Паміж Беларуссю і Польшчай ідзе дыялог. Гэта цяжкая і сур’ёзная праца, але вынік будзе дасягнуты. Пра гэта па выніках дакладу Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку заявіў журналістам старшыня КДБ Беларусі Іван Тэртэль, паведаміла БелТА.
«З Польшчай у нас ідзе дыялог. Я б сказаў, што мы дасягнем выніку. Трэба, каб польскі бок, скажам так, стымуляваў некаторых сваіх саюзнікаў выканаць свае саюзніцкія абавязацельствы. У нас такое разуменне ёсць, у іх таксама разуменне ёсць. Работа цяжкая, сур’ёзная работа», — сказаў Іван Тэртэль. Ён таксама падкрэсліў, што адпаведная работа вядзецца пад вельмі чулым патранажам і кантролем з боку кіраўніка дзяржавы.
Кіраўнік КДБ адзначыў, што хоць Польшча з’яўляецца членам НАТА, Еўрапейскага Саюза, мае цесныя адносіны з ЗША, але польскі бок заўсёды адрознівала арыентацыя на свае ўласныя нацыянальныя інтарэсы. «Таму мы ўсё-ткі назіраем пэўнае ўсведамленне тых няправільных крокаў, якія былі зроблены папярэднім польскім кіраўніцтвам. Звязаныя з закрыццём граніц, спробамі ціску, пытаннямі міграцыі і іншымі рэчамі — эканомікай, транзітам тавараў, людзей праз нашу тэрыторыю», — заявіў ён.
З яго слоў, дыялог з польскім бокам не перарываўся ніколі. Напрыклад, існавалі кантакты паміж дыпламатычнымі ведамствамі на розным узроўні. «Цяпер яны перайшлі ў больш актыўную фазу. Вядома, ёсць кантакты паміж спецслужбамі», — сказаў Іван Тэртэль.
Ён растлумачыў, што часам менавіта канал па лініі спецслужбаў неабходны, каб у ціхай абстаноўцы вырашаць тыя ці іншыя істотныя для бакоў пытанні. «Заўсёды знаходзяцца агульныя падыходы, і мы можам адкрыта гэтыя пытанні абмяркоўваць, — адзначыў старшыня КДБ. — Так, па лініі спецслужбаў таксама маюцца кантакты з польскім бокам, падчас якіх абмяркоўваюцца найбольш вострыя пытанні. Мы, вядома, па даручэнні кіраўніка дзяржавы працуем у гэтым кантэксце шчыльна з нашымі калегамі з Міністэрства замежных спраў. Настрой, зноў жа, нам задае кіраўнік дзяржавы».
Іван Тэртэль звярнуў увагу, што ў адносінах да Польшчы Беларусь неаднаразова на працягу апошніх гадоў прымала жэст добрай волі: «Памілаванне і вызваленне асоб, асуджаных за шпіянаж. І іншыя дзеянні, якія былі не публічнымі».
«Мы пэўны водгук знаходзілі, але не заўсёды знаходзілі вырашэнне тых ці іншых вострых праблем. Цяпер такіх вострых праблем фактычна тры-чатыры ёсць. Яны звязаны з неабходнасцю рабіць сустрэчныя крокі, разумеючы нашу зацікаўленасць у эканамічным развіцці, развіцці сувязяў паміж людзьмі. І іншыя пытанні, якія патрабуюць вырашэння», — дадаў кіраўнік КДБ.
Ён адзначыў, што абмяркоўваюцца і пытанні, звязаныя з так званымі падрыўнымі цэнтрамі, якія існуюць на тэрыторыі суседніх дзяржаў — у краінах Балтыі, Польшчы і Украіне. «Мы абмяркоўваем з нашымі калегамі дастаткова адкрыта падчас гэтых кантактаў. Яны разумеюць, што тыя праекты, якія вызначаліся і пачалі рэалізоўвацца ў 2020 годзе, ужо немагчыма рэалізаваць. Таму для іх гэта пэўны цяжар, які яны хацелі б з сябе скінуць і не мець гэтага раздражняльніка ў адносінах», — растлумачыў Іван Тэртэль.
Больш за тое, ён падкрэсліў, што фінансавыя сродкі, якія ўкладваюцца ў падобнага роду дзейнасць за мяжой, таксама ў выніку патрабуюць аддачы. Аднак з таго боку ёсць разуменне, што цяпер нешта зрабіць у гэтым плане ўнутры краіны і неяк дэстабілізаваць абстаноўку ў Беларусі не ўяўляецца магчымым, а адпаведныя выдаткі кладуцца сур’ёзным цяжарам.