯКАЎЛЕВА

Фота дадзена газетай «Родныя вытокі», Докшыцы

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю