Саміт, у якім у тым ліку прымае ўдзел беларуская дэлегацыя, праходзіць у эмірацкім горадзе Абу-Дабі. Міністр талерантнасці і суіснавання ААЭ шэйх Нах’ян бін Мубарак аль-Нахайян падкрэсліў узрастаючую ролю саміту як пляцоўкі аднадумцаў у дасягненні ўстойлівасці міжнароднай супольнасці да крызісаў.
У рамках саміту арганізавана работа выставы дасягненняў ААЭ і іншых міжнародных партнёраў па вытворчасці спецыяльнай тэхнікі і абсталявання, беспілотных лятальных апаратаў. Беларуская дэлегацыя азнаёмілася з прадстаўленымі навінкамі.
У якасці спікераў на мерапрыемстве выступілі кіраўнікі надзвычайных ведамстваў і выратавальных службаў з Азербайджана, ААЭ, Саудаўскай Аравіі, ЗША, Італіі, Расіі і Паўднёвай Афрыкі, кіраўнікі агенцтваў сістэмы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. З гэтай высокай трыбуны гучаў і голас Беларусі.
«Прыходзіць на дапамогу пацярпелым — наша сістэмная і доўгатэрміновая палітыка»
У сваім выступленні міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім СІНЯЎСКІ звярнуў увагу на тое, што саміт аб’ядноўвае прадстаўнікоў краін, аснову дзяржаўнай палітыкі якіх складае не толькі гарантаванне бяспекі сваіх грамадзян і ўласных тэрыторый, але і неабыякавыя адносіны да выклікаў і пагроз, з якімі сутыкаецца ўся сусветная супольнасць.
«Наступствы самых разбуральных надзвычайных сітуацый за апошнія гады дэманструюць, што ні адна краіна ў свеце, незалежна ад узроўню яе эканамічнага развіцця, не мае дастатковых рэсурсаў, каб дабіцца значнага зніжэння рызыкі змяншэння ўрону без узаемадзеяння і падтрымкі ад іншых дзяржаў і міжнародных арганізацый, — падкрэсліў ён. — Такі падыход глабальнага партнёрства і садзейнічання дэманструе сталасць і адзінства нацый. Толькі аб’яднаўшы намаганні, мы зможам зрабіць свет больш бяспечным месцам для жыцця і забяспечыць будучыню нашым нашчадкам».
Міністр праінфармаваў, што беларуская дзяржаўная мадэль развіцця будуецца на аснове такога падыходу: надаючы вялікае значэнне надзейнаму функцыянаванню аб’ектаў нацыянальнай эканомікі, крытычнай інфраструктуры і забеспячэнню бяспечнай жыццядзейнасці грамадзян, наша краіна не застаецца ўбаку, калі дзесьці на іншым канцы планеты грымнула бяда.
Як сведчанне гэтаму — Рэспубліканскі атрад спецыяльнага прызначэння «ЗУБР», атэставаны па стандартах ІНСАРАГ як атрад цяжкага класа, літаральна ўчора прыбыў з М’янмы, дзе аказваў дапамогу ў ліквідацыі наступстваў землятрусу. Такая ж дапамога была аказана Турцыі і Сірыі пасля землятрусу ў 2023 годзе.
«Прыходзіць на дапамогу пацярпелым ад крызісных сітуацый дзяржавам і народам — наша сістэмная і доўгатэрміновая палітыка, — акцэнтаваў увагу Вадзім Сіняўскі. — За апошнія 25 гадоў Рэспубліка Беларусь больш за 90 разоў аказвала гуманітарную дапамогу 34 замежным дзяржавам, дапамагала тушыць лясныя пажары, пераадольваць наступствы паводак, землятрусаў і іншых крызісных сітуацый».
«Час дыктуе неабходнасць калектыўных дзеянняў»
Па словах кіраўніка ратавальнага ведамства, у Беларусі сфарміравана і рэалізуецца адзіная палітыка ў галіне бяспекі, заснаваная на эфектыўных стратэгічных рашэннях Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, накіраваных на забеспячэнне абароны ад надзвычайных сітуацый.
«Прыярытэт гэтай палітыкі — бяспека людзей, — падкрэсліў Вадзім Сіняўскі. — Яе ключавым элементам з’яўляецца наяўнасць асобнага органа дзяржаўнага кіравання — Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, якое не толькі рэагуе на ўсе бедствы, але і каардынуе дзейнасць дзяржаўных арганізацый, мясцовых органаў улады, грамадскасці і прыватнага сектара, забяспечвае гатоўнасць да выклікаў і пагроз, якія ўзнікаюць».
Ратавальнае ведамства актыўна ўдзельнічае ў вырашэнні стратэгічных нацыянальных задач, увасобленых у шэрагу дзяржаўных праграм. «Напрыклад, у рамках рэалізацыі Дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграмы „Абарона ад надзвычайных сітуацый“ распрацаваны і пастаўляюцца на вытворчасць новыя мадэлі пажарнай аварыйна-ратавальнай тэхнікі, узоры пажарнага і ратавальнага абсталявання, сродкаў індывідуальнай абароны і экіпіроўкі, — канкрэтызаваў міністр. — У Беларусі вырабляюцца перадавыя пажарныя аўтацыстэрны і аўталесвіцы, ахоўная экіпіроўка ратавальнікаў, якія паказалі сваю эфектыўнасці, у тым ліку пры рэагаванні ў М’янму і Турцыю для ліквідацыі наступстваў землятрусаў і ў ходзе арктычнай экспедыцыі пры рабоце ў экстрэмальна нізкіх тэмпературах».
Вадзім Сіняўскі акцэнтаваў увагу на тым, што час дыктуе неабходнасць калектыўных дзеянняў пры вырашэнні агульнасусветных праблем. «Мы мусім перайсці ад слоў да справы, — адзначыў ён. — Толькі практычныя крокі (такія, як прамы абмен інфармацыяй паміж нашымі крызіснымі цэнтрамі, сумеснае правядзенне ратавальных вучэнняў ва ўмовах, набліжаных да рэальных, узаемадапамога ў кваліфікаванай падрыхтоўцы спецыялістаў, абмен данымі маніторынгу і прагназавання, адкрыты доступ да вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак) дазволяць сапраўды павысіць гатоўнасць сусветнай супольнасці да надзвычайных сітуацый».
- Вадзім Сіняўскі падкрэсліў, што Беларусь гатова быць дзейным удзельнікам названых ініцыятыў, выказаў спадзяванне на канструктыўнае, накіраванае на стварэнне спрыяльных і бяспечных умоў жыцця людзей партнёрства.
Фота прэс-службы МНС.