Top.Mail.Ru
80

Траўматызм зніжаецца, але рызыкі застаюцца: у ФПБ назвалі найбольш распаўсюджаныя парушэнні аховы працы

Тэхнічныя інспектары працы вызначылі найбольш частыя парушэнні патрабаванняў аховы працы, якія выяўляюцца ў арганізацыях розных галін. Высновы зроблены на аснове аналізу практыкі грамадскага кантролю.


У ліку найбольш распаўсюджаных парушэнняў — нездавальняючы стан і арганізацыя працоўных месцаў. Размова ідзе аб загрувашчванні праходаў, няспраўнасці вытворчага абсталявання, адсутнасці або неналежным выкарыстанні спецадзення, сродкаў індывідуальнай абароны. Падобныя фактары напрамую павялічваюць рызыку траўміравання работнікаў.

Занепакоенасць выклікае адсутнасць ці фармальны падыход да распрацоўкі інструкцый па ахове працы. У шэрагу арганізацый яны састарэлі, не ўлічваюць спецыфіку працоўных працэсаў або не даведзены да работнікаў. У выніку работнікі не маюць дакладнага разумення бяспечных метадаў выканання сваіх абавязкаў.

Яшчэ адно распаўсюджанае парушэнне — фармальны падыход да навучання і праверкі ведаў па ахове працы. Правядзенне навучання «для птушачкі» і адсутнасць рэальнай ацэнкі ведаў істотна зніжаюць гатоўнасць работнікаў да дзеянняў не толькі ў няштатных сітуацыях, але і ў звычайных працоўных буднях.

Аналагічная сітуацыя складваецца і пры правядзенні інструктажоў: нярэдка яны праходзяць без належнай прапрацоўкі рызык і практычных аспектаў бяспекі.

Дарэчы, летась па патрабаванні прадстаўнікоў прафсаюза 103 работнікі і службовыя асобы адхілены ад работы і накіраваны на нечарговую праверку ведаў па пытаннях аховы працы.

Як адзначыў галоўны тэхнічны інспектар працы ФПБ Павел Манько, кожнае з гэтых парушэнняў не з’яўляецца несур’ёзным або бяскрыўдным. Наадварот, іх сукупнасць сведчыць аб недастатковай дысцыпліне ў пытаннях аховы працы і стварае перадумовы для траўміравання работнікаў. Любая недапрацоўка — сама па сабе або ў спалучэнні з іншымі фактарамі — можа прывесці да трагічных наступстваў.

— У цэлым у краіне захоўваецца тэндэнцыя да зніжэння вытворчага траўматызму. Аднак гэта не нагода для самазаспакаення. Дасягнутыя вынікі з’яўляюцца наступствам сістэмнай, сумеснай работы з сацыяльнымі партнёрамі, — падкрэсліў Павел Манько.

У сваю чаргу прафсаюзы вядуць комплексную работу па прафілактыцы траўматызму. У рамках грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове працы выяўляюцца патэнцыйныя рызыкі і выпрацоўваюцца меры па іх устараненні ва ўзаемадзеянні з наймальнікамі і работнікамі.

Так, летась выяўлена каля 58 тысяч парушэнняў патрабаванняў аховы працы. Фактычна гэта азначае прадухіленне тысяч магчымых няшчасных выпадкаў. Прыпынена эксплуатацыя 1,3 тысячы адзінак вытворчага абсталявання і тэхнікі, якія ўяўлялі пагрозу для работнікаў.

Важным напрамкам у рабоце па прафілактыцы траўматызму застаецца навучанне. Прафсаюзы на пастаяннай аснове праводзяць семінары і практыкумы, у тым ліку на базе буйных прадпрыемстваў, з акцэнтам на разбор рэальных вытворчых сітуацый і фарміраванне практычных навыкаў бяспекі працы.

Галоўны тэхнічны інспектар працы ФПБ падкрэсліў: эфектыўная сістэма аховы працы патрабуе комплекснага падыходу, пастаяннага кантролю і ўцягнутасці ўсіх удзельнікаў вытворчага працэсу. Ключавая задача — не толькі выяўляць парушэнні, але і фарміраваць устойлівую культуру бяспекі на працоўных месцах.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю