Top.Mail.Ru

Толькі за 2026 год кібермахляры выкралі ў беларусаў каля 28 мільёнаў рублёў

Беражыце персанальныя даныя!

Імклівае развіццё лічбавых тэхналогій паставіла перад дзяржавай і грамадствам прынцыпова новыя задачы, а яшчэ запусціла новыя трэнды ў сферы інфармацыйнай бяспекі і павысіла цану даверлівасці. Аб некаторых з іх — у нашым матэрыяле.

Тэндэнцыі лічбавага стагоддзя

Маштаб праблем, звязаных з выкарыстаннем і абаронай інфармацыі, сёння вялікі як ніколі. Як падкрэслівае дырэктар Нацыянальнага цэнтра абароны персанальных даных Андрэй ГАЕЎ, менавіта таму больш за 150 дзяржаў свету ўжо прынялі спецыяльныя заканадаўчыя акты і сфарміравалі ўпаўнаважаныя структуры для эфектыўнага іх вырашэння. Актуальнасць пытання наглядна пацвярджаюць і не самыя станоўчыя тэндэнцыі ў сферы кібезлачыннасці.

«Многае ў пытаннях інфармацыйнай бяспекі і бяспекі чалавека ў цэлым у лічбавае стагоддзе значна памянялася, — адзначыў Андрэй Гаеў. — Сёння кожнае трэцяе злачынства, якое фіксуецца ў Беларусі, мае кібернакіраванасць. За гэты год колькасць правапарушэнняў, злачынстваў у гэтай сферы павялічылася на 10 % пры агульным памяншэнні колькасці злачынстваў у краіне».

Паводле слоў спецыяліста, толькі за 2026 год кібермахляры выкралі ў беларусаў каля 28 мільёнаў рублёў, прычым больш за 11 мільёнаў людзі перадалі зламыснікам добраахвотна. Разам з тым, дзякуючы маштабнай тлумачальнай і прафілактычнай рабоце сёлета ад махляроў удалося выратаваць каля 10 мільёнаў рублёў грамадзян.

Новыя інцыдэнты інфармацыйнай бяспекі

Дарэчы, набірае абароты і паток зваротаў у Нацыянальны цэнтр абароны персанальных даных: калі тры гады таму іх колькасць складала ўсяго каля сотні скаргаў за год, то цяпер гэты паказчык перасягнуў адзнаку ў тысячу, павялічыўшыся ў параўнанні з папярэднім перыядам больш як у 2,2 раза.

На змену ранейшым лідарам — спрэчкам у сферы гандлю і паслуг, на якія раней прыпадала да 40 % прэтэнзій, — прыходзяць бытавыя скаргі. Па словах Андрэя Гаева, людзі ўсё часцей сігналізуюць аб камерах відэаназірання суседзяў, што парушаюць іх правы, несанкцыянаванай публікацыі асабістых даных на прасторах інтэрнэту.

Нярэдка скардзяцца і на спрэчныя метады работы працадаўцаў з інфармацыяй. Але гэтым, дзеля справядлівасці, грашаць і самі работнікі. Выкарыстанне несертыфікаваных праграм, дыстанцыйная работа праз неабароненыя каналы сувязі, выкарыстанне камп’ютараў з вірусамі, а таксама элементарная халатнасць пры выдаленні ці пераносе важных звестак прыводзяць да рознага роду інцыдэнтаў інфармацыйнай бяспекі. Як адзначыў дырэктар Нацыянальнага цэнтра абароны персанальных даных, толькі сёлета паступіла каля 50 апавяшчэнняў аб такіх выпадках.

Нярэдкія і выпадкі, калі работнікі бяздумна адпраўляюць канфідэнцыйныя дакументы ў публічныя сэрвісы штучнага інтэлекту, ставячы важную інфармацыю ў іх пад пагрозу ўцечкі. Зрэшты, не ўсе паведамленні аб гэтым пацвярджаюцца на практыцы, але кожнае з іх спецыялісты цэнтра старанна вывучаюць сумесна з праваахоўнымі органамі.

Дакладнасць і комплекснасць

Але, нягледзячы на новыя лічбавыя пагрозы, Закон «Аб абароне персанальных даных» у Беларусі мяняць пакуль не збіраюцца: спецыялісты сцвярджаюць, што за пяць гадоў дакумент паспеў даказаць сваю абгрунтаванасць і комплекснасць. 

У мінулым годзе яго маніторынг правёў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававой інфармацыі, а вясной 2026-га сацыёлагі высвятлялі, наколькі беларускія грамадзяне дасведчаныя аб сваіх правах і з якімі цяжкасцямі ў сферы сутыкаюцца ў паўсядзённым жыцці.

«І маніторынгі, і сацыялагічныя даследаванні паказалі, што глабальных пытанняў, якія патрабуюць кардынальнага перагляду прававых нормаў, няма, — адзначыў Андрэй Гаеў. — Таму было прынята рашэнне, што закон пакуль застанецца ў тым выглядзе, у якім ён ёсць. Будзе ўдасканальвацца практыка яго прымянення, а пытанні, якія патрабуюць удакладнення, знойдуць адлюстраванне пры карэкціроўцы іншых нарматыўных прававых актаў».

Напрыклад, у Жыллёвым кодэксе збіраюцца прапісаць дакладныя правілы ўстаноўкі камер відэаназірання ў таварыствах уласнікаў. Наперадзе таксама дэталёвая рэгламентацыя відэа- і аўдыёфіксацыі ў іншых сферах, работа з тэхналогіямі штучнага інтэлекту, прыцягненне спецыялістаў для ўнутранага кантролю за апрацоўкай персанальных даных.

Але і ўжо было праведзена нямала сур’ёзнай работы: за пяць гадоў у адпаведнасць з законам прывялі звыш 850 нарматыўных прававых актаў. Усё для таго, каб устараніць некаторыя залішнія патрабаванні, у тым ліку да збору і захоўвання інфармацыі, і наладзіць карэктны абмен ёю паміж інфармацыйнымі сістэмамі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю