Top.Mail.Ru

Торф, кіно і зоны адпачынку: у Беларусі з’явіцца новы турмаршрут па вузкакалейцы

У Смалявіцкім раёне пачалася актыўная фаза распрацоўкі новага турыстычнага маршруту на вузкакалейнай чыгунцы, які аб’яднае прамысловы патэнцыял тарфяной галіны і культурную спадчыну Беларусі. Што ў планах, расказалі БелТА ў прэс-службе ДВА «Белпалівагаз».


Праект рэалізуецца міжведамаснай рабочай групай пад кіраўніцтвам ДВА «Белпалівагаз». Маршрут будзе складацца з шасці тэматычных прыпынкаў, звязаных адзінай лагістыкай.

  • «Усяж-Цэнтральны» — уваходная брама, адпраўны пункт, дзе на базе гісторыка-адукацыйнага цэнтра тарфяной галіны турысты пазнаёмяцца з экспазіцыяй і ўбачаць шлях эвалюцыі торфаздабычы — ад ручной працы да сучасных высокіх тэхналогій, а таксама змогуць набыць сувеніры. На прыпынку «Усяж-Заводская» госці даведаюцца пра гісторыю найстарэйшага завода галіны, расказалі ў прэс-службе.
  • «Усяж-Азёрны» — сумесная лакацыя са Смалявіцкім лясгасам. Ад станцыі будзе пракладзены маляўнічы пешаходны маршрут, а ў зоне адпачынку арганізуюць продаж прадукцыі лясгаса: натуральнага мёду, вырабаў з дрэва і інш.
  • «Усяж-Кінематаграфічны» — паглыбленне ў сферу кіно. На натурнай пляцоўцы «Беларусьфільма» плануецца стварэнне паўнавартаснай зоны адпачынку з забавальнымі праграмамі (уключаючы дзіцячыя) і арганізацыяй выязнога харчавання.
  • «Усяж-Тарфяны» — прыпынак на дзеючым участку па здабычы торфу. Акрамя назіральнай пляцоўкі прапрацоўваецца эксклюзіўная магчымасць арганізацыі катання турыстаў на торфаздабыўной тэхніцы. Адным з галоўных пунктаў прыцягнення на станцыі «Усяж-Паляўнічы» можа стаць «Дом Дзеда Мароза» са спадарожнай інфраструктурай.

«Галоўная асаблівасць праекта — яго транспартны складнік. Перамяшчэнне паміж усімі лакацыямі будзе арганізавана па вузкакалейнай чыгунцы. Праект аб’яднаў намаганні газавікоў, прадстаўнікоў мясцовай улады, лясной гаспадаркі і дзеячаў культуры. Улічваючы складанасць і шматпланавасць інфраструктуры, якая ствараецца, поўная рэалізацыя праекта запланавана да кастрычніка 2028 года», — расказалі ў прэс-службе.


Цяпер міжведамасная рабочая група завяршае фарміраванне дэталёвага плана рэалізацыі кожнай лакацыі. У тым ліку інфраструктурная прапанова па развіцці станцыі «Цэнтральная» прадугледжвае магчымасць рэканструкцыі будынка пад гасцініцу «Торф-гатэль» з пунктам харчавання. Гэта дазволіць стварыць умовы для камфортнага знаходжання турыстаў на маршруце на працягу некалькіх дзён.

Як паведамлялася, у чэрвені 2026 года на базе першага торфабрыкетнага завода Беларусі ў пасёлку Усяж Смалявіцкага раёна адкрыўся гісторыка-адукацыйны цэнтр тарфяной прамысловасці. Аб’ект аб’яднаў у сабе сучасную музейную экспазіцыю і адукацыйную пляцоўку. На адкрытай тэрыторыі прадстаўлена буйнагабарытная торфаздабыўная тэхніка розных гадоў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю