Top.Mail.Ru

«Толькі народ мае права вырашаць свой лёс». Якія акцэнты на I УНС зрабіў Прэзідэнт

Першы Усебеларускі народны сход прайшоў пад дэвізам «Толькі народ мае права вырашаць свой лёс», з аднайменным дакладам на форуме выступіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. У сувязі з 30-годдзем УНС прапануем успомніць гісторыю аднаго з найважнейшых органаў палітычнай сістэмы Беларусі.



Даклад Прэзідэнта на I УНС называўся «Толькі народ мае права вырашаць свой лёс». У ім абвяшчаўся курс на сацыяльна арыентаваную рыначную эканоміку

19-20 кастрычніка 1996 года ў Палацы спорту ў Мінску 4740 дэлегатаў I УНС абмяркоўвалі існуючыя эканамічныя і палітычныя праблемы. Са сваім бачаннем тады выступіў і Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы ў першую чаргу спыніўся на эканамічных пытаннях. Ён адзначыў, што адмова ад шокавай тэрапіі і дзікай прыватызацыі ў першыя два гады яго прэзідэнцтва дазволіла захаваць касцяк беларускай прамысловасці і агракомплексу. Аляксандр Лукашэнка вылучыў тры прыярытэты, якія ляглі ў аснову Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2000 года: развіццё экспарту, жыллёвага будаўніцтва і аграпрамысловага комплексу.


Асаблівая ўвага ў дакладзе была ўдзелена пытанню зямлі. Прэзідэнт жорстка спыніў спробы нацыянал-экстрэмістаў і алігархаў ператварыць беларускую зямлю ў тавар для спекуляцый. «Акрамя зямлі-матухны, у нас больш нічога няма. Гэта наша багацце», — падкрэсліваў кіраўнік дзяржавы. Быў абвешчаны курс на пабудову сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі, дзе свабода прадпрымальніцтва непарыўна звязана з клопатам дзяржавы пра чалавека, без прорвы паміж багатымі і беднымі.

Шмат часу Прэзідэнт удзяліў і сацыяльнай тэматыцы. Даклад быў працяты клопатам пра «малога чалавека», які аказаўся сам-насам з бедамі постсавецкага транзіту. Аляксандр Лукашэнка паабяцаў весці бескампрамісную барацьбу з крыміналам і карупцыяй. Але яшчэ больш важнай ён назваў вайну за духоўнае здароўе нацыі. Вяртанне да традыцыйных каштоўнасцяў, абарона сям’і, падтрымка інстытута мацярынства, маладзёжная палітыка, аднаўленне прэстыжу адукацыі і навукі — найважнейшыя пытанні ў эпоху глабальнага разброду.

Знешнепалітычны блок дакладу расставіў усе кропкі над «i» ў пытанні нацыянальнай бяспекі. Беларусь адхіляе лжывую дылему «ці Захад, ці Усход». Шматвектарнасць і збалансаванасць — выбар нашай краіны. 

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сяброўства з Расіяй з’яўляецца гарантыяй суверэннага існавання беларускай дзяржавы. Прэзідэнт выкрыў дамарослых палітыкаў, якія, не маючы падтрымкі выбаршчыкаў, бягуць за мяжу, каб абгаварыць уласную краіну і справакаваць знешні ціск. Айчынная дыпламатыя, як падкрэсліў беларускі лідар, будуецца на пачуцці ўласнай годнасці. Беларусь гатовая да сяброўства, але ніколі не прыме дыктату і двайных стандартаў.


Заключнай часткай дакладу стала абгрунтаванне неабходнасці канстытуцыйнай рэформы. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Канстытуцыя 1994 года ўтрымлівала шэраг заган. Прапановы Прэзідэнта складаліся ў стварэнні двухпалатнага парламента, выразным падзеле ўлад, замацаванні сацыяльных гарантый і шэрагу іншых мер. Усе прапановы выносіліся на агульнарэспубліканскі рэферэндум, каб 24 лістапада 1996 года народ змог сам вырашыць свой лёс.

Усебеларускі народны сход — найвышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя Беларусі, які вызначае Стратэгічныя напрамкі развіцця грамадства і дзяржавы, які забяспечвае непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду. Пасяджэнне УНС у Канстытуцыйным статусе з 2024 года праходзіць штогод. Трэцяе пасяджэнне VII Усебеларускага народнага сходу пройдзе ў Мінску 17-18 снежня 2026 года.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю