Top.Mail.Ru

Традыцыі і ноу-хау аршанскага ільнокамбіната — у чым яны?

Этнографы мяркуюць, што менавіта культура вырошчвання лёну шмат у чым сфарміравала беларускую ментальнасць: дакладнасць і адказнасць, уменне «трымаць удар» і дамагацца мэты, якім бы доўгім ні быў шлях. Капрызны і пераборлівы, лён дае ўраджай на адным полі толькі раз на сем гадоў, патрабуе глыбокіх агранамічных ведаў, уразлівы да хвароб і шкоднікаў, больш за іншыя расліны пакутуе ад пустазелля. Стварэнне тканіны з лёну — найскладанейшы тэхналагічны працэс. Але вынік варты намаганняў. Хто пасее лён — пажне золата, казалі ў старажытнасці.


Аршанскі льнокамбінат — адно з высокатэхналагічных прадпрыемстваў беларускай лёгкай прамысловасці. Але нягледзячы на тое што многія працэсы рабатызаваныя, сутнасць тэхналогіі засталася нязменнай, праверанай стагоддзямі. Мы адправіліся на гэта ўнікальнае прадпрыемства, каб на ўласныя вочы ўбачыць тандэм традыцый і ноу-хау, даведацца пра беларускі лён, а можа быць (калі верыць этнографам) — і пра саміх сябе...

Сучасныя станкі і спрадвечныя тэхналогіі

— На постсавецкай прасторы няма такіх прадпрыемстваў, як наша, — распавядае намеснік генеральнага дырэктара Аршанскага льнокамбіната Сяргей Сідзін.

У Савецкім Саюзе камбінатаў з поўным цыклам перапрацоўкі лёну было чатырнаццаць. Найбуйнейшы — у Оршы, але падобныя прадпрыемствы былі таксама ў Літве, Украіне, Расіі. Сёння некалькі прадпрыемстваў у СНД пазіцыянуюць сябе як ільнокамбінаты, але ў іх няма поўнага ланцужка атрымання тканіны: яны працуюць на льнозмяшчальных кітайскіх пражах, тлумачыць спецыяліст.

— І толькі ў Беларусі захаваўся поўны цыкл вытворчасці льняных тканін. На адной тэхналагічнай пляцоўцы (шэсць фабрык, 47 га агульнай плошчы) перапрацоўваецца любы лён: ад самых ніжніх да самых высокіх нумароў, — тлумачыць суразмоўца.

Фабрык шэсць, мы ідзём на другую. Сёння камбінат выпускае больш за 2,5 тысячы артыкулаў ільняных тканін: памякчаны лён, лён з рознымі эфектамі і г. д.

— МАЗ, БелАЗ, МТЗ, безумоўна, — сімвалы сучаснай беларускай прамысловасці. Але ж МАЗ турыст дадому не павязе. А льняныя вырабы абавязковыя ў спісе пакупак любога госця нашай краіны, — кажа Сяргей Сідзін. — І гэта сапраўды «душа Беларусі», невыпадкова ж кветкі лёну — на нашым гербе. Мы праходзім увесь шлях: ад беларускай сыравіны да выпуску гатовай тканіны, гэта наша праца і нашы тэхналогіі. А сам тэхналагічны працэс, як бачыце, даволі складаны.

Першы цэх — прадзільна-падрыхтоўчы, тут стаіць ільночасальнае абсталяванне. Машыны фарміруюць стужку, папярэдне чысцячы лён ад прымесяў і цвёрдых валокнаў. Стужка паступае на стужачную сістэму і затым — на роўнічную машыну. Тут выпрацоўваецца суровая роўніца. Яна намотваецца на шпулькі, і далей яе шлях ляжыць у цэх бялення, тлумачыць майстар прадзільна-падрыхтоўчага цэха Марына Мурашка.

— У цэхах камбіната ёсць машыны, якія нідзе больш не выкарыстоўваюцца, — расказвае Сяргей Сідзін. — Гэта абсталяванне спецыяльна вырабляецца для Аршанскага льнокамбіната, бо такія вытворчасці, як наша, у свеце адзінкавыя.

Справа — у адмысловым тэхналагічным працэсе, які ўключае мноства складаных прыёмаў, унікальных у цэлым для сусветнай тэкстыльнай прамысловасці. Напрыклад, толькі лён прадзецца мокрым спосабам, астатнія валокны — сухім.

У цэху бялення льняная роўніца адбельваецца або афарбоўваецца: палітра ўключае больш за сотню колераў і адценняў, кажа начальнік прадзільна-адбельвальнага цэха Аляксей Міцін. Але часам яе прыродны колер захоўваюць і замацоўваюць — гэты тон сам па сабе вельмі прыгожы: шаравата-залацісты, як нязыркае паўночнае сонейка або як косы беларускіх дзяўчат. Адбеленая роўніца паступае ў прадзільны цэх, дзе на прадзільных машынах ператвараецца ў ільняныя ніткі — пражу. Калі пража на верацёнах высыхае, яе падаюць у наступны цэх. Тут ніткі пераматаюць на бабіны і адправяць на снавальнае і шліхтавальнае абсталяванне, дзе ствараецца аснова для ткацкага станка. І, нарэшце, наступны этап — ткацкі цэх, дзе і выпрацоўваецца тканіна.

У працэс мадэрнізацыі за апошнія 12 гадоў прадпрыемства ўклала больш як 200 млн долараў, адзначае намеснік генеральнага дырэктара. Аўтаматызавана большасць тэхналагічных ланцужкоў, і гэта дазволіла на выхадзе атрымліваць прадукцыю сусветнага ўзроўню.

— Напрыклад, раней цэлая брыгада — каля 45 чалавек — на стэндах рэстаўрыравала тканіну. Старыя станкі дапускалі прарэхі ткацтва, якія патрабавалася ліквідаваць уручную. Сучаснае абсталяванне працуе ў 3,5 раза хутчэй і не дапускае ніякіх хіб. Так што прафесія «рэстаўратар тканіны» памерла, а людзей мы перавучылі, — распавядае Сяргей Сідзін. — Раней мы не займаліся таксама фінішным аздабленнем. Цяпер спажыўцы хочуць атрымаць розныя льняныя тканіны. І ў нас ёсць машыны, якія дазваляюць вырабляць, напрыклад, памякчаныя льняныя тканіны.

Трэнд на натуральнасць

Сёння прадукцыя аршанскага льнокамбіната пастаўляецца ў 43 краіны свету, уключаючы такія далёкія пункты, як Японія або ЮАР. На экспарт ідзе больш за 80 % прадукцыі камбіната, беларускі рынак спажывае толькі каля 12–15 %. У Еўропе ёсць паняцце «льнозмяшчальная тканіна», расказвае Сяргей Сідзін. Нават калі ў тканіне мізэрны працэнт лёну, яна маркіруецца як ільняная, і гэта нязменна выклікае цікавасць пакупнікоў. Бо льняная тканіна, паветрапранікальная і гіграскапічная, надзеленая антысептычнымі ўласцівасцямі, узначальвае спіс найбольш спрыяльных для здароўя чалавека тканін. Напрыклад, устаноўлены факт: у льняным адзенні ў спякоту чалавек адчувае навакольную тэмпературу на 4 градусы халаднейшай, а ў халады — на 4 градусы цяплейшай. У нашых шыротах трэнд на натуральнасць пакуль многім незразумелы, кажа суразмоўца.

— Вядома, натуральныя льняныя тканіны мнуцца, у адрозненне ад сінтэтыкі. У еўрапейскіх краінах высакародная мятасць лёну паказвае паспяховасць чалавека: ён можа дазволіць сабе натуральныя (то-бок зусім не танныя) тканіны. Мы пакуль да гэтага не гатовыя: часам наш спажывец жыве састарэлымі паняццямі. 40 гадоў таму лёгкая прамысловасць па ўсім свеце агрэсіўна праводзіла рэкламу сінтэтычных тканін, таму што яны таннейшыя і прасцейшыя ў вытворчасці. На лёне станок працуе на хуткасці 450 абаротаў у хвіліну, на сінтэтыцы — 700 абаротаў у хвіліну. Сінтэтыку не трэба прасаваць, яна лёгка мыецца, хутка высыхае... А што насіць яе шкодна для здароўя — тады на гэта ніхто не звяртаў увагі. Цяпер іншы трэнд — на натуральнае і экалагічнае. І наша грамадства да гэтага таксама прыходзіць, хоць і павольна. Зрэшты, за апошнія 10 гадоў у гэтых адносінах зроблены найшырэйшы крок наперад. У тым ліку дзякуючы і нашым намаганням: мы хочам вярнуць беларусам тое, што належыць ім ад нараджэння.

