Top.Mail.Ru

Тое, што нас яднае

Трыццаць гадоў назад на рэспубліканскім рэферэндуме беларусы выбралі сімвалы, якія адпавядаюць нацыянальным каштоўнасцям і нясуць у сабе традыцыі стваральнага развіцця

У кожнай суверэннай дзяржаве ёсць ідэнтыфікацыйныя сімвалы, якія вызначаюць прыналежнасць канкрэтнага чалавека да адзінай супольнасці. Гістарычна гэта дзяржаўныя герб і сцяг. Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь штогод адзначаецца ў нашай краіне ў другую нядзелю мая.

Гісторыя ведае мноства прыкладаў як пазітыўнага, так і негатыўнага выкарыстання сімвалаў у грамадскім жыцці. Ва ўсе часы гэтая сфера з’яўлялася неад’емным элементам дзяржаўнасці і рэгулявалася адпаведнымі структурамі. Маніпуляванне сімваламі і паняццямі, як правіла, прыводзіла да сацыяльных выбухаў і дэструктыўных наступстваў.

Сімвалы беларускай дзяржаўнасці маюць уласную гісторыю, а іх сучасныя выявы, хоць і зведалі істотныя змены, захавалі ў сабе ўсё найлепшае з тых, пад якімі развівалася першае дзяржаўнае ўтварэнне са словам «Беларусь» у назве, пад якімі рэспубліка адраджалася пасля страшнай вайны, пад якімі станавілася ў складзе вялікай дзяржавы славутым «зборачным цэхам», у якім найбольш цаніліся інтэлект і працавітасць.

Герб стваральнай працы

Сярод сімвалаў суверэннай дзяржавы дзяржаўны герб займае асаблівае месца. У ім адлюстроўваюцца яе сутнасць, гісторыя, спадчына і памкненне ў будучыню.

Можна сказаць, што гісторыя стварэння сучаснага герба Беларусі пачалася 3 лютага 1919 года. У той дзень на Усебеларускім з’ездзе Саветаў, які праходзіў у Мінску, была прынята Канстытуцыя Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусіі (ССРБ), у артыкуле 31 якой апісалі першы афіцыйны герб маладой дзяржавы: «Герб С.С.Р.Б. складаецца з выявы на чырвоным фоне ў праменях сонца залатых сярпа і молата, змешчаных крыж-накрыж ручкамі ўніз, абрамленых вянком з каласоў і з надпісам: а) Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусія; б) Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!».

Сімвалы новага герба не былі выпадковымі. Ніякіх карон, мячоў, крыжоў і іншых знакаў імперскага самадзяржаўя, адрынутых рэвалюцыяй 1917 года. Галоўнымі сімваламі герба сталі пралетарскія — чырвоная зорка, узыходзячае сонца, серп і молат.

З надыходам мірнага жыцця, утварэннем СССР у снежні 1922 года і прыняццем агульнасаюзнага герба з’явілася і неабходнасць відазмяніць галоўны сімвал Беларускай ССР. Да работы падышлі грунтоўна.

У лютым 1924 года вышэйшы орган улады — Прэзідыум Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР — прыняў рашэнне правесці конкурс на найлепшы праект герба рэспублікі. Было вызначана, што герб павінен адлюстроўваць асаблівасці Беларусі і ўказваць на яе сувязь з Савецкім Саюзам.

8 сакавіка 1924-га падвялі вынікі конкурсу, у якім удзельнічалі 39 работ. Журы не адобрыла ні адзін варыянт і працягнула конкурс да 1 мая 1924-га ўжо ва ўсесаюзным маштабе.

Каб выпрацаваць палажэнне, была створана спецыяльная камісія пры Інстытуце беларускай культуры, а распрацоўка формы герба ўскладалася на спецыяльна створаную для гэтага гістарычную падкамісію. У яе складзе былі аўтарытэтныя беларускія вучоныя: гісторык-архівіст, этнограф і публіцыст Міхаіл Мялешка, гісторык Васіль Дружчыц, мастацтвазнаўца і тэарэтык мастацтва Мікалай Шчакаціхін.

