Top.Mail.Ru
153

Традыцыя несці святло: «Мітрапалітава ёлка» аб’яднала сем’і святароў

Немаўляткі ўтульна ўладкаваліся на руках шмат каго з татаў-святароў — нават на свецкую імпрэзу яны прыйшлі ў адмысловых чорных строях, за якімі адразу можна было пазнаць прадстаўнікоў Царквы, але ж неабходна было падтрымаць жонак у мітусні свята, якім трэба было паспець сачыць за дзецьмі.



А шматдзетныя сем’і святароў — зусім не рэдкасць. Мамы клапатліва распраўлялі прыгожыя сукенкі маленькіх дзяўчынак і ледзь стрымлівалі гарэзлівых сыночкаў, якія былі гатовыя адразу бегчы туды, адкуль даносіліся музыка і спевы прыгожых «калядак», і наогул столькі ўсяго цікавага абяцала ім Мітрапалітава ёлка, якая прайшла падчас Святак у сценах Вялікага тэатра Беларусі для сем’яў святароў. 

— З розных куткоў нашай краіны прыязджаюць сем’і і далучаюцца да высокага мастацтва. Тут толькі малая частка тых, хто хацеў бы паглядзець ёлку, паўдзельнічаць і пазнаёміцца з тым, што папярэднічае пастаноўцы, бо яшчэ да ўвахода ў саму залу адбываюцца цікавыя праграмы, якія займаюць дзяцей — для іх гэта важна. Яны хочуць як мага больш пабыць у радасці Нараджэння Хрыстовага. Сённяшняе свята аб’яднала ў адну сям’ю людзей, якія прыехалі з розных куткоў нашай краіны. На маю думку, яно мае добрае развіццё, — адзначыў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Далей, у зале, ён звярнуўся да дзетак з прамовай, у якой нагадаў пра паходжанне свята, якое стала пераломным у гісторыі ўсяго чалавецтва: як Хрыстос быў маленькім хлопчыкам, пры гэтым заўсёды заставаўся Богам. Як пакутаваў разам з бацькамі, але жыў дзеля людзей. І ўсё гэта Гасподзь зрабіў, каб паказаць сваю любоў да кожнага з нас. 

У зале лавілі кожнае слова! Дзеці — маленькія і вялікія, перш чым сустрэцца з мастацтвам, нібыта атрымлівалі магчымасць зразумець, адкуль у нашым чалавечым свеце бяруцца таленты, здольныя ствараць цудоўныя творы. Святочную праграму падрыхтавалі артысты Вялікага тэатра Беларусі і калектыў Братэрства Іаана Багаслова з удзелам Мітрапалітава хору, дзетак — наведвальнікаў Нядзельнай школкі і ўдзельнікаў працоўнай майстэрні для людзей з інваліднасцю. А пасля інтэрактыўнай і канцэртнай часткі чакала опера паводле Пушкіна «Казка пра цара Салтана» кампазітара Рымскага-Корсакава. І ведаеце — дзеці ішлі з поўным разуменнем, што тут усё сур’ёзна. 


Ілья, старэйшы з чатырох дзяцей айца Цімафея (Латушкі) Багаяўленскага прыхода, што ў сталічным мікрараёне Уручча, прызнаўся: 

— На «Мітрапалітавай ёлцы» мы другі раз. Вельмі падабаецца, тут цікавыя выступленні, можна паслухаць жывую музыку, спевы. У Вялікі тэатр часам мы ходзім і самі, напрыклад, паглядзець балет. 

— А свята — гэта магчымасць сустрэцца са знаёмымі і сябрамі з іншых прыходаў. Прыемна, што для нас прыдумваюць новыя прадстаўленні, — дадае яго сястра Васіліса. 

Маленькая і хударлявая матушка Марыя з чатырма дзеткамі прыехала са Свята-Елізавецінскага манастыра, дзе служыць святаром яе муж: 

— Вельмі патрэбна, каб і бацюшкі адзін з адным кантактавалі, і матушкі. І для дзетак гэта вельмі карысна — каб бачылі, якая ў храме сіла, што царква наша развіваецца, аднаўляецца, дзякуй богу. 

Святлана Ледвіг, прыгожая і вытанчаная маці пяці дзетак, жонка дыякана прыхода Пакрова Прасвятой Багародзіцы:

— Важна тое, што перадаецца традыцыя. Для дзяцей гэта будзе цудоўны ўспамін, яны вырастуць з разуменнем, што ёсць сямейныя каштоўнасці, традыцыі, што свята Нараджэння Хрыстовага — гэта свята святла, міру. Што Гасподзь прыйшоў на гэтую зямлю, каб мы жылі і рабілі дабро іншым. Самае галоўнае — падтрымліваць святло, перадаваць яго сваім дзецям, вучыць іх быць добрымі і несці людзям любоў. 

Ларыса ЦІМОШЫК
Фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю