Шанс змяніцца ёсць заўсёды і ў кожнага. Варта толькі разгледзець падказкі, як выбраць для сябе правільны маршрут. І ў гэтым часам можа дапамагчы і літаратура. А каб ваш выбар быў асэнсаваны, прапануем пазнаёміцца з чарговай падборкай кніжных навінак «Выдавецкага дома «Звязда».
Самыя лепшыя лекі
Хоць камедыю і называюць лёгкім жанрам, але выклікаць шчырую ўсмешку — цэлае мастацтва, асабліва калі назапасілася шмат праблем і здаецца, быццам ужо ні на што не засталося сіл. Тады якраз і можа дапамагчы добрая камедыя, задача якой не толькі рассмяшыць, але і заклікаць падумаць аб чымсьці важным, дапамагчы паверыць, што любыя непрыемнасці можна пераадолець, прычым здзяйсняльна тое з самымі лепшымі лекамі — са смехам. Так, у зборніку «Усміхайцеся» Улады Альхоўскай чытачам прапанаваны чатыры творы ў згаданым жанры, кожны з якіх дае магчымасць адкрыць для сябе жыццё з новых ракурсаў, вучыцца ў кніжных герояў выходзіць з розных кур’ёзных сітуацый і, вядома, павесяліцца разам з імі. Напрыклад, у камедыі «Хутар, прэстыж і коцік» мы назіраем сапраўднае сутыкненне светапоглядаў прадстаўнікоў розных пакаленняў, але для ўсіх іх аднолькава каштоўным з’яўляецца шчасце блізкіх і ўменне адрозніваць сапраўднае ад навязанага знешнім светам. І ў працэсе пошуку сваіх арыенціраў у жыццёвай сістэме каардынат усіх нас чакаюць захапляльныя прыгоды.
Не менш цікавымі і поўнымі адкрыццяў з’яўляюцца і камедыі «Тытанавая ведзьма», «Мама, гэта прызрак і мы ажэнімся» і «Поўнач. Магія. Новы год». Іх героі часам вельмі падобныя на ўсіх нас, таму чытайце, узбагачайцеся вопытам і зараджайцеся пазітывам.
Дзе жывуць падтрымка і радасць?
Кніга Марыны Бялясавай «Сабачка, які любіць чарніцы» знаёміць чытачоў з гісторыяй сабачкі Міі. Назіраючы за паводзінамі гэтай казачнай гераіні, можна пераканацца, што добрыя ўчынкі вяртаюцца да нас дабром і ствараюць ланцужок узаемадапамогі, сяброўства і любові. Мія любіць чарніцы і дапамагаць лясным жыхарам. А яны ў адказ на яе клопат падтрымліваюць сабачку ў складаную хвіліну. Такім чынам казка вучыць юных чытачоў разумець каштоўнасць сяброўскіх узаемаадносін і таму, як нават маленькая дапамога можа паўплываць на жыццё вялікай супольнасці. Твор таксама наглядна дэманструе важнасць працавітасці, уважлівасці да ўсяго і ўсіх, хто знаходзіцца побач. Карысным выданне будзе не толькі для сямейнага чытання, але і для настаўнікаў-псіхолагаў, выхавацеляў. Акрамя самой гісторыі, на старонках змешчаны яркія ілюстрацыі мастака Марыі Казяк, рэкамендацыі псіхолага, загадкі, прымаўкі, якія гарантавана зробяць вашу сустрэчу з кнігай запамінальнай.
Незвычайныя сябры
З імі мы сустракаемся за прачытаннем аднайменнай аповесці Анатоля Байдака. Яе галоўныя героі — звычайныя школьнікі... але з розных часавых вымярэнняў. Кожны з іх пражывае шмат самых розных сітуацый, у якіх фарміруецца характар, знаходзяцца формулы, як перамагаць сілу большасці, як адстойваць сябе. Назіраючы за героямі аповесці чытачы могуць ацаніць перавагі сучаснага і мінулага, прычым часам тое жыццё, якім яно было раней, выглядае нават больш прывабна. Мяркуйце самі, ці можа быць штосьці цікавей за футбол з сябрамі альбо рыбалкі з татам... З героямі кнігі чытач перажыве гэтыя і шмат іншых яркіх эпізодаў, паразгадвае таямніцы мінулага, вызначыць для сябе прыкметы сапраўднага сяброўства і ўнікальнасці асобы, а можа, знойдзе годныя прыклады для пераймання.
Алена ДРАПКО