Нягледзячы на тое, што праектаў новага герба было шмат, а яго стварэнне неаднаразова абмяркоўвалася на пасяджэннях Прэзідыума ЦВК і ўрада рэспублікі, распрацоўка працягвалася некалькі гадоў.

Толькі 27 снежня 1926 года Савет Народных камісараў БССР разгледзеў праекты герба і прызнаў найбольш адпаведным дырэктывам СНК варыянт беларускага мастака Валянціна Волкава, які ўзначальваў Беларускі дзяржаўны мастацкі тэхнікум у Віцебску.

5 лютага 1927-га Прэзідыум ЦВК БССР пад старшынствам Аляксандра Чарвякова адобрыў праект герба, разгледжаны раней урадам. У выніковай пастанове ўрада было сказана: «Прыняць праект Дзяржаўнага герба БССР, які складаецца з выявы на чырвоным фоне ў промнях узыходзячага сонца сярпа і молата, змешчаных крыж-накрыж ручкамі ўніз і абрамленых вянком, які складаецца злева з жытніх каласоў, перавітых канюшынай, і справа — дубовай галінкі: унізе паміж абедзвюма палавінкамі вянка знаходзіцца частка зямнога шара з тэрыторыяй Беларускай ССР. Абедзве паловы вянка перавіты чырвонай стужкай, на якой змешчаны надпісы на беларускай, яўрэйскай, рускай і польскай мовах: „Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!“ — і ніжэй „Б.С.С.Р.“, то-бок Беларуская Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка. Наверсе герба ёсць пяціканцовая зорка».

Герб спалучаў у сабе асаблівасці прыродных умоў Беларусі, дубовыя галіны сімвалізавалі лясное багацце, жытнія каласы і кветкі канюшыны — сімвалы сельскай гаспадаркі. 11 красавіка 1927 года дэпутаты VІІІ Усебеларускага з’езда Саветаў аднагалосна зацвердзілі прадстаўлены Народным камісарыятам асветы праект герба Валянціна Волкава.

Істотныя змены элементаў герба адбыліся ў 1938 годзе. У яго правай частцы замест дубовай галінкі з’явіўся сноп жытніх каласоў, пераплецены кветкамі лёну, што ўвасабляла асноўнае багацце сельскай гаспадаркі. Паколькі першая сесія Вярхоўнага Савета БССР прызнала галоўнымі мовамі ў рэспубліцы беларускую і рускую, пралетарскі дэвіз на стужках герба пазначаўся толькі на гэтых мовах.

Пасля ў герб нашай краіны ўносіліся змены, але яны не былі канцэптуальнымі. Прыняты на рэферэндуме 1995 года варыянт захаваў у сабе і асноўныя элементы: вянок з жыта, ільну і канюшыны, чырвоную зорку, узыходзячае сонца. У яго промнях з’явіліся абрысы нашай краіны... Па сутнасці, гісторыя сучаснага Дзяржаўнага герба Беларусі набліжаецца да стагадовай мяжы.

Сцяг краіны-заснавальніцы ААН

Працэс стварэння дзяржаўнага сцяга краіны таксама мае ўласную гісторыю.

Першы варыянт 1919 года ўяўляў сабой «палотнішча чырвонага (пунсовага) колеру ў левым вугле якога, каля дрэўка наверсе, змешчаны залатыя літары С.С.Р.Б. ці надпіс: Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусія».

11 красавіка 1927-га была прынята новая Канстытуцыя БССР, якая зацвердзіла новы сцяг. «Дзяржаўны сцяг Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі складаецца з чырвонага або пунсовага палотнішча, у верхнім ле-

вым рагу якога, каля дрэўка, змешчаны залатыя літары БССР». Наступнае дапаўненне адносіцца да 19 лютага 1937 года, калі на сцяг былі змешчаны: сімвал саюза рабочых і сялян — серп і молат і чырвоная зорка.

Пасля завяршэння Вялікай Айчыннай вайны ў 1945 годзе СССР, Беларусь (БССР) і Украіна (УССР) сталі краінамі — заснавальніцамі ААН. Паколькі іх сцягі амаль нічым не адрозніваліся паміж сабой, то было прынята рашэнне змяніць сцягі рэспублік. 20 студзеня 1947 года выйшла Пастанова Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР «Аб дзяржаўных сцягах саюзных рэспублік», на падставе якой у 1951-м Акадэмія навук БССР па даручэнні Вярхоўнага Савета рэспублікі распачала распрацоўку нацыянальнага сцяга. У ім былі скарыстаны чырвоны (пунсовы) і зялёны колеры, а таксама нацыянальны арнамент, вышыты сялянкай Віцебскай губерні М. С. Маркевіч у 1917 годзе і названы пасля «Узыходзячае сонца».

25 снежня 1951 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР «Аб дзяржаўным сцягу Беларускай ССР» новы сцяг быў зацверджаны. Увесь пасляваенны перыяд жыцця краіны звязаны з гэтым сімвалам і аж да 1991-га менавіта ён з’яўляўся ўвасабленнем Беларусі. Але ў верасні 1991 года на хвалі нацыяналістычных настрояў, без усенароднага абмеркавання, яму на змену прыйшоў бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» — сімвалы, заплямленыя калабарацыяністамі. У той час у краіне было яшчэ шмат сведкаў таго, як пад імі зігавалі фюрэру, расстрэльвалі людзей і палілі вёскі фашысцкія памагатыя... Але ў народа тады ніхто не спытаўся...

Перамога здаровага сэнсу

Мне як непасрэднаму сведку тых падзей успамінаюцца ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, якія казалі: «Гэта не нашы сімвалы. Паліцаі і здраднікі ўсіх масцей знішчалі беларускі народ пад гэтымі сцягамі». Унутраны пратэст народа-партызана быў рэалізаваны праз ініцыяваны першым Прэзідэнтам краіны Аляксандрам Лукашэнкам рэферэндум, які адбыўся 30 гадоў назад, 14 мая 1995 года.

На пытанне, пастаўленае кіраўніком дзяржавы: «Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленні новых Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?» — 75,1 % ад колькасці ўдзельнікаў адказалі станоўча. Гэта стала падставай для вяртання да традыцыйных сімвалаў дзяржаўнасці, з якімі мы працягваем ісці па шляху развіцця.

Дзяржаўная геральдыка (сцягі, гербы, атрыбутыка) — адна са сфер фарміравання нацыянальнай самасвядомасці, маральных прынцыпаў нацыі, зброя барацьбы ў ментальным кірунку. Спробы адраджэння і замацавання калабарацыянісцкіх сімвалаў у грамадскай свядомасці варта разглядаць як элемент скрытага ўздзеяння, своеасаблівым крытэрыем ацэнкі «ўнутранай гатоўнасці» грамадства ўспрыняць «новыя погляды». Спецыялісты, якія гэтым займаюцца, з’яўляюцца праваднікамі чужых ідэалагічных нормаў у грамадскую свядомасць, чым зневажаюць гістарычную памяць пакаленняў, якія перажылі жахі вайны.

Ва ўмовах сучаснай «гібрыднай» вайны маніпуляцыі з гістарычнай праўдай становяцца рэальнай зброяй уздзеяння на індывідуальную і групавую свядомасць, а дзяржаўныя герб і сцяг — аб’ектамі дэструктыўнага ўздзеяння.

Захаваць сваю ідэнтычнасць, суверэнітэт і дзяржаўнасць, зрабіць жыццё грамадзян лепшым, а Беларусь прыгажэйшай — вось у чым сутнасць палітыкі краіны. Пры гэтым герб і сцяг становяцца сакральнымі сімваламі, якія аб’ядноўваюць нацыю на шляху стваральнай працы і развіцця.

Мікалай Бузін, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў, доктар ваенных навук, прафесар.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю