Каб лета на зламалася
Асноўны пік дзіцячых траўм прыпадае на цёплую пару года, калі дзеці больш часу праводзяць на вуліцы, а іх вольны час становіцца менш кантраляваным. Толькі за апошні тыдзень у Рэспубліканскі цэнтр дзіцячай нейрахірургіі, які працуе на базе РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, з траўмамі пасля катання на электрасамакатах і веласіпедах звярнуліся больш за 30 пацыентаў. Спецыялісты нагадалі пра правілы, якія дарослыя павінны растлумачыць дзецям.
Небяспека электрасамакатаў
Як паведаміў кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра дзіцячай нейрахірургіі, галоўны пазаштатны спецыяліст па дзіцячай нейрахірургіі Міністэрства аховы здароўя Міхаіл ТАЛАБАЕЎ, з 30 дзяцей, якія звярнуліся ва ўстанову, 11 былі шпіталізаваны з даволі сур’ёзнымі траўмамі, у тым ліку трое ў рэанімацыю, двое прааперыраваны.
Траўмы, атрыманыя пры катанні, у першую чаргу на электрасамакатах і веласіпедах, а таксама манаколах, адносяцца да высокаэнергетычных, якія могуць суправаджацца цяжкімі наступствамі як для здароўя, так і жыцця. Сродкі персанальнай мабільнасці маюць невялікія колы, і чым яны менш, тым больш транспартны сродак адчувальны да розных няроўнасцяў на дарозе, а значыць вышэй шанец упасці. Другая небяспека — высокая хуткасць.
— Нават 25 км у гадзіну — гэта вельмі высокая хуткасць, яе больш чым дастаткова для таго, каб атрымаць сур’ёзную траўму, упаўшы, — адзначае Міхаіл Талабаеў. — Я апытваю пацярпелых дзяцей, і больш за палову з іх не разумеюць, чаму яны ўпалі, бо не ведаюць, на што наехалі. Гэта значыць перашкода ці ямка былі такія маленькія, што дзіця нават не заўважыла.
Простыя правілы для веласіпедыстаў
Катаючыся на электрасамакаце, веласіпедзе, монаколе, трэба выбіраць спецыяльна адведзеныя месцы — хаця б таму, што там менш магчымасцяў сустрэць перашкоды і няроўнасці. А значыць, меншая верагоднасць упасці ці ў кагосьці ўрэзацца.
Яшчэ адно важнае правіла — сродкі індывідуальнай абароны. У прыватнасці, шлем, а таксама накаленнікі, налакотнікі і інш., якія выратуюць ад сур’ёзнай траўмы.
Асцярожна, вокны
З надыходам цяпла актуальнай становіцца яшчэ адна небяспека — выпадковае падзенне з вокнаў. Гэта здараецца, як правіла з дзецьмі ад 2 да 10 гадоў. Маленькія дзеці, якія толькі навучыліся хадзіць, залазяць на крэсла, на табурэт, і калі акно адкрыта, могуць выпасці. Таму ў кватэры, дзе ёсць такія малыя, акно павінна мець абмежавальнік альбо заўсёды быць зачыненым.
Пагроза для больш старэйшых дзяцей, пасля 5-6 гадоў — маскітныя сеткі.
— Старэйшае дзіця разумее, што акно яго трымае, і ён не ўпадзе. Такое ж стаўленне ў дзяцей і да маскітнай сеткі, але, на жаль, яны не абараняюць — дзеці выпадаюць разам з імі. І тут адзіны спосаб засцерагчыся — гэта абмежавальнікі на вокны нараўне з тлумачэннямі для дзіцяці, — падкрэсліў Міхаіл Талабаеў.
Як дадаў галоўны ўрач 6-й гарадской клінічнай бальніцы, галоўны пазаштатны траўматолаг-артапед Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Віктар АНОСАЎ, падзенні з вышыні не абмяжоўваюцца адкрытымі вокнамі. Дзіцячыя траўматолагі назіраюць пэўныя пікі, калі з’яўляюцца майскія жукі, паспявае чарэшня, яблыкі. Усё гэта з’яўляецца аб’ектам цікавасці дзяцей. Дарослыя павінны папярэджваць, што можна паслізнуцца і зваліцца з дрэва, а таксама расказваць, да чаго прыводзяць траўмы.
Алена КРАВЕЦ