Top.Mail.Ru

Тэндэнцыі рынку жылля ў Беларусі: колькі каштуюць кватэры і якія раёны ў лідарах продажаў

Другі квартал на рынку жыллёвай нерухомасці сталіцы меў шэраг асаблівасцяў. У красавіку і чэрвені была зарэгістравана мінімальная для гэтых месяцаў за пяць гадоў колькасць здзелак — 1139 і 1085 адпаведна, а май перавысіў толькі май 2021-га — 1251 здзелка, паведамілі ў Дзяржаўным камітэце па маёмасці. На долю здзелак з аднапакаёвымі кватэрамі прыпадала 43 % ад іх агульнай колькасці, з двухпакаёвымі і трохпакаёвымі — 34 % і 19 % здзелак.


Даходы падтрымліваюць попыт

На новабудоўлі прыйшлося 11 % здзелак з кватэрамі, абсалютная большасць якіх — аднапакаёвыя. У Дзяржкаммаёмасці заўважылі, што больш за палову гэтых кватэр маюць плошчу звыш 44 квадратных метраў, гэта значыць, патэнцыяльна могуць мець большую колькасць пакояў.

«Рост кошту квадратнага метра робіць кватэры менш даступнымі для многіх пакупнікоў, аб чым сведчыць зніжэнне актыўнасці. Аднак рост даходаў насельніцтва і курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют, такіх як долар ЗША і еўра, падтрымліваюць попыт», — адзначылі ў Дзяржкаммаёмасці. — На фоне павелічэння цэн на жыллё вырасла доля кватэр з коштам больш за $ 100 тыс. у эквіваленце (пятая частка ўсіх здзелак). Найбольш папулярны дыяпазон — ад $ 60 да $ 80 тыс. — 39 % здзелак, што на 6 працэнтных пунктаў больш за паказчык мінулага года.

Эксперты падлічылі, што больш за ўсё здзелак у другім квартале здзейснена ў Фрунзенскім раёне сталіцы — 652. 

Упершыню за доўгі час Кастрычніцкі раён апынуўся на другім месцы, нязначна саступаючы лідару. У найменш актыўным Партызанскім раёне было здзейснена ў 4,6 раза менш здзелак. Больш за сто здзелак здзейснена ў чатырох мікрараёнах Мінска — гэта «Мінск-Мір», а таксама Сухарава, Малінаўка і Серабранка.

Усяго ў Мінску за другі квартал было прададзена 180 тысяч «квадратаў» кватэрнай плошчы. Пры гэтым грашовы абарот здзелак склаў больш за 304 мільёны долараў ЗША ў эквіваленце.

Дзе патаннелі трохпакаёўкі?

На першасным рынку больш прыкметна падаражэў квадратны метр аднапакаёвых кватэр — на $ 80. Кошт «квадрата» двухпакаёвых дадаў $ 30, а трохпакаёвых — знізіўся на $ 30. «Для нівеліравання структурных змяненняў на першасным рынку частка здзелак у новым жылым комплексе на поўначы Мінска з цаной квадратнага метра ад $ 1820 да $ 2610 і ў жылым комплексе на вуліцы Нававіленскай з цаной квадратнага метра ад $ 1820 да $ 2530 былі выключаны з аналізу», — расказалі ў Дзяржкаммаёмасці.

Што датычыцца другаснага рынку, то ў кошце больш за ўсё дадалі аднапакаёвыя кватэры (плюс $ 90 за «квадрат»), перасягнуўшы адзнаку $ 1900. Двух- і трохпакаёўкі падаражэлі на $ 80 і $ 50 за квадратны метр адпаведна. «Дынаміка сярэдніх цэн па месяцах таксама паказвае іх плаўнае павелічэнне. У красавіку ў параўнанні з сакавіком кошт павялічыўся на 1-2 % у залежнасці ад колькасці пакояў, а ў маі адноса красавіка і ў чэрвені адносна мая — да 3 %», — паведамілі ў Дзяржкаммаёмасці.

Самай дарогай па агульным кошце ў другім квартале стала здзелка з пяціпакаёвай кватэрай плошчай больш за 200 квадратных метраў, размешчанай у цэнтры (квартал вуліц Няміга, Янкі Купалы, Куйбышава, праспект Машэрава, Казлова, Змітрака Бядулі, Першамайская, Ульянаўская, Свярдлова, праспект Незалежнасці). Яна абышлася пакупніку ў $ 1,1 млн у эквіваленце.

Самай дарагой па кошце квадратнага метра стала здзелка таксама ў цэнтры. Адзін «квадрат» з кватэры плошчай больш за 120 квадратных метраў абышоўся пакупніку ў $ 6104.

Тым часам

Пачым «квадрат» у абласных цэнтрах?

У Дзяржаўным камітэце па маёмасці прааналізавалі тэндэнцыі на рынку жыллёвай нерухомасці ў абласных цэнтрах Беларусі. Сярэдні кошт здзелак куплі-продажу кватэр па выніках красавіка — чэрвеня, у параўнанні з першым кварталам, павялічыўся ва ўсіх гарадах. Максімальны рост зафіксаваны ў Гродне — плюс $ 100 у эквіваленце. У Брэсце кошт «квадрата» ў другім квартале ў сярэднім склаў $ 1060 (плюс 3 %), у Віцебску — $ 790 (плюс 4 %), у Гомелі — $ 870 (плюс 10 %), у Гродне — $ 840 (плюс 14 %), у Магілёве — $ 880 (плюс 5 %).

30071-1.jpg

За другі квартал сумарна ў абласных цэнтрах здзейснена 2,7 тыс. здзелак, што на 16 % менш за паказчык студзеня — сакавіка. Як і ў сталіцы, іх колькасць знізілася ва ўсіх гарадах (максімальна — у Гродне), за выключэннем Брэста. У гэтым абласным цэнтры было здзейснена 516 здзелак, у Віцебску — 557, у Гомелі — 597, у Гродне — 694, у Магілёве — 412. «У папярэдніх перыядах высокая актыўнасць рынку ў Гродне была звязана з пакупкай кватэр ва ўведзеных у эксплуатацыю жылых шматкватэрных дамах, — адзначылі ў Дзяржкаммаёмасці. — У Брэсце і Гродне пераважна набывалі двухпакаёвыя кватэры, у Віцебску, Гомелі і Магілёве попыт размеркаваўся раўнамерна паміж аднапакаёвымі і двухпакаёвымі кватэрамі».

У Дзяржкаммаёмасці расказалі, што, як і ў папярэднім квартале, максімальны грашовы абарот на рынку кватэр адзначаны ў Гродне — $ 32,8 млн, найменшы сярод абласных цэнтраў зафіксаваны ў Магілёве — $ 16,7 млн. Пры гэтым самая дарагая па кошце квадратнага метра здзелка была праведзена ў Магілёве: кватэра, размешчаная ў мікрараёне Задняпроўе, плошчай каля 30 кв. м у доме 2022 года пабудовы была прададзена па цане $ 1860 за «квадрат». А самая дарагая па агульным кошце здзелка была праведзена ў Брэсце: кватэра, размешчаная ў мікрараёне «Цэнтр», плошчай каля 120 кв. м у доме 2023 года пабудовы была прададзена больш чым за $ 200 тыс.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю