Лета для дзяцей — час, калі з раніцы да вечара можна гуляць з сябрамі, ганяць на веласіпедзе ці з мячом і насіцца па двары ці парку. Прычым нярэдка хлопчыкі і дзяўчынкі забываюць аб асцярожнасці. Таму абадраныя каленкі і сінякі ў гэты час года — справа звычайная. Але, на жаль, бываюць і больш сур’ёзныя траўмы. Як правільна аказаць першую дапамогу дзіцяці? Урач траўматолаг-артапед раённага траўматалагічнага кабінета 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі МінскаВіялета КАБЫЛІНСКАЯ дала некалькі карысных парад бацькам.
Фактары рызыкі
Пераломы звычайна ўзнікаюць у выніку траўмаў або празмерных нагрузак. Асаблівасць дзіцячых пераломаў у тым, што яны адбываюцца ў касцях, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў працэсе росту і развіцця. Гэта адрознівае іх ад пераломаў у дарослых і патрабуе спецыфічнага падыходу ў лячэнні.
Павышаюць верагоднасць пераломаў няправільнае харчаванне, недахоп фосфару і кальцыю, вітаміну D3, наяўнасць у анамнезе хранічных захворванняў, гіпадынамія, гарманальныя збоі, бескантрольны працяглы прыём шэрага лекаў, хуткі рост трубчастых касцей.
Як жа зразумець, што дзіця атрымала пералом? Сярод сімптомаў — моцны боль, які раптам узнік пасля траўмы. Калі дакрануцца да пашкоджанага месца, то болевыя адчуванні значна ўзмацняюцца. Можна назіраць таксама прыкметную дэфармацыю пашкоджанай канечнасці, ацёк і гематому ў месцы траўмы. Да таго ж дзіця скардзіцца на абмежаваную рухомасць або поўную няздольнасць рухаць канечнасцю. Пры адкрытых пераломах ёсць рана, у якой бачныя абломкі косці. А вось здранцвенне і паколванне ў пашкоджанай руцэ ці назе можа сведчыць пра тое, што абломкамі косці пашкоджаны нерв. Пры некаторых відах зрушэння касцей хворая канечнасць становіцца крыху карацейшай за здаровую. Пры спробе рухаў у пашкоджанай канечнасці адчуваецца храбусценне.
Што рабіць?
У такіх сітуацыях дарослым трэба паводзіць сябе спакойна і паспрабаваць супакоіць дзіця. Пры траўмах рук і ног неабходна зафіксаваць зламаную косць і два суставы — вышэйшы і ніжэйшы за месца пералому. Для гэтага падыдуць любыя падручныя сродкі: дошчачкі, шчыльны кардон, хусткі, валікі і інш. Калі ёсць падазрэнне на пералом пазваночніка, то дзіця нельга самастойна паднімаць, пераварочваць і пераносіць — гэта можа прывесці да зрушэння абломкаў пазванкоў і пашкоджання спіннога мозгу. Пры падазрэнні на пералом касцей таза перамяшчаць пацярпелага таксама не рэкамендуецца.
Пасля гэтага неабходна як мага хутчэй даставіць дзіця ў траўмапункт або клініку, дзе ёсць аддзяленне дзіцячай траўматалогіі. Калі пашкоджанне сур’ёзнае, трэба адразу выклікаць брыгаду «хуткай дапамогі», пры лёгкіх — да бальніцы ці паліклінікі можна дабрацца на асабістым ці грамадскім транспарце.
Чым небяспечныя батутныя цэнтры?
Перш чым адводзіць дзіця ў батутны цэнтр бацькі, павінны памятаць, што косці дзіцяці ўсё яшчэ знаходзяцца ў працэсе росту і развіцця, таму інтэнсіўныя восевыя нагрузкі вельмі небяспечныя. Часта большасць траўм, а менавіта кампрэсійныя пераломы пазваночніка ў дзяцей адбываюцца ў сувязі з такой нязвыклай нагрузкай. Калі пасля наведвання батутнага цэнтра дзіця скардзіцца на болі ў спіне падчас працяглай хадзьбы, у становішчы седзячы, пры нахілах, варта звярнуць увагу і адвесці дзіця ў траўмапункт або самастойна звярнуцца ў стацыянар, дзе ўрач правядзе агляд і патрэбнае абследаванне.
Пакуль жаніцца — загаіцца
Адны лічаць, што зламаная костка — гэта «ахілесава пята» на ўсё жыццё, іншыя — што косць, зламаная аднойчы, не пашкодзіцца больш ніколі. Памыляюцца і тыя, і іншыя. Поўная рэабілітацыя пасля пералому займае прыкладна 6-8 месяцаў. Тым часам верагоднасць паўторнага пералому вельмі высокая. У складаных выпадках дзіця на 6 месяцаў вызваляецца ад заняткаў фізкультурай. Часам урачы рэкамендуюць насіць ахоўныя шчыткі, якія прадаюцца ў спартыўных крамах. Потым касцявы мазоль, які ўтварыўся на месцы пералому, пераўтворыцца ў косць нармальнай структуры, і не ўсякі рэнтгенолаг праз год зможа знайсці месца колішняй траўмы.
Як адрозніць пералом ад удару?
Удары мяккіх тканак і касцей — менш сур’ёзныя траўмы ў параўнанні з пераломамі, але часта іх сімптомы моцна падобныя. Удар таксама можа праяўляцца ў выглядзе моцнага болю, прыпухласці, кровазліцця, абмежаванні рухаў. Не варта гадаць, лепш як мага хутчэй даставіць дзіця ў траўмапункт — там яго агледзіць урач, зробяць здымкі і паставяць дакладны дыягназ.