Top.Mail.Ru

У Нацыянальнай бібліятэцы адбылася прэзентацыя серыі літаратурна-мастацкіх выданняў «Лаўрэаты Нацыянальнай літаратурнай прэміі»

Тое, што пакіне след у гісторыі


Серыя заснавана ў 2026 годзе Міністэрствам інфармацыі з мэтай папулярызацыі спадчыны сучасных беларускіх пісьменнікаў, чыя творчасць адзначана Нацыянальнай літаратурнай прэміяй (уручаецца з 2015 года).


На працягу бягучага года ў дзяржаўных выдавецтвах «Беларусь», «Мастацкая літаратура» і Выдавецкім доме «Звязда» ўжо выйшлі дванаццаць кніг: выданні для дзяцей Міхася Пазнякова, Сяргея Давідовіча, Кацярыны Хадасевіч-Лісавой і Васіля Ткачова, выбраная проза і паэзія Уладзіміра Гаўрыловіча, Уладзіміра Мазго і Віктара Кунцэвіча, новы раман Наталлі Голубевай, аповесць і апавяданні Сяргея Клімковіча, працяг дзённікавага рамана паэта Віктара Шніпа, фантастычны раман Улады Альхоўскай і псіхалагічны дэтэктыў Алесі Кузняцовай.



Як адзначыў намеснік міністра інфармацыі Дзяніс ЕЗЕРСКІ, серыя перш за ўсе створана дзеля таго, каб пакінуць у гісторыі найлепшыя ўзоры беларускай літаратуры, бо гэта выданні беларускіх аўтараў для усіх, хто сапраўды цэніць кнігу. «Серыя вылучае кнігі ва ўсім свеце, гэтыя кнігі становяцца фаліянтамі. Будзем спадзявацца, што за выданнямі і гэтай серыі пачнуць „ганяцца“ сапраўдныя калекцыянеры, — выказаў думку Дзяніс Езерскі. — Яна з’явілася таму, што мы прыйшлі да простай высновы: у нас есць сапраўды вартыя гэтага аўтары, бо кожны год на сцэну выходзяць сем лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Гэта галоўныя асобы нашай літаратуры, якія адметныя ў розных жанрах, і таму яны сапраўды вартыя таго, каб іх найлепшыя творы былі надрукаваныя ў дзяржаўных выдавецтвах».


Дзяніс Езерскі выказаў падзяку выдавецтвам «Мастацкая літаратура», «Беларусь» і Выдавецкаму дому «Звязда» за тое, што здолелі запусціць такую важную серыю, пры гэтым знайшлі цікавае афармленне (кнігі кожнага выдавецтва вылучаюцца колерам, але яны аб’яднаныя адной ідэяй, спецыяльна распрацаваным лагатыпам. — Заўв. аўт.) і прыклалі ўсе свае намаганні для папулярызацыі кніг.

Намеснік міністра інфармацыі запэўніў, што сёлета выйдуць у свет усе 19 запланаваных кніг, а ў наступным, пэўна, яшчэ больш.


«Самая галоўная задача, каб усе кнігі, якія ўключаны ў сацыяльна значную літаратуру, папоўнілі кніжныя паліцы публічных, школьных, універсітэцкіх бібліятэк, зроблена ўсе, каб кожны ахвотны змог набыць гэтыя выданні — яны сапраўды даступныя».



Сімвалічна, што прэзентацыя новай серыі кніг адбылася ў тым жа памяшканні, дзе прадстаўлена экспазіцыя да 20-годдзя новага будынка бібліятэкі. Як заўважыў падчас свайго выступлення генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Вадзім ГІГІН, самі сцены ма што значаць без душы, творчасці, а ўмовы для яе стварае менавіта дзяржава. З’яўленне такой важнай серыі яшчэ раз падкрэслівае, наколькі шмат у нашай краіне робіцца для падтрымкі беларускай літаратуры. «Дзе новыя Макаёнкі, Дударавы, новыя Бадакі, якія будуць перадаваць эстафету свайго таленту іншым аўтарам?» — задаў рытарычнае пытанне Вадзім Гігін. — Верыцца, што менавіта з’яўленне такой важнай серыі і матывуе паляпшаць сваё майстэрства на карысць беларускай літаратуры і нашай дзяржавы".

Ірына ПРЫМАК

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю