Свята дабрыні і надзеі, клопату і ўвагі з падарункамі і прыемнымі сюрпрызамі для выхаванцаў Дома дзіцяці прайшло ў папраўчай калоніі № 4 Упраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў МУС па Гомельскай вобласці.
Павіншаваць адрасатаў дабрачыннай рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці» і праекта «Партыя - дзецям» напярэдадні Раства прыехала старшыня Беларускай партыі «Белая Русь» Вольга Чамаданава.
Значэнне такіх сустрэч, што дораць не толькі забавы, прыемныя сюрпрызы, але і жывыя цёплыя зносіны, цяжка пераацаніць. На гэта звярнула ўвагу Вольга Чамаданава і падкрэсліла, што Беларуская партыя «Белая Русь» не першы год наведвае Дом дзіцяці пры папраўчай калоніі № 4. Бо самае галоўнае — гэта ўвага і цяпло, якія кожнае дзіця чакае ад сваёй мамы, ад сваіх блізкіх, ад сваёй сям’і. І свята, што дорыць рэспубліканская акцыя «Нашы дзеці» і праект «Партыя - дзецям» дапамагае стварыць гэту сямейную навагоднюю атмасферу.
— Вядома, для нас вельмі важна сёння ўдзяліць увагу кожнаму дзіцяці. Чужых дзяцей не бывае! Дзе б яны не знаходзіліся, у якім бы месцы, у якім бы рэгіёне. Гэта нашы дзеці, дзеці нашай краіны, нашы беларусы. Для нас, дарослых, прынцыпова важна сёння сапраўды быць побач, асабліва напярэдадні Раства. І не проста перадаць падарункі, не проста з імі разам патанцаваць у карагодзе, а самае галоўнае, яшчэ раз засяродзіць увагу абсалютна ўсіх дарослых на тым, што дзеці павінны расці ў сям’і, — падкрэсліла старшыня Беларускай партыі «Белая Русь».
Вольга Чамаданава таксама адзначыла, што акцыя «Нашы дзеці», шматлікія навагоднія святы для дзяцей, якія працягваюцца да 15 студзеня, наглядна сведчаць, што ў Беларусі пытанням дзяцінства і сямейнага выхавання надаецца асаблівая ўвага.
— Упэўнена, што такая добрая традыцыя Беларусі будзе працягвацца, вырастуць наступныя пакаленні, якія падхопяць акцыю, магчыма, унясуць нейкія свае карэктывы ў тое, каб акцыя была яшчэ больш маштабная. Гэта традыцыя, якая вучыць дабру! І дзеці, паверце, вырастуць і будуць перадаваць гэта сваім дзецям, унукам, наступным пакаленням, бо такая справа павінна працягвацца, — пераканана Вольга Чамаданава.
Старшыня Беларускай партыі «Белая Русь» выказала падзяку жыхарам Мінска і педагагічнаму складу ўстаноў адукацыі сталіцы, неабыякавым бацькам, якія набылі памятныя падарункі для выхаванцаў Дома дзіцяці папраўчай калоніі № 4 Упраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў МУС па Гомельскай вобласці. Начальнік Дома дзіцяці Марыя Запарованная, у сваю чаргу, падкрэсліла, што дзяржава прыкладае ўсе намаганні для таго, каб дзеці ні ў чым не мелі патрэбы. Яна адзначыла, што з 2019 года ў папраўчай калоніі № 4 створаны ўмовы для сумеснага пражывання маці і дзіцяці, забяспечана педагагічнае суправаджэнне і медыцынская дапамога.
— Прыкладаем усе намаганні, каб дзеці развіваліся, былі здаровыя, каб ні ў чым не мелі патрэбу, — падзякавала за арганізаванае для выхаванцаў свята Марыя Запарованная.
Наталля КАПРЫЛЕНКА,
фота ТК «Гомельшчына афіцыйна»