Якасць прадукцыі для кожнага супрацоўніка на Аршанскім ільнокамбінаце — пытанне асабістай самапавагі, лічыць майстар прадзільнага цэха Алеся Сяверына. Яна кажа, што лён — жывы і адчувае настрой людзей, якія з ім працуюць.

— Сёлета мы атрымалі мноства ўзнагарод у галіне якасці, — падкрэслівае Сяргей Сідзін. — Вяршыняй стала атрыманне ў ліку 17 прадпрыемстваў Беларусі Дзяржаўнага знака якасці. Гэтай высокай ацэнкай адзначаны камплект пасцельнай бялізны з чыстага лёну з вышыўкай. Мы змясцілі на бялізне нашы беларускія кветкі — канюшыну, папараць-кветку (як мы яе сабе ўявілі), валошкі, рамонкі, кветкі яблыні. Сувязь з беларускай гісторыяй і традыцыямі — у аснове нашага брэнда. Хочам паказаць: мы — беларусы, наша культура — найбагацейшая, мы ў сям’і еўрапейскіх народаў некалькі тысяч гадоў. Наша прадукцыя — беларуская, а значыць, якасць яе — высокая.

Дарэчы, першую ўзнагароду ў галіне якасці Аршанскі льнокамбінат атрымаў у 1963 годзе (ён быў прызнаны тады найлепшым тэкстыльным прадпрыемствам Савецкага Саюза), а савецкі Знак якасці з’явіўся ў 1966-м. Праз тры дзесяцігоддзі Аршанскі льнокамбінат стаў адзіным прадпрыемствам на постсавецкай прасторы, што мае сертыфікат адпаведнасці сваёй прадукцыі стандартам ІDІTEX: на гэтыя стандарты якасці арыентуюцца модныя дамы з сусветным імем, выбіраючы тканіны для сваіх калекцый.

У тэму

«Нефарматную» калекцыю льнянога адзення стварылі ў Оршы

Пашыў хатняга тэкстылю Аршанскі льнокамбінат асвоіў у 2012 годзе. Наступным этапам (упершыню — у 2018-м) стала стварэнне аўтарскіх калекцый адзення.

— Мы заўважылі, што на нас многія зарабляюць, — тлумачыць намеснік генеральнага дырэктара Аршанскага льнокамбіната Сяргей Сідзін. — Так, у еўрапейскіх брэндаў тканіна вырабу каштуе, дапусцім, 30 еўра, а сам выраб прадаецца ўжо за 500...

Прадпрыемства заключыла дагавор з двума маладымі амбіцыйнымі мадэльерамі, студэнтамі ВДТУ — Мікітам Захарчуком і Кірылам Урбанам. І іх першая ж калекцыя з аршанскага лёну на конкурсе Вячаслава Зайцава ў 2023 годзе з трох сярэбраных феніксаў, найвышэйшых узнагарод конкурсу, заваявала два. Камбінат на пастаяннай аснове супрацоўнічае з Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам і не абмяжоўвае фантазію будучых дызайнераў. Напрыклад, сёлета акрамя асноўнай калекцыі з аршанскага лёну распрацавана і калекцыя № 2 — для «нефарматных» жанчын.

— Калекцыі ствараюцца ў розных памерах, але першапачаткова дызайнеры малююць іх менавіта для дзяўчат мадэльнай знешнасці, — распавядае Сяргей Сідзін. — Мадэляў адзяваць лёгка, на іх усё выглядае добра. Але насамрэч мадэльная знешнасць — хутчэй выключэнне, чым правіла. І хто сказаў, што гэта дрэнна? Калі наша пакупніца ніжэйшая за мадэльныя 180 см, у яе іншыя параметры замест 90-60-90 і яна старэйшая за васямнаццацігадовых — ці значыць гэта, што дызайнеры павінны абысці яе сваёй увагай? Не. Бо сапраўдная прыгажосць — гэта ў першую чаргу індывідуальнасць. І менавіта жанчына, якая не валодае мадэльнай знешнасцю, для кагосьці — самая прыгожая і самая каханая. Зыходзячы з гэтага пасылу, мы і стварылі нашу «нефарматную» калекцыю і цяпер чакаем зваротнай сувязі ад пакупніц.

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Загаловак у газеце: Паўночны шоўк

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю