Арганізатары расказалі, чым парадуе юбілейны забег.
Самай маштабнай бегавой падзеі краіны — 10 гадоў. Сёлета Мінскі паўмарафон адбудзецца 7 верасня. Спартыўнае свята традыцыйна збярэ на сталічных вуліцах некалькі тысяч аматараў бегу. І, як звычайна, арганізатары падрыхтавалі нямала навінак.
«7 верасня на старт выйдуць каля 25 тысяч удзельнікаў, сярод якіх ужо зарэгістраваны прадстаўнікі адзінаццаці краін. Мы адкрытыя і вельмі хочам, каб наш паўмарафон набіраў папулярнасць. Разам з Беларускай федэрацыяй лёгкай атлетыкі мы працуем над павышэннем узроўню правядзення гэтага мерапрыемства, і з года ў год усё змяняецца ў лепшы бок. Думаю, бегуны гэта бачаць, адчуваюць, і мы атрымліваем ад іх станоўчыя водгукі. Месца старту каля Нацыянальнага алімпійскага стадыёна «Дынама» і фініш у яго чашы вельмі спадабаліся нашым удзельнікам. Яны адчуваюць сваю датычнасць да галоўнага лёгкаатлетычнага аб’екта краіны. Гэта вельмі выдатна», — адзначыў першы намеснік міністра спорту і турызму Аляксандр Дараховіч.
Сярод удзельнікаў Мінскага паўмарафону ў 2025 годзе ўжо значацца прадстаўнікі дванаццаці краін: Беларусі, Расіі, Азербайджана, В’етнама, Германіі, Егіпта, Ізраіля, Казахстана, Кітая, Польшчы, Турцыі і Філіпін.
Мінскі паўмарафон традыцыйна праходзіць у рамках святкавання Дня горада. Любоў да сталіцы адлюстраваная на медалях і на майках. На памятных узнагародах, якія атрымае кожны ўдзельнік паўмарафону, -- выявы самых вядомых славутасцяў беларускай сталіцы. Цэнтральнае месца сярод іх займаюць вароты Мінска — візітная картка горада — іх убачаць і амаль усе ўдзельнікі забегаў, якія прыедуць з іншых гарадоў. Намаляваны таксама Вялікі тэатр Беларусі, Палац спорту, Беларускі дзяржаўны цырк, манумент Перамогі, стэла «Мінск — горад-герой», міма якіх праходзяць трасы дыстанцый, і, вядома, Нацыянальны алімпійскі стадыён «Дынама», які ўжо чацвёрты год гасцінна расчыняе свае дзверы для бегуноў. Вядомы слоган Мінскага паўмарафону «Бяжым разам» да юбілею абнавіўся — «10 гадоў бяжым разам». І сапраўды ўжо 10 гадоў Мінскі паўмарафон аб’ядноўвае актыўных і спартыўных людзей розных узростаў.
Новаўвядзенне гэтага года, актуальнае для ўдзельнікаў, заключаецца ў тым, што сёлета выдаваць стартавыя пакеты ў дзень спаборніцтваў не будуць. Атрымаць іх трэба загадзя. Магчыма, для ўдзельнікаў гэта і не так зручна, але такі падыход дазваляе мінімізаваць рызыку памылак і істотна аптымізаваць работу стартава-фінішнага гарадка, растлумачылі арганізатары. Таксама ў зоне «Экспа» Мінскага паўмарафону ўпершыню будзе арганізаваны лекторый, у рамках якога госці і спікеры падзеляцца з прысутнымі вопытам, карыснымі парадамі.

Мінскі паўмарафон — гэта больш чым проста забегі, гэта цэлае свята. Партнёры падрыхтавалі мноства тэматычных лакацый і пляцовак. Прэзідэнцкі спартыўны клуб на тэматычнай пляцоўцы «Спорт для ўсіх» абяцае насычаную актыўную праграму для аматараў здаровага ладу жыцця. У звыклую праграму забегаў дадалі новую дыстанцыю — для бегуноў з абмежаванымі магчымасцямі. Раней яны маглі ўдзельнічаць у забегу на 5 кіламетраў, але без чыпа электроннага хранаметража. Аднак сёлета арганізаваны асобны сацыяльны «Фан-забег» на тры кіламетры. Рэгістрацыя на яго бясплатная, а на фінішы ўсіх удзельнікаў чакае медаль. Сямейны забег з дзецьмі да 12 гадоў застаўся нязменным. У гэтым годзе да мерапрыемстваў у рамках Мінскага паўмарафону далучыўся Беларускі Чырвоны крыж з дабрачыннай акцыяй «Ёлка жаданняў».
Рэгістрацыя на Мінскі паўмарафон — 2025 ідзе поўным ходам, свабодныя слоты яшчэ ёсць. Але тым, хто плануе сёлета выйсці на старт, арганізатары раяць не чакаць доўга і зарэгістравацца ўжо цяпер.